Вы здесь
Архімандрыт Кірыл служыць хоцімскай зямлі і хацімчанам ужо 60 год Личность 

Архімандрыт Кірыл служыць хоцімскай зямлі і хацімчанам ужо 60 год

Чалавек бясконцага чалавекалюбства, ігумен Свята-Троіцкага сабора, Ганаровы грамадзянін Хоцімскага раёна архімандрыт Кірыл служыць хоцімскай зямлі і хацімчанам вось ужо 60 год.

Чалавек, у найвышэйшай ступені сціплы і непатрабавальны, на самой справе ён годны ўсіх тых ушанаванняў, якія заслужыў за доўгае і няпростае сваё жыццё.
Аксіас! Гэтым грэчаскім словам, якое азначае “годны”, спрадвеку выяўлялі хрысціяне любоў і падзяку сваім духоўным бацькам.
Архімандрыт Кірыл – сімвал веры на Хоцімшчыне. Падзвіжнік, збіральнік і летапісец. Гэта скарбніца думкі, чыстая крыніца ведаў. Апрача чатырох хоцімскіх храмаў і капліц, бацюшка Кірыл аднаўляў сам і дапамагаў аднаўляць іншым звыш дзясятка цэркваў на Магілёўшчыне і Браншчыне.
Але справа яго жыцця – гэта поўнае аднаўленне сабора Святой Жываначальнай Троіцы, які тыдзень за тыднем збірае веруючых з Беларусі, Расіі і Украіны. Дзякуючы невычэрпнаму энтузіазму і кіпучай дзейнасці настаяцеля Кірыла, сабор Святой Троіцы быў вернуты прыхаджанам і зноў стаў цэнтрам духоўнасці, светачам праваслаўя.
Гэта адбылося не адразу – працэс вяртання аднятай у народа святыні працягваўся больш трох дзесяцігоддзяў. Каб аднавіць сабор, настаяцель збіраў міласціну ў Мінску і Брэсце, у Магілёве і Оршы, у Смаленску і Бранску, у Санкт-Пецярбургу і Маскве, і, нават, хадзіў на прыём да Чубайса.
“На гарбу сваім цягнуў з Растова абразы і кнігі, ледзь не з вогнішчаў рукамі даставаў тое, што хацелі спаліць камуністы, і адбудаваў наш разбураны сабор Святой Троіцы. 60 гадоў без перапынку і адпачынку,” – так пераказваюць жыхары Хоцімска добрыя справы архімандрыта Кірыла.
Але нічога асаблівага ў сваёй працы Бацюшка не бачыць. Кажа, што ўсё гэта заслугі Госпада. “Храм пабудаваць цяжкасцяў няма. Адрамантаваць храм душы сваёй – вось тут праца, – лічыць ён. – Невыпадкова Ніл Сорскі казаў: “Памыслі пра Бога – і розум твой зробіцца небам”.
У гонар 50-годдзя вызвалення Хоцімска Бацюшка Кірыл пабудаваў Свята-Праабражэнскую царкву, дзе кожную суботу служыць паніхіды па воінах, загінуўшых у гады вайны і падчас выканання воінскіх абавязкаў. У спісе, які ён склаў, 11 тысяч імёнаў. Але спіс папаўняецца і зараз, а збіраць звесткі дапамагае ваенкамат і пашукоўцы.
А яшчэ ў гэтым храме служаць малебны аб спыненні абортаў – з гэтай просьбай да Айца Кірыла звярнуліся мясцовыя медыкі.
У сёмы раз у Хоцімск з’язджаюцца званары з розных епархій Беларусі і прымежнай Расіі, каб паказаць сваё майстэрства на званіцы Свята-Троіцкага сабора.
Не выпадкова менавіта тут стала традыцыяй штогод праводзіць нацыянальны фэст звону “Хоцімскія перазвоны”, бо саборная званіца – адна з лепшых у краіне, а кожны звон, некалі прывезены сюды ігуменам храма архімандрытам Кірылам, мае сваю гісторыю, узрост, непаўторны голас.
Дзякуючы Бацюшкі, для сабора быў адліты звон вагай 1280 кг. У Беларусі такі звон з’явіўся ўпершыню. Ёсць у яго яшчэ адно патаемнае жаданне – аднавіць саборны дабравест вагой шэсць тон. Магчыма, з Боскай дапамогай здзейсніцца і гэта мара. І шасцітонны звон ахіне дабравестам Беларусь і Расію, два братэрскія народы.
Іерархі Праваслаўнай Царквы годна ацанілі шчырую службу настаяцеля храма. У бытнасць белым святаром Айцец Алексій Бадзіч узнагароджаны НАБЕДРЫННІКАМ, КАМІЛАЎКАЙ, ЗАЛАТЫМ НАПЕРСНЫМ КРЫЖАМ, санам ПРОТАІЕРЭЯ і медалём Прападобнага Сергія Раданежскага; ордэнам Рускай Праваслаўнай Царквы ў імя Святога Роўнаапостальнага Вялікага князя Уладзіміра ІІІ ступені; САНАМ АРХІМАНДРЫТА; ордэнам Свяціцеля Кірыла Тураўскага ІІ ступені; знакам пастарскай улады – Посахам.
Хоць і на схіле гадоў, але прыйшла да падзвіжніка і свецкая слава. У 2002 годзе архімандрыт Кірыл атрымаў з рук Прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнкі прэмію “За духоўнае адраджэнне”.
У 2005 годзе райвыканкам уручыў настаяцелю храма дыплом “Чалавек года”. У лютым 2008 года яму быў уручан Падзячны ліст абласнога Савета дэпутатаў. У 2014 годзе архімандрыт Кірыл празнаны Ганаровым грамадзянінам Хоцімскага раёна. У 2017 годзе ігумен Свята-Троіцкага сабора ўзнагароджаны Ганаровай граматай Хоцімскага раённага выканаўчага камітэта.
Прыхаджане сардэчна віншуюць Айца Кірыла, таму што любяць і паважаюць настаяцеля сабора, свайго духоўнага бацьку. На споведзі яны давяраюць яму самыя патаемныя таямніцы душы. І ўбелены сівізной, дасведчаны святар дапамагае маральна і матэрыяльна. Ён добра ведае кожнага жыхара райцэнтра і наваколля, таму што амаль усе яны яго хрэснікі.
Да 60-годдзя служэння Архімандрыта Кірыла на Хоцімскай зямлі ў раённым гісторыка-краязнаўчым музее пройдзе выстава “Справа ўсяго жыцця. Архімандрыт Кірыл (Бадзіч)”. Вы зможаце ўбачыць старадаўнюю рызу, розныя кнігі са збору архімандрыта Кірыла і іншае.
Выстава пройдзе з 14 па 24 жніўня 2018 года. 14 жніўня адбудзецца адкрыццё выставы, якое можа наведаць кожны жадаючы, даведацца больш пра жыццё архімандрыта Кірыла, гісторыю сабора і іншае. Пачатак у 14.20, уваход свабодны.

Дар’я КОРНЕВА,
навуковы супрацоўнік Хоцімскага гісторыка-краязнаўчага музея

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 4,50 из 5)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲