Вы здесь
Нялегкі хлеб, ці як журналіст здабываў сваю скарынку Блог Ольги ЗАЙЦЕВОЙ 

Нялегкі хлеб, ці як журналіст здабываў сваю скарынку

Упэўнена, казку пра нецярплівага ваўка і працавітага чалавека ведаюць усе. Памятаеце, як гультаяватаму ваўку хацелася пакаштаваць лёгкага хлеба, а ў выніку ён застаўся ні з чым. У літаратуры яшчэ нямала прыкладаў, цэнтральнай тэмай якіх з’яўляецца ўслаўленне працы чалавека і высмейванне гультайства. У гэтым артыкуле карэспандэнт “ШК” паспрабавала за кароткі час “прымерыць на сабе” некалькі прафесій і прайсці шлях ад каласка да духмянага хлеба: папрацаваць на камбайне, пабываць на збожжатоку а\г Бярозкі і спячы сапраўдны хоцімскі хлеб па нашых традыцыйных рэцэптах. Што з гэтага атрымалася, чытайце далей.

Жнівеньская спякотная раніца. ”Жатва-2018” падыходзіць да завяршэння, большая частка ўраджая прыбрана з палёў. У кожным нумары раённай газеты мой паважаны сябра і аматар сельскагаспадарчай тэматыкі Аляксандр Ляйчынскі паэтапна і змястоўна распісвае ход уборачнай. А вось першым пунктам майго падарожжа, якое вырашыла назваць “Нялёгкі хлеб”, становіцца Бярозкаўскі КЗСК-30, бо менавіта збожжаток — адзін з найважнейшых участкаў на ўборцы ўраджая. Менавіта тут усё сабранае збожжа даводзіцца да патрэбнай кандыцыі па чысціні і вільготнасці, і ад парадку і акуратнасці яго працаўнікоў залежыць якасць збожжа, дастаўленага ў сховішчы. Першая з кім даводзіцца тут пазнаёміцца загадчык складам Таццяна Растаргуева, якая з ходу дае агульны расклад пра сваю працу і прапануе прайсці на сушылку. Падчас майго прыбыцця тут кіруе Святлана Ільюшчанка, якая працуе ў гаспадарцы з 1985 года (гэта больш 30 год, аўт.). На пытанне аб ураджаі, Святлана Васільеўна шчыра дакладвае, што паміж годам мінулым можна паставіць знак “менш”, значна паўплывала надвор’е. Паколькі мая мэта — паспрабаваць папрацаваць і адчуць на сабе няпростую працу селяніна, прашу ў Святланы Васільеўны яе прыладу працы, якая па-простаму называецца “мяцёлка”. Першае ўражанне ад збожжатоку — душна, шумна, пыльна. У прынцыпе, праца мне была зразумелая. На жаль, на практыцы ўбачыць працу самога збожжатоку не атрымалася — перабой з палівам. Але загадчык КЗСК-30 Віктар Лобаў ветліва згадзіўся тэарэтычна паказаць, як адбываецца працэс. Праз некалькі хвілін з’яўляюцца машыны, даверху насыпаныя збожжам. Святлана Ільюшчанка спяшаецца занесці ў кнігу складскога ўліку ўсе неабходныя дадзеныя. За размовай жанчына адзначае, што вельмі добра ў гэтым годзе працавалі школьнікі і нахвальвае іх за працавітасць і адказнае стаўленне да справы. Спяшаецца і заведуючы токам Лобаў з дапамогай спецыяльнага прыбора памераць вільготнасць збожжа. Уважліва сачу за прыборам і я — некалькі хвілін і на цыферблат выскоквае 19,9.
— А што азначае гэтая лічба? — пытаю нецярпліва.

— Вільготнасць перавышае норму — павінна быць меней 14. Гэта азначае, што зерне неабходна яшчэ дасушыць, і толькі потым адпраўляць на склад, — тлумачыць Віктар Іванавіч.
Зноў задумалася, як няпроста прыходзіць хлеб на наш стол. Хлебны каравай пачынаецца з зярнятка. Старт яно бярэ ранняй вясной, калі на палі выходзяць машыны. У чалавека, які вядзе гэтыя машыны, шмат працы: трэба поле ўзараць, разрыхліць зямлю — хутка падрыхтаваць яе для пасеву насення. Перш чым пасеяць зерняткі, збожжа правяраюць на ўсходжасць. На полі збожжа прарастае, з’яўляюцца ўсходы. Улетку ўсё поле ў залатых каласках. Хлеб паспеў. Прыйшла пара збіраць ураджай.

Мікалай ГАРУНКОЎ – вялікі аптыміст

А вось, дарэчы, якраз з хоцімскіх палёў машына за машынай пачынаюць прывозіць новы ўраджай. Падыходжу да кабіны МАЗа, і знаёмлюся з Мікалаем Гарунковым, першакласным перадавіком і ўсеагульным любімчыкам. Успамінаю, як пра вадзіцеля пісаў мой паважаны калега: “Мікалай Гарункоў, механізатар ААТ “Кастрычнік-Бярозкі” з зайздроснай рэгулярнасцю з года ў год з’яўляецца рэкардсменам па нарыхтоўцы і перавозцы кармоў. Ён упэўнены, што пры адпаведным стаўленні да працы, механізатар можа атрымліваць годную зарплату”. Пашчасціла і мне ў той дзень праімчаць з вецярком, седзячы побач з Гарунковым, які ўсю дарогу расказваў пра сябе і жартаваў.
— Нарадзіўся ў вёсцы, усё жыццё прысвяціў Хоцімшчыне, заўжды любіў працаваць. Узнагарод за гэты час назбіралася нямала, вось і з гэтага года ёсць, але працую не дзеля іх, а таму што люблю сваю працу, — расказвае Мікалай Анатольевіч і выдае сваю фірменную ўсмешку. — Шкада вось сёння моладзь не моцна жадае замацоўвацца на сяле. Ведаеце, Сяргей Шпакоўскі ўжо 30 сезон працуе на ўборцы. А камбайнёр Віктар Цітоў з ранняга дзяцінства пасябраваў з тэхнікай.
Час набліжаўся да абеду, таму паспяшалася ў поле. Якраз заспела хлебаробаў за абедам, пах грэцкай кашы і баршчу разносіўся па ўсім полі. Не губляючы час, за смачным абедам, знаёмлюся з Мікалаем Падбярозкіным, механізатарам ААТ “Кастрычнік-Бярозкі”. Асоба таксама знаёмая — на працягу колькіх год яго экіпаж у перадавіках. Мікалай Іванавіч ветліва згадзіўся зрабіць “круг почёта” і паказаць, як выглядае праца камбайнёра.
— Мікалай Іванавіч, як ураджай? — пытаю суразмоўцу.
— А вунь паглядзіце мураш перад жаткай папоўз, — жартуе камбайнёр. – Ды без хлеба не павінны застацца…
Мікалай Падбярозкін толькі на некалькі хвілін прыпыняе свайго жалезнага сябра, каб спусціць на зямлю новага пасажыра. Пачуцці незвычайныя — ніколі не даводзілася назіраць за працай камбайнёра з кабіны. А тут атрымалася. Каля палявой кухні, якой кіруе Зінаіда Анціпенка, даярка ААТ “Кастрычнік-Бярозкі”, панапрыходзіла яшчэ больш працаўнікоў — пасля плённай працы час падсілкавацца.

Пасля маёй працы на камбайне
тэхніка спраўная, пацярпелых няма

Сярод вопытных камбайнераў са стажам заўважаю маладзёжны экіпаж з ААТ “Бабушкино подворье” Уладзіслава Ігнацьева і Паўла Масюціна. Пакуль рабяты абедаюць і камбайн таксама некалькі хвілін адпачывае, прашу дазволу пачысціць жатку. Атрымаўшы дабро і, прайшоўшы інструктаж па тэхніцы бяспекі, прыступаю да справы. Рабіць гэта таксама даводзіцца ўпершыню. Зацікаўленая новай справай, некалькі хвілін старанна імкнуся давесці пачатае да канца. А камбайнёры жартуюць, маўляў, упартая дзяўчына трапілася. Але потым пачалося самае цікавае. Бо менавіта ў наступны момант упершыню паспрабавала самастойна пакіраваць камбайнам і пабыць у ролі памочніка камбайнёра. Уражанняў засталося, як кажуць на ўсё жыццё. Кіраваць такой вялізнай машынай – сур’езная адказнасць. Дарэчы, калі вам здаецца, што памочніку дастаецца больш лёгкі фронт работы — такое меркаванне памылковае. Памочнік павінен умець рабіць тое ж, што і камбайнёр.
— Уладзіслаў, многія чакаюць летніх канікул, каб цікава правесці час і адпачыць. У вас жа зусім іншыя захапленні? — пытаю Уладзіслава Ігнацьева.
— Ужо на працягу некалькіх год працую на камбайне, першы ж раз сеў за абаранак значна раней, тата пастаянна прывучаў да тэхнікі. Ды і фізічнай працы асабліва ніколі не баяўся, працаваць мне падабаецца, заўжды дапамагаю бацькам па дому. Прыемна ўсведамляць, што я самастойна магу зарабіць грошы, якія спатрэбяцца на вучобу ці на рамонт машыны,- дзеліцца юнак.
Дарэчы, у сельскагаспадарчай акадэміі, куды хлопец паступіў пасля школы, ён і атрымаў адразу некалькі вадзіцельскіх катэгорый. Сёння Уладзіслаў студэнт БДСГА, але ці шмат сёння падобных юнаку едуць на вучобу на ўласным аўтамабілі?! А ён толькі ўсміхаецца, бо ўпэўнены, што кожны можа так, варта толькі паставіць мэту і ўпэўнена да яе рухацца. І Уладзіслаў Ігнацьеў лёгкіх шляхоў не шукае.
— Тэхніку трэба адчуваць. Здаецца, навошта разумець кавалак жалеза, але гэта сапраўды патрэбна. На кожным полі камбайн паводзіць сябе па-іншаму, трэба падладжвацца, дзе трэба “играть” с жаткай, — дзеліцца сакрэтамі хлопец.

З Вольгай КОНЮХАВАЙ
прасейваем муку

— А з боку калег невялікая зайздрасць адчуваецца? Такі малады, і ўжо ў тысячніках, — пытаю далей.
— Безумоўна, дух суперніцтва ёсць, але ўсё ж больш пераважаюць сяброўскія адносіны. Ніхто не адмаўляе, калі неабходна дапамога, — дадае памочнік камбайнёра.
Без смачнага хоцімскага хлеба не абыходзіцца ні сняданак, ні абед, ні вячэра. І зноў у чарговы раз задумалася аб тым, што няпроста прыходзіць хлеб на наш стол. Для таго каб маленькае зярнятка стала хлебам, трэба прыкласці нямала намаганняў. І гэта справа тысячы рук. Неяк раней, падчас адной з экспедыцый, мне ўжо даводзілася гатаваць хлеб па традыцыйнаму рэцэпту сям’і Кастэнка з а/г Бяседавічы. А сёння завяршальнай кропкай майго падарожжа становіцца хлебазавод, дзе я таксама паспрабавала сябе ў ролі фармоўшчыка і пекара.
Калі большая частка хацімчан збіраецца пасля працоўнага дня ў сваіх утульных кватэрах і рыхтуецца адпачываць, праца на хлебазаводзе толькі пачынаецца. Цеставы брыгадзір Вольга Конюхава працуе тут яшчэ нядаўна, але яна адразу паспела ўнікнуць у працэс. Менавіта, з яе пачынаецца вытворчасць самага смачнага хоцімскага прадукта, паколькі правільна і добра замешанае цеста — палова поспеху. Пасля таго, як цеста пастаяла, як кажуць “падышло”, яго адпраўляюць на фармоўку. Рыма Анацкая і Ірына Ермакова пры дапамозе спецыяльнай машыны і «залатых» рук надаюць цесту патрэбную форму, адкуль падносы з хлебам перадаюць вопытнаму пекару Ганне Чубаковай.
— Ганна Мікалаеўна, а ў чым сакрэт нашага хоцімскага хлеба? — пытаю ў пекара.
— Таму што свой, родны, зроблены з любоўю, таму і смачны. Калі прыязджаюць у госці сваякі са сталіцы, то абавязкова просяць на гасцінец некалькі буханачак хлеба. Хоцімскі хлеб падабаецца ўсім, — дзеліцца Ганна Мікалаеўна.
Аб тым, што хоцімскі хлеб сапраўды лепшы сведчаць шматлікія ўзнагароды рознага ўзроўня. А лепшы ён яшчэ таму, што людзі, якія яго робяць, вельмі добрыя і шчырыя. А самымі галоўнымі інгрэдыентамі Хоцімскага каравая яны лічаць любоў і аптымізм. Паспрабаваўшы сябе ў ролі памочніка, вымушана прызнацца, што гэта таксама няпростая праца, адна начная змена чаго варта. Але затое колькі цікавага даведалася: навучылася адрозніваць муку першага гатунку ад сеянкі, замешваць і фармаваць хлеб, даведалася, што ён выпякаецца роўна 44 хвіліны пры тэмпературы 260 градусаў. А самы складаны — першы хлеб, які мне ўпершыню давялося рабіць, таму вельмі ўдзячна, што ў мяне былі добрыя настаўнікі. А раніцай гарачы хлеб ужо паступіў у крамы. Я адчувала незвычайны гонар, бо дапамагала рабіць яго.
Чалавек вырошчвае хлеб. А хлеб вырошчвае чалавека. Выхоўвае і правярае яго на вытрымку і мужнасць. Хлеб нельга замяніць нічым. Старыя людзі любяць казаць: “Хлеб — гэта святое”. Ён можа навучыць усіх нас паважаць няпростую працу кожнага чалавека, які прыклаў намаганні, каб гэты духмяны румяны бохан прыйшоў на наш стол. Гэта не проста ежа, гэта цяжкая праца тысяч людзей, якія ўклалі ў яго сваю душу, любоў, жадаючы, каб плён іх працы прыносіў у кожны дом радасць і дабрабыт. Гэта адчула і я: гэта складаная праца, таму і хлеб атрымаўся нялёгкі. Але пакаштаваць яго атрымалася.

Вольга Зайцава.
Фота Алены БАРАВІКОВАЙ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲