Вы здесь
Дыяментавае сэрца Ірыны Личность 

Дыяментавае сэрца Ірыны

Ёсць такія людзі, пасля размовы з якімі, быццам ад сонейка на душы становіцца цёпла, светла і ўтульна. Менавіта з такім чалавекам мне пашчасціла быць знаёмай.
Ірына Мяшкова, культарганізатар псіханеўралагічнага дома–інтэрната — пазітыўны, шчыры, жыццярадасны, сонечны чалавек, і гэта далёка не ўсе словы, што хачу сказаць у адрас маёй суразмоўцы.

Калі дрэвы здаваліся вялікімі…
“Чалавек пачынаецца з дзяцінства. Менавіта тады адбываецца зараджэнне дабрыні”, — заўважыў неяк паэт Сяргей Міхалкоў.
Усе мы родам з дзяцінства, менавіта тады ўсё вакол здаецца такім простым і бестурботным. Толькі разумеем мы гэта, нажаль, калі становімся дарослымі. А ў дзяцінстве нават дрэвы здаюцца вялікімі…
Вялікімі калісьці былі дрэвы і для Ірыны Мяшковай… А больш за ўсё засталася ў памяці прырода роднай вёсачкі Ціхань. Сцяжынка ад дома да знаёмай рэчкі з вадой такой чысціні, што праз яе можна было ўбачыць ні тое, што рыбінак-малькоў, але і самы маленькі каменьчык. Лес з духмянымі суніцамі і восеньскімі грыбамі — усе гэта таксама напамінае дзяцінства, якое не проста прайшло, праляцела, быццам птушкі, што сабраліся ў вырай.
— Калі пасля першага класа Арлоўскай школы, перайшла ў Хоцімскую СШ, прызнаюся не вельмі проста было. І не столькі ў плане вучобы, а больш нейкіх комплексаў сельскай дзяўчынкі. Мабыць, гэта пачуццё зразумела многім, хто пасля невялічкай вёсачкі раптам ад’язджае ў горад. Былі ў класе і рабяты з Ленінграда, але ў крыўду ніколі нас, вясковых, не давалі. Пасля школы было жаданне паступаць у Петрапалаўск-Камчацкі на повара. Але набор на той час быў сфарміраваны, пасля школьнай лавы некаторы час працавала ў дзіцячай бібліятэцы. За час працы пазнаёмілася з добрымі людзьмі, сярод іх загадчыца Нона Благачынная, якая заўжды падтрымлівала мяне добрым словам. Пасля паступіла ў вучылішча імя Н.К. Крупскай на рэжысёра клубных мерапрыемстваў, — расказвае пра сябе Ірына Ананьеўна.
На шляху сустракаліся добрыя людзі

Успамінаючы па чарзе аўтабіяграфічныя моманты, мая суразмоўца прызнаецца, што заўжды на яе шляху сустракаліся добрыя спагадлівыя людзі. Іх падтрымка і добрае слова дапамагалі ў няпростыя хвіліны. А такія моманты былі…
Сур’ёзная траўма, якая здарылася, калі ў сям’і ўжо падрастаў васьмімесячны першынец Станіслаў, змяніла многае і прымусіла па-новаму паглядзець на многія рэчы. Але любоў да жыцця і падтрымка блізкіх людзей давалі сілы выстаяць, не згубіць сябе ў кругавароце штодзённай мітусні.
— Галоўным агеньчыкам, які даваў сілы не згаснуць у няпросты момант быў сынуля. Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца сказаць самаму любімаму чалавеку — матулі, якая сваёй мацярынскай любоўю і пяшчотай выратоўвала мяне. Не магу не ўзгадаць прозвішча Дзіны Саковіч, якая апынулася побач, калі выпала магчымасць зрабіць пратэзаванне ў Швецыі…, — працягвае мая суразмоўца.
Ірына Ананьеўна вельмі любіць творчасць Эдуарда Асадава і Івана Пехцерава. Чаму? Бо ў іх творах схаваны філасофскія разважанні, якія вучаць правільна ставіцца да жыцця і акружаючых людзей.
Асаблівыя адносіны ў сям’і Мяшковых да фізкультуры. Спартыўны настрой таты перадаецца ўсім дамачадцам без выключэння, на “ты” са спортам Станіслаў. А, напрыклад, сярод самых любімых спартыўных захапленняў Ірыны — адзінаборствы па боксе. Жанчына заўжды дзівіцца незвычайнай сіле волі і вытрымцы людзей, якія выходзяць на рынг, пераадолеўшы свой страх. Разважае аб тым, што ў першую чаргу, спартсмены вытрымалі галоўную перамогу — перамогу над самімі сабой…
Галоўнае дасягненне жыцця — сям’я
Сваім самым вялікім гонарам і дасягненнем Ірына Ананьеўна лічыць сваіх дзетак. Яна шматдзетная маці: Станіслаў, Алёна, Настасся. Яны ўсе розныя, але ўсе аднолькава любімыя і дарагія.
Старэйшы Станіслаў, ужо працуе ў праваахоўных органах. Пасля арміі здзейсніў сваю мару і апрануў сержанцкія пагоны. Алёна сёння студэнтка філалагічнага факультэта, і вучоба ёй вельмі падабаецца. Не па гадах разважлівая, з багатым унутраным светам і філасофскімі думкамі, Алена марыць аб шчырасці і дабрыні. А самая малодшая матуліна памочніцца Настасся пакуль яшчэ не ведае, кім стане. А вось сваё галоўнае жаданне яна змясціла ў некалькіх словах на лісточку паперы: «пусть мама будет здорова». Акрамя таго, што мая суразмоўца шматдзетная маці, яна яшчэ і бабуля. Самыя дарагія моманты, калі ўсе родныя збіраюцца дома разам, а ў госці да дзядулі і бабулі прыязджае любімая ўнучка Сонечка.
Калі праца прыносіць радасць
У Хоцімскім псіханеўралагічным інтэрнаце Ірына Мяшкова працуе з 2002 года. Арганізацыя святаў і мерапрыемстваў — непасрэдная праца культарганізатара, акрамя гэтага нямала бумажнай працы, а яшчэ трэба падабраць ключык да кожнага сэрца пражываючых дома-інтэрната.
— Вельмі люблю сваю работу. Тут асаблівая атмасфера — усе імкнуцца дапамагчы адзін аднаму. Словы асаблівай удзячнасці хачу выказаць пражываючым дома-інтэрната. Яны ўсе вялікія малайчынкі. І нягледзячы на пэўныя фізічныя абмежаванні, гэта самыя моцныя людзі з прыгожым унутраным светам. Я вельмі ім удзячна. Адпрацаваўшы дзень, кожны з нас спяшаецца дамоў, яны ж пастаянна знаходзяцца тут, тут заўжды іх дом. І яны штодзённа чакаюць нас.
Хочацца падзякаваць кіраўніцтва дома-інтэрната і самых актыўных супрацоўнікаў нашай арганізацыі, якія пастаянна прымаюць удзел у мерапрыемствах: Людмілу Піўчанка, Дар’ю Гаравую, Святлану Мінчанка, Мікалая Ісаева, Аляксандра Мінчанка, Ларысу Салаўёву, Таццяну Лупекіну, Юлію Мушкіну, Таццяну Сініцыну, Алену Гарбузаву, Вольгу Буцанец, Анастасію Балко, Сяргея Фядосенку, а таксама педагогаў гурткоў: Ніну Рагоўскую, Людмілу Пезкіну, Віктара Савёлава і інш., — працягвае Ірына Ананьеўна.
Сумленнасць, прыстойнасць і дабрыня — якасці, якімі павінен валодаць чалавек, які працуе ў доме-інтэрнаце. Чалавеку чэрстваму тут не месца, тут такіх і няма. Да кожнага трэба падыйсці з увагай і дабрынёй, а як вядома дабрыня — мова, зразумелая ўсім і на якой павінны размаўляць усе людзі на планеце Зямля. У сценах інтэрната гэтай мовай валодаюць выдатна.
Усё будзе добра…
Героямі майго праекта заўжды становяцца людзі пазітыўныя, моцныя і неабыякавыя да таго, што адбываецца вакол. Людзі, якія ўпэўнены: усё будзе добра, нягледзячы ні на што… Яны штодзённа жывуць з гэтымі словамі і верай у тое, што будзе менавіта так. Упэўнена ў гэтым і Ірына Ананьеўна.
Ёсць такі незвычайны камень — дыямент. Сакрэт яго незвычайнасці заключаецца ў наступным: гэта вельмі цвёрдая парода, і ў той жа час вельмі крохкая і далікатная. Ірына Мяшкова нечым нагадвае мне гэты мінерал. Знешне яна вельмі пяшчотная і мяккая, але ўнутры яе схаваны чалавек незвычайнай сілы волі і вытрымкі. І аб гэтым ведаюць самыя блізкія людзі, якія шчыра любяць яе.

Вольга Зайцава

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (3 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: