Вы здесь
История Хотимщины в объективе Светланы Бобровой Личность 

История Хотимщины в объективе Светланы Бобровой

Сустрэча са Святланай Бабровай прымусіла мяне па-новаму паглядзець на фатаграфію. Існуе такое меркаванне: калі фотаздымак прымушае чалавека глядзець на яго больш секунды, значыць гэта і ёсць добрая работа. На працы Святланы Віктараўны можна глядзець бясконца. Яе фота адрозніваюцца бездакорным выкананнем і незвычайнай элегантнасцю, нават глянцам. Шыкоўныя кампазіцыі, ракурсы, эмоцыі. Напярэдні Дня друку мая суразмоўца ўспомніла аб першых кроках у прафесію, падзялілася сакрэтамі ўдалых і цікавых здымкаў, а таксама дала некалькі парад пачынаючым фатографам.

Сама Святлана Віктараўна родам з Быхава. Яна зусім не збіралася звязваць сваё жыццё з журналісцкай прафесіяй. Усё больш марыла аб медыцыне і педагогіцы. Але ні медыкам, ні настаўнікам так і не стала. Калі трэба было станавіцца на самастойную жыццёвую сцяжынку, то на сямейным савеце было вырашана адправіць дзяўчыну ў Віцебскае вучылішча на фатографа.
Калі прыйшоў час да размеркавання, перад Светай паўстала дылема – Мсціслаў альбо Хоцімск. Выбар быў зроблены. Так Святлана Баброва ўпершыню апынулася на Хоцімшчыне, але тады і падумаць не магла, што яе першы прыезд стане лёсавызначальным…
Невялічкая дашчатая бытоўка стала першым месцам работы. Але праца не прыносіла тое захапленне, аб якім марыла малады спецыяліст. Доўга Святлана на хоцімскай зямлі не затрымалася, і ў хуткім часе зноў апынулася на Радзіме. Уладкавалася бухгалтарам-кантралёрам у аддзеле сацзабеспячэння. Але ў хуткім часе ёй прапанавалі такую ж працу ў Хоцімску. І яна не змагла адказацца, бо тут яе ўжо чакаў Міхаіл, будучы муж. Але на гэты раз яна да апошняй кроплі аддала сваё сэрца хоцімскаму краю.
— Хоцімск не адразу пакарыў маё сэрца. У параўнанні з Быхавам ён здаваўся мне нейкім маленькім і непрывабным. Але ўсю яго прыгажосць і адметнасць я змагла разглядзець падчас працы ў рэдакцыі, тады мне хацелася засняць на плёнку кожны куточак, — дзеліцца Святлана Віктараўна.
Сваю працу ў рэдакцыі Святлана Баброва пачала ў 1975 годзе, калі рэдактар раёнкі Адам Капусцін прапанаваў свабодную вакансію фотакарэспандэнта. Дзяўчына доўга сумнявалася, бо па натуры была «дамашняй» але свой альбом з фотаздымкамі ўсё ж прынесла. Адам Адамавіч уважліва пагартаў, і вынес станоўчы вердыкт. Падабаліся фотаздымкі і II сакратару райкама парыі Анатолю Гарбузаву, яго словы адыгралі вызначальную ролю і назаўжды запомніліся ёй: «Святлана, трэба пісаць гісторыю Хоцімшчыны». Святлана Баброва пачала яе пісаць.
— Безумоўна, першы фотаздымак – самы запамінальны. Як зараз перад вачамі стаіць той механізатар з ключом у руцэ і рамантуе свой трактар. Менавіта так я яго і сфатаграфавала. Але ён не глядзеў у аб’ектыў, звычайна выконваў сваю працу, быццам мяне зусім не было побач. Пачынаць было няпроста, але я была ўпартай дзяўчынай. Калі што надумаю – абавязкова зраблю. Вельмі ўдзячна людзям, якія далі мне першыя важныя азы, падтрымалі добрым словам: Любові і Адаму Капусціным, Эдуарду Вяржбіцкаму, Льву Севелеву і ўсяму нашаму дружнаму калектыву. Адразу пасябравалі з Наталляй Кацяшовай. Заўжды рады сустрэчам, праўда ўжо не такім частым, але па-ранейшаму шчырым і цёплым, — з журналісцкай дакладнасцю ўспамінае першы вопыт суразмоўца.
Сучасны фотаапарат можа з лёгкасцю змясціцца ў далікатнай жаночай сумачцы, раней даводзілася цягаць важкую торбу. У рэдакцыйным УВАЗіку то матор барахліў, то рулявое выбівала. Іншы раз, каб дабрацца да патрэбнага аб’екта прыходзілася мяняць некалькі відаў транспарта- папутка, матацыкл, конь. Але на машыне фотакор ездзіць не любіла. Іншая справа — пешшу, калі можна злавіць у аб’ектыў самыя цікавыя моманты. Сама яна на гэты конт жартуе: калі скласці наматаны за час працы ў рэдакцыі кіламетраж, можна было б разы тры ўвесь зямны шар абыйсці.
Кожны свой здымак Святлана Баброва прапускала праз сэрца, кожны свой націск на кнопку «ЗЕНІТА» рабіла абдумана, часам чакаючы гадзінамі, каб зрабіць патрэбны кадр. Калі ж усё атрымоўвалася, адчувала небывалае задавальненне. Да канца працоўнага дня ўсе касеты, якія брала з сабой былі запоўнены цэннымі кадрамі. Пасля іх прыходзілася яшчэ праяўляць. Гэта няпросты працаёмкі працэс. Ні тое, што сёння: зрабіў кадр, не падабалася – выдаліў.
Праз свае фота Святлана Віктараўна імкнулася данесці да людзей усю магчымую прыгажосць, якая толькі можа існаваць у свеце. Менавіта тут, на Хоцімшчыне, яна зразумела каштоўнасць цяжкай сельскай працы. Любімымі тэмамі фотасесій былі звычайныя працаўнікі з іх эмоцыямі, валошкі ў жытнёвым полі, дзеці са шчырымі ўсмешкамі – нічога не магло схавацца ад вопытнага погляду фатографа. Хацімчане ж не маглі выстаяць перад яе фірменнай усмешкай, яе шчырасцю, і легкасцю, і нават марылі папасць у аб’ектыў. Папалі ў аб’ектыў Святланы Віктараўны і многія знакамітасці, сярод іх Герой Савецкага Саюза Міхаіл Піліпенка і маці нашага паэта-земляка Аркадзя Куляшова Кацярына Ратабыльская і многія іншыя.
Пачуццё знаёмае кожнаму фатографу: дзеля добрага здымку, ён здольны на ўсё. Знаёма гэта пачуццё і С. Бабровай.
— Зрабіць добры здымак, нягледзячы ні на што. Заўжды ставіла такую задачу. Раптам успомнілася. Лядовы палац, пачынаецца мерапрыемства. Мяне не запускаюць у зал, бо не акрэдытована. Проста пашанцавала: мужчына, з якім раптам пазнаёміліся падчас папярэдняга задання, правёў па сваёй картцы. Атрымаўся добры здымак – хоцімскія ветэраны з мноствам узнагарод на першым плане размаўляюць і дзеляцца ўражаннямі. А яшчэ неяк дазволілі папрысутнічаць на аперацыі, якую праводзіў таленавіты хірург Анатоль Даніленка. Як зараз памятаю: у аперацыйнай поўная цішыня, якую парушаў толькі грукат медыцынскіх інструментаў і напружанне, якое вісела ў паветры. Няпроста было выбраць патрэбны ракурс.
Калісьці марыла стаць медыкам, але раптам зразумела, наколькі гэта адказна, калі ў тваіх руках жыццё чалавека, — з хваляваннем працягвае мая суразмоўца. – Шмат цікавых выпадкаў, зараз аб усіх і не ўспомніш. І на забор прыходзілася залазіць ад раз’юшанага быка, і сукенку рваць, зачапіўшыся аб рычаг трактара, хаваццца ў жыце ад зграі сабак, і пазычаць на час фотасесіі свае паліто і шапку даярцы, каб атрымаўся добры здымак. І атрымаўся.
Святлана Баброва была на ўсё гатова і строга трымала марку, імкнулася адпавядаць свайму стылю. Баброўскі стыль адразу пазнавалі, здзіўляліся, адкуль фотакарэспандэнт бярэ такія віды. А яна проста з любоўю імкнулася выканаць сваю працу, любіла свой горад і сваіх людзей. Яе высокі прафесіяналізм часта адзначаўся ў раёне і за яго межамі, толькі, калі яна сама аказвалася пад прыцэлам фотакамер, бянтэжылася і злегку чырванела.
Кажуць, што фатограф павінен спаць з камерай пад падушкай. Мая суразмоўца згодна з гэтым, бо і сама часта не магла заснуць ад думак пра работу, прачыналася ноччу, каб перапісаць артыкул, ці ўзяць на карандаш новую ідэю для фота. Яна і сёння не можа абыякава рэагаваць на няўдалы здымак у газеце, уяўляе ракурсы, якія б выбрала.
— Фатаграфія павінна быць жывая, нават, калі і пастановачная. Ні ў якім выпадку не павінна быць ніякіх «расстрэльных» здымкаў, людзі не павінны глядзець у аб’ектыў, яны проста павінны рабіць сваю справу, быццам фатографа не існуе. Трэба ўмець фантазіраваць і адчуваць людзей, іх настрой, іх думкі, — дае парады жанчына.
Упэўнена, па фота можна зразумець характар майстра. Яшчэ да сустрэчы дакладна вызначыла, што мая суразмоўца прафесіянал сваёй справы і незвычайны чалавек: вельмі жыццярадасны, крайне пазітыўны і лёгкі. Так і аказалася. Аб гэтым расказваюць і былыя калегі, якім давялося працаваць з ёй.
Сёння ў вядомага папарацы новыя захапленні: кветкі, вязанне і невялічкі агародчык, аб былой працы нагадваюць фота, якія засталіся не толькі ў доме Бабровых, але і ў архіве рэдакцыі. Але менавіта яны самыя каштоўныя сведкі паміж сучасным і мінулым.
Напрыканцы сустрэчы Святлана Баброва беражліва дастае з шафы стосік «ШК» і сямейны альбом, большая частка фотаздымкаў тут належыць ей. І ў кожнага свая гісторыя. Старонка за старонкай, вось сустракаюцца некалькі, дзе мая гераіня ўжо па той бок камеры. Даверыўшы свой рабочы інструмент знаёмым і зрабіўшы некалькі прывычных рэкамендацый, яна шчасліва ўсміхаецца ў кампаніі ўнукаў. Такія моманты для яе самыя шчаслівыя – яна гатова доўга распавядаць пра дасягненні агульных любімцаў сям’і ў вучобе і спорце. А мары ў яе простыя, але важныя – каб у кожнай сям’і быў лад, родныя былі здаровы, а ўнукі выбралі прафесію па душы.
Раптам Святлана Віктараўна ўспамінае пра аб’ектыў, які калісьці ёй падарыў наш зямляк, генерал-маёр, паэт Іван Юркін. Так і не давялося пакарыстацца, было шкада: занадта цэнны падарунак. А потым дае яшчэ некалькі цэнных парад, і ўсё ж не ўтрымлівае, бярэ ў рукі фотаапарат, аб такім яна і марыць не магла. Аб чым думае Святлана Баброва ў тыя хвіліны, магу толькі здагадвацца: а я з удзячнасцю зберагу момант нашай сустрэчы, бо гэта было маёй марай – напісаць гісторыю пра чалавека, які пісаў гісторыю ўсёй Хоцімшчыны.


Вольга Зайцава

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...
0

Автор публикации

не в сети 4 часа

hotimsk

900000K

flagБеларусь. Город: Хотимск
Комментарии: 0Публикации: 2617Регистрация: 10-01-2018

Похожие записи

Оставить комментарий

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Авторизация
*
*
Войти с помощью: 
Регистрация
*
*
*
captcha
Войти с помощью: 
Генерация пароля
Return to Top ▲Return to Top ▲

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: