Вы здесь
У Хоцімскім Доме раместваў вядуць работу па захаванню нацыянальных традыцый Год малой родины 

У Хоцімскім Доме раместваў вядуць работу па захаванню нацыянальных традыцый

Хоцімскі Дом рамёстваў — месца цікавае і ўнікальнае. Кожны, хто аднойчы сюды прыйшоў, адчуў, што патрапіў у мір, поўны таямніц. Кожны прадмет тут прасякнуты гісторыяй і самабытнасцю, а кожны пакой — гэта маленькая майстэрня, дзе захаваны багатыя скарбы нашай хоцімскай зямлі. Саматканыя ручнікі, тэкстыльныя лялькі, кераміка, вырабы з саломкі — як шмат дзіўных рэчаў, якія могуць расказаць аб нашых хоцімскіх традыцыях, можна ўбачыць тут. А зберагчы, памножыць і захаваць для будучых пакаленняў усё гэтае багацце імкнуцца таленавітыя майстры, якія працуюць тут.

2

Пераступіўшы парог, з першых крокаў з галавой акунаешся ў нашу сінявокую Беларусь. Размаляваная беларускім арнаментам лесвіца — арт-праект да Года роднай зямлі, на вокнах шторы-вышыванкі. Усё тут зроблена з любоўю рукамі саміх працаўнікоў Дома рамёстваў. Гэтыя, на першы погляд, звычайныя рэчы надаюць памяшканню нейкую асаблівую дамашнюю цеплыню і ўтульнасць.
— Хоцімшчына — край, багаты сваімі традыцыямі, а лепшым яе ўпрыгожаннем заўжды з’яўляліся людзі. Так, калі сабраць усіх прыбесядскіх майстроў у спецыяльны банк, то лічба атрымаецца даволі сур’ёзная — каля сотні. Званне «Народны майстар Беларусі» у Ніны Рагоўскай. Хочацца спадзявацца, што гэтая скарбонка хутка папоўніцца новымі прыемнымі ўзнагародамі.
Працы хоцімскіх майстроў заўжды атрымліваюць высокую ацэнку не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Адным з галоўных накірункаў нашага Дома рамёстваў з’яўляецца цеснае супрацоўніцтва з суседнімі гарадамі і мястэчкамі. Так, па ініцыятыве нашых работнікаў вырашана праводзіць арт-фестывалі народнай творчасці “Рамяство не мае межаў” з майстар-класамі, дзе і хоцімскія майстры могуць сябе паказаць, і разам з тым пераняць новы вопыт для сябе. Першы такі фестываль ужо плануецца на снежань, — дзеліцца дырэктар Дома рамёстваў Вольга Калтунова.
Працы майстроў Хоцімшчыны асаблівыя, іх проста немагчыма абыйсці стараной. Ёсць у хоцімскіх майстрой і свой асаблівы сакрэт — кожны выраб робіцца з любоўю і цеплынёй.
Вялікай папулярнасцю карыстаюцца ручнікі і паясы майстра-метадыста Таццяны Кавалёвай. Нямалая частка іх ідзе проста на сувеніры. Але вось што цікава — у яе нямалай калекцыі, няма ніводнага, які б паўтараўся. Кожны новы ручнік ці пояс — новы ўзор і свая гісторыя. Колеры Таццяна Іванаўна выбірае традыцыйныя, тканіну і ніткі для сваіх прац выкарыстоўвае натуральныя.

3

— Раней лічылася, чым даўжэй ручнік, тым даўжэйшы будзе і шлях чалавека. Ручнікі суправаджалі чалавека ад самага нараджэння і ішлі поруч з ім па жыцці. Для кожнай падзеі ці свята вышывалі асобны, а ў кожным элеменце арнамента быў захаваны глыбокі сэнс. Разумеючы гэтыя ўзоры, можна было па ручніках прачытаць жыццёвы шлях чалавека. Нашы продкі з вялікай сур’ёзнасцю ставіліся да майстэрства ткацтва і беражліва перадавалі яго з пакалення ў пакаленне, — успамінае з гісторыі Таццяна Кавалёва.
Пераемнасць пакаленняў у Доме рамёстваў таксама захоўваецца. Сёння Таццяна Іванаўна свае навыкі па ткацтву перадае маладому майстру-метадысту Вользе Фядосенка (на фота 1). Вольга Мікалаеўна, як вельмі старанная і добрая вучаніца імкнецца запомніць урокі сваёй настаўніцы, а парой імкнецца і сваё нешта новае дадаць. Зараз, напрыклад, працуе над уласным калядным ручніком. Сваю святочную кампазіцыю «Каляда» падрыхтавала і майстар-метадыст Таццяна Навумава.
А яшчэ В. Фядосенка займаецца выцінанкай — пры Доме рамёстваў працуе гурток “Чароўныя нажніцы”. Але гэта далёка не ўсе захапленні педагога. Напрыклад, мяне вельмі зацікавілі банты і брошкі са спецыяльнай паперы — такія вырабы выдатна разыходзяцца на падарункі.
А вось у руках майстра-метадыста разьбы па дрэву Андрэя Зубрыцкага любы кавалак немудрагелістай дошчачкі, або палена ператвараецца ў прыгожую скульптуру (на фота 2). Так для многіх звычайны бярозавы пень не ўяўляе ніякіх інтарэсаў, і часцей за ўсё трапляе ў печ. Але для Андрэя Іванавіча гэта матэрыял для будучай працы. З пня атрымоўваецца забаўная маленькая козачка, а звычайная дошка за некалькі хвілін ператвараецца ў патрэбную для кожнай гаспадыні рэч. Але майстар нічога незвычайнага ў сваіх працах не бачыць — проста робіць ад душы тое, што падабаецца. У яго дамашняй майстэрні мноства разнастайных кавалачкаў — на кожны ў яго свой праект. Варта толькі акінуць поглядам драўляную нарыхтоўку — і ён ужо ведае, што з гэтага атрымаецца.
Свае навыкі Андрэй Іванавіч таксама жадае перадаваць падрастаючаму пакаленню. На базе Дома рамёстваў запланавана адкрыццё аматарскага аб’яднання разьбы па дрэве для дзяцей, што знаходзяцца на ўліку ІДН. Вырабы майго суразмоўцы карыстаюцца попытам не толькі на беларускай зямлі, але і за яе межамі. Андрэй Іванавіч па індывідуальным заказе можа зрабіць што заўгодна: пачынаючы ад простых кухонных прадметаў, шыльдаў на дом і заканчваючы паркавымі скульптурамі і прадметамі дамашняга інтэр’еру.
Працуе Андрэй Зубрыцкі і над аднаўленнем прадметаў даўніны. Не так даўно ўратаваў элемент сапраўднага венскага крэсла і этажэрку. Пакуль яны ў старонцы чакаюць свайго часу — цікава будзе іх убачыць у новым вобразе.
Экскурсійны праект прыкладной творчасці “ Спадчына продкаў”
— Здараецца мы пакідаем без увагі, ці нават выкідаем на сметнік рэчы, якія, на наш погляд, страцілі свой першапачатковы глянец. Яны здаюцца нам вялізнай кучай хламу. І часам гэта сапраўды так. Але бываюць старыя, ды надзвычай цікавыя экспанаты, якія на першы погляд могуць здацца сапраўды непатрэбнымі. Але не варта спяшацца іх выкідваць — нашы майстры паспрабуюць даць ім шанец на новае жыццё. У нас у планах аднавіць як мага больш экспанатаў, — перад пачаткам праекта-экспедыцыі расказвае дырэктар Дома рамёстваў.
Падобная гісторыя са старымі рэчамі адбылася ў сям’і Святланы Мінчанка, якая вырашыла зрабіць капрамонт у бацькоўскім доме. А ўсю старую мэблю проста выкінуць і змяніць на прыгожую і новую. Але рарытэтны буфет аказаўся ў полі зроку рамеснікаў і цікавую знаходку папрасілі перадаць Дому рамёстваў для аднаўлення.
Знаёмства з сям’ёй Віктара і Надзеі Шурпіных таксама аказалася надзвычай добрай знаходкай для экскурсійнага праекта. 85-гадовая жыхарка Марыя Грышчанка перадала дырэктару Дома рамёстваў ручнікі, самы цікавы экзэмпляр 1949 года (на фота 3). Усе яны ў цудоўным стане, такое ўражанне, што зроблены зусім нядаўна. Дарэчы, нельга не адзначыць, што ў гэтай дынастыі да ткацтва асаблівыя адносіны — усе дзяўчыны ўмеюць вышываць. Гэта майстэрства тут перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Марыя Грышчанка сёння сапраўдны носьбіт нематэрыяльнай спадчыны хоцімскага краю. Жанчына ў сваім шаноўным узросце ведае нямала песень. Яна згаджаецца некалькі выканаць і для нас — нажаль усе яны сумныя. Яно і зразумела. Той цяжкі час, калі яна была зусім юнай (прыходзілася весці барацьбу нават за лебяду і крапіву, аўт.), наклаў свой адбітак і на песнях. Марыя Віктараўна пазнала цяжар сялянскай працы, шмат гадоў адпрацавала ў калгасе. Яна з горыччу ўспамінае нялёгкі час і радуецца мірнаму небу сёння.
Проста не магу выказаць сваё захапленне і гаспадарамі дома. І ў хаце і каля яе ўсё па-гаспадарску. Калі кажуць, што ў чалавека залатыя рукі — гэта значыць, што ён умее рабіць усё. Гэта пра Шурпіных. Куды ні глянь — усё зроблена сваімі рукамі і з душой. Мужчына і цясляр, і сталяр, і кветавод. Усе дамашнія кветкі даглядае ён сам, а тыя, што на вуліцы — за гаспадыняй. Як прызналася Надзея Віктараўна, у мужа талент ва ўсім, няма такой справы, якую б ён не ўмеў рабіць.
На гэтай пазітыўнай ноце і развіталіся. І зноў я ў чарговы раз упэўнілася, што беларусы вельмі працавітая, багатая сваімі традыцыямі нацыя. Варта толькі адчуць усю прыгажосць і каларыт нашай культуры — дакрануцца да гэтых скарбаў сэрцам. А ў Доме рамёстваў гэтыя скарбы беражліва захоўваюць, каб мы не забывалі, помнілі, хто мы. Мы — БЕЛАРУСЫ.

Вольга Зайцава

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: