Вы здесь
Віктар Северцаў 26 гадоў працуе вадзіцелем хуткай дапамогі Личность 

Віктар Северцаў 26 гадоў працуе вадзіцелем хуткай дапамогі

Віктар Северцаў вось ужо на працягу 26 год працуе вадзіцелем аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ў Хоцімскай ЦРБ. Неаднойчы была магчымасць перавесціся на іншую работу, прапаноўвалі больш перспектыўны занятак, але ні больш высокі заробак, ні рост па службовай лесвіцы не змянілі яго першапачатковых поглядаў. Ды і “скакаць” з адной працы на другую — не пра яго размова, у Северцава прынцып такі — калі выбраў справу, поўнасцю аддайся ёй.

— Адразу пасля арміі прыйшоў уладкоўвацца на працу. Гэты дзень запомніў назаўжды — 12 сакавіка 1992 года, — пачынае расказваць пра сябе Віктар Мікалаевіч. — Чаму так запомніў гэтыя лічбы? Мабыць таму што заўжды жадаў, каб выбраная мною праца прыносіла людзям карысць. Менавіта так і атрымалася.
— Віктар Мікалаевіч, ведаю, што вадзіцель хуткай дапамогі не толькі выязджае па вызавах, але з’яўляецца галоўным памочнікам фельчара. Якія выпадкі з вашай практыкі запомніліся? — пытаю суразмоўцу.
— Ведаеце, калі пачаць пералічваць усё, што за гэты час давялося бачыць, наўрад хопіць газетнага нумара. Але больш за ўсё ўразаюцца ў памяць выпадкі з сумным фіналам. Заўжды цяжка, калі разумееш: нічога ўжо зрабіць немагчыма. Самае прыемнае — выратаваць чалавека, бачыць яго здаровым. Неаднойчы прыходзілася дапамагаць прымаць роды разам з фельчарам Аленай Нікіценка. Гэта вельмі адказна, і ў той жа момант прыемна бачыць, калі нараджаецца новае жыццё. І часам вочы баяліся, а рукі ўсё роўна імкнуліся зрабіць, дапамагчы. Прыемна, калі іду па вуліцы разам з сынам, а са мной нехта вітаецца. Безумоўна, усіх цяжка запомніць, але ведаю, што, дапамог людзям, а гэта самае галоўнае, — працягвае Віктар Северцаў.
Віктара Мікалаевіча вельмі паважаюць у калектыве, адзначаюць, што ён надзея і апора іх установы. Гэты чалавек выклікае стопрацэнтную прыхільнасць да сябе: шчыры, пазітыўны, гіперадказны, заўжды гатовы прыйсці на дапамогу, а яшчэ вельмі добры сем’янін і працаголік. Такую характарыстыку можна пачуць пра вадзіцеля, якую ён заўсёды даказвае справамі. Напрыклад, некалькі год таму быў адзначаны ўзнагародай Магілёўскага аблвыканкама I ступені “За працу без аварый”.
— У сваю чаргу, таксама хачу выказаць самаму лепшаму калектыву хуткай дапамогі словы падзякі. Я цаню сваіх калег, і як людзей і як прафесіяналаў. І, карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць калег-вадзіцеляў з прафесіянальным святам, — дадае В.М. Северцаў.
Акрамя таго, што Віктар Мікалаевіч адказны работнік, ён вельмі добры гаспадар і бацька. Самым вялікім дасягненнем свайго жыцця ён лічыць сваіх дзетак — Таццяну і Мікіту. Пра іх таксама ўжо неаднойчы пісалі ў газеце. Мужчына прызнаецца, што для дзяцей ён заўжды імкнецца быць сябрам, даць добрую параду, не забываючы прывучаць да фізічнай працы — дома нямалая гаспадарка. Сёння Мікіта – галоўны татаў памочнік, ён любую даручаную справу выконвае з усёй адказнасцю, а бацька давярае яму, як самому сабе.
Ёсць у майго героя і хобі — пчалярства. Пра гэтых насякомых заўзяты пчаляр гатоў расказваць гадзінамі, бо гэта тэма для яго сапраўдны “бальзам”. Дарэчы, займацца гэтай справай таксама марыў даўно, калі яшчэ юнаком лавіў пчол на лузе, зараз яго вуллі налічваюць 20 сем’яў. А мёд, які вырабляюць працаўніцы-пчолкі — вельмі духмяны і смачны.
Бясспрэчна, у кожнай прафесіі ёсць свае “падводныя камяні”, але, калі на карту пастаўлена самае важнае — чалавечае жыццё, ці варта яшчэ аб нечым казаць. Сёння калектыў хуткай дапамогі крыху большы дваццаці чалавек. Варта адзначыць, што кожны тут выконвае сваю працу адказна, з душой, штодзённа прымаючы важныя рашэнні.
Часта можна пачуць, што людзі, якія працуюць у медыцыне валодаюць “халодным розумам”. І калі размова ідзе аб жыцці чалавека, якое парой ідзе на хвіліны — з гэтым трэба пагадзіцца. Тут сапраўды неабходна рэзка і хутка зрабіць правільны выбар. А ў астатнім гэта самыя пазітыўныя, добрыя і шчырыя людзі, з якімі мне даводзілася сустракацца. І Віктар Северцаў разам са сваёй брыгадай — яркі таму прыклад.

Вольга Зайцава

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: