Полвека на двоих: пара Авдюшко из Тростино отметила “золотую свадьбу”
Сям’я — самае важнае, што ёсць у жыцці кожнага чалавека. Гэта маленькая радзіма, надзейная прыстань, маленькі свет, які заўсёды побач. А пражыць разам з любімым чалавекам доўгія гады – гэта і ёсць самае вялікае шчасце, але разам з тым і вялікая штодзённая праца. Бо на працягу многіх гадоў ісці па жыцці плячом да пляча, пераадольваючы цяжкасці і радавацца кожнаму дню, здольныя нямногія. Нездарма пяцідзесяцігадовы юбілей сумеснага жыцця называюць залатым, такім чынам указваючы на высокую пробу пражытых разам гадоў. Не так даўно гэту знамянальную падзею адзначылі жыхары вескі Трасціно – Міхаіл Мікітавіч і Ганна Ільінішна Аўдзюшка.
Гаспадара сустрэла каля калодзежа. Ён прапанаваў прайсці ў дом, дзе мяне ўжо чакала гаспадыня. Разам з хваляваннем, адразу адчувала даверную цёплую атмасферу, якая панавала ў доме. Ад Ганны Ільінішны даведваюся, што праз некалькі дзён з арміі прыходзіць унук-дысантнік. Зараз усе размовы ў сям’і аб гэтым. Трэба як след падрыхтавацца, пірагоў напячы, ні адно свята без бабуліных кулінарных шэдэўраў не абыходзіцца. Да размовы далучаецца Міхаіл Мікітавіч, і падчас нашай цёплай размовы дастае з шафы сямейны альбом. Старонка за старонкай па чарзе знаёмлюся з кожным членам сям’і па фота – дачушкі, унукі і нават ужо праўнучка.
З гаспадарамі прыемна пагаварыць пра ўсё на свеце, такое ўражанне, што знаёмы мы вельмі даўно. І маючы зносіны з імі, здаецца, што размаўляеш з адным чалавекам. Вядома, за пяцьдзесят гадоў сумеснага жыцця яны сталі адзіным цэлым, а вось першае іх знаёмства адбылося далёка за межамі хоцімскай зямлі, у Пензенскай вобласці. На той час Міхаіл праходзіў службу ў арміі.
Пазнаёміліся падчас самаволкі, у якую неяк вырашыў схадзіць юнак. Але тое парушэнне і першая сустрэча ў інтэрнаце стала вызначальнай для абодвух. Дзяўчына са шчырай усмешкай і даверлівым поглядам адразу прыглянулася Міхаілу. Вось і ўся, здавалася б, гісторыя . Юбіляры прызнаюцца, што гэта было каханне з першага позірку, а ў хуткім часе яны проста падалі заяву. Нават не прыйшлося чакаць месяц, у той жа дзень маладых і распісалі. Так вось проста 50 гадоў назад без дарагога вяселля і вясельных убораў прайшла рэгістрацыя іх шлюбу.
Так супала, што Міхаіл дэмібілізаваўся якраз пад Новы год, 31 снежня. І маладыя ў навагоднюю ноч упершыню апынуліся на Хоцімшчыне, на радзіме Міхаіла. Варыянты аб тым, каб застацца ў краі знаёмства нават і не разглядалі, яны адразу палюбілі ўсім сэрцам прыбесядскі край з яго шчырымі людзьмі. Першым жыллем маладых стала бацькоўская пяцісценка мужа, але ў хуткім часе і сваю хатку прыдбалі. Пачалося звычайнае сямейнае жыццё са сваімі радасцямі і штодзеннымі клопатамі. З розніцай у чатыры гады нарадзіліся любімыя дачушкі – Таццяна і Алена. Сагрэтыя цеплынёй бацькоўскага сэрца, дзеці хутка выраслі, паспелі абзавесціся сваімі сем’ямі.
Усё жыццё пражыўшы ў вёсцы, мае героі ведаюць цану працы на зямлі. Ён працаваў механізатарам, яна большы адрэзак працоўнага стажа – поварам. І нават сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, яны не сядзяць без справы – з задавальненнем працуюць у гародзе, ходзяць у лес за грыбамі і ягадамі, гаспадар любіць рыбачыць.
– У чым жа сакрэт вашага шматгадовага і моцнага шлюбу? – цікаўлюся ў юбіляраў.
– А сакрэту ў нас няма ніякага. Проста мы ўсё робім разам. Вядома, было ўсё за гэты час: ні адзін пуд солі давялося з’есці. Але, калі я з кудысьці ад’язджала, то спакойна пакідала дом і гаспадарку на мужа, ведала, што ён мяне ніколі не падвядзе і з усім справіцца. Я заўжды адчувала яго падрымку, як зараз кажуць была «за мужам». Парады маладым простыя: трэба ўмець уступаць, быць цярплівымі і памяркоўнымі адзін да аднаго, да меркаванняў і жаданняў сваёй другой паловы, – дзеляцца гаспадары.
Па прызнанні юбіляраў, пяцьдзесят гадоў праляцелі непрыкметна. Пройдзена доўгая дарога плячо ў плячо, заўсёды побач – і ў радасці і ў смутку. Усякае давялося перажыць, але сваю любоў, пяшчоту, павагу і дабрыню сэрцаў яны пранеслі праз усё сваё сумеснае жыццё, зразумеўшы, што іх любоў мацней часу.
Залаты юбілей стаў для маіх герояў яшчэ адным знамянальным маяком у іх жыцці. У гэты дзень самым лепшым падарункам для юбіляраў стала тое, што родныя, блізкія, сябры сабраліся разам. У іх адрас гучалі шчырыя віншаванні, далучыліся да іх і вяскоўцы на святочным сакавіцкім канцэрце. Сямейны летапіс папоўніўся новымі запамінальнымі малюнкамі. А Ганне Ільінішне на наступны круглы юбілей паабяцалі падарунак, які так і не давялося прыдбаць – сапраўдную вясельную сукенку.
Прайшло нямала гадоў, маршчынкі разбегліся па іх тварам, але ўсё гэтак жа свецяцца ўсмешкамі іх вочы і з такім жа каханнем глядзяць яны адзін на аднаго. Аўдзюшкі лічаць, што каханне – гэта тое галоўнае пачуццё, якое трэба берагчы кожны дзень. І няхай складаецца яно з паўсядзённых будняў, але, калі два блізкіх чалавека паважаюць, дапамагаюць і уступаюць адзін аднаму, працуюць і радуюцца разам – вось яно сапраўднае шчасце сям’і, якое павінна беражліва захоўвацца дваімі.
Вольга Зайцава