Темы

Горад, дзе жывуць шчаслівыя людзі

Горад, дзе жывуць шчаслівыя людзі

Шасцігадовая Аленка больш за ўсё любіла гуляць у пясочніцы. Яна магла гадзінамі тварыць з пяску свой горад, а потым уяўляць, як жыве ў ім. Дзяўчынку засмучала адно: у яе адсутнасць з суседняга двара маглі прыскочыць задзіры-хлапчукі, і яе пясчаная ідылія ў адно імгненне ператваралася ў роўную шэра-жоўтую груду. І раніцай зноў прыходзілася пачынаць працу спачатку: выдумляць і будаваць, будаваць і выдумляць. Хлопчыкі. Што з іх возьмеш? Бегаюць днямі, страляюць – гуляюць у вайну. Ім усё роўна: ламаць – не рабіць. Але Аленка – упартая і працавітая дзяўчынка, а яшчэ вельмі ўважлівая.
Вось яна і заўважыла, што акрамя маці, якая перыядычна назірала з акна двухпавярхоўкі, за ёй пільна сачылі яшчэ нечыя вочы. І яна хутка зразумела чые. На лавачцы, непадалёк ад пясочніцы сядзелі старыя, якія чамусьці заўжды трымаліся за рукі. Менавіта, яны назіралі за малой. Алена нічога не ведала аб іх, акрамя таго, што жывуць яны ў суседняй двухпавярхоўцы.
У чарговы раз убачыўшы свае разбураныя домікі, засмучаная дзяўчынка ў слязах забегла ў кватэру, каб пажаліцца маці.
– Гэтыя шкодныя хлапчукі зноў усё зламалі. Мама, паглядзі, яны ўсё парушылі, я так старалася, а яны зноў, – заліваючыся ад слёз, лепятала Аленка і цягнула маці да акенца, каб паказаць чарговы разгром на дзіцячай пляцоўцы.
Маці пакінула ўсе хатнія справы, падышла з дачушкай да акна і адкінула ўбок шторы. Каля самай пясочніцы яны заўважылі старэнькага дзядулю, які заўжды хадзіў пад ручку з пажылой жанчынай. На гэты ж раз жанчына цярпліва сядзела на лавачцы і толькі моўчкі паглядала ў бок пясочніцы. Мужчына стаяў каля разбуранага гарадка, быццам над нечым разважаў.
– Мама, а хто гэты дзядуля, што стаіць вунь там, каля пясочніцы. Калі я гуляю, ён заўжды назірае за мной разам вунь з той жанчынай, – паказала Аленка ручкай у бок незнаёмкі на скамейцы.
– А, гэта Сіманавы. Яны з суседняга дома. Міхаіл Іванавіч – ветэран, – патлумачыла маці.
– А што гэта значыць – ветэран? – яшчэ пахліпваючы, не сунімалася дзяўчынка.
– Такія, як ён абаранялі нашу краіну ад ворагаў падчас вайны. Твая бабуля часта расказвала: Міхаіл Іванавіч прайшоў усю вайну, мае шмат узнагарод, падчас аднаго з апошніх баёў быў цяжка ранены ў руку і трапіў у шпіталь. Пачалася гангрэна і руку ўратаваць не ўдалося. Аперацыя была складанай і без усякіх там наркозаў. Ён проста моцна сціснуў руку медсястры Кацярыны і ўвесь час паўтараў: «Толькі не адпускай, ніколі не адпускай маёй рукі». Яна і не адпусціла… Так вось з 45-га і ідуць разам, рука аб руку, са сваёй Кацюшай. Цяпер у Міхаіла Іванавіча замест рукі пратэз, шмат шрамаў засталося на целе, але самыя вялікія і незагойныя – на сэрцы… Але нягледзячы на гэта, яны з жонкай прайшлі вайну, пабудавалі дом, выхавалі дзяцей. Сіманавы вельмі паважаныя ў горадзе людзі, – паведала дачушцы гісторыю мама.
Алена слухала вельмі ўважліва, толькі зараз яна зразумела, што амаль кожны дзень сустракалася позіркам з сапраўдным героем. А зараз ён стаяў каля яе разбуранага пясочнага горада. Дзяўчынка адарвалася ад матулінага аповяду і зноў выглянула ў акенца. Яна ўбачыла ветэрана, які сядзеў на дашчатым крайку пясочніцы і нешта рабіў адной рукой. Раптам да яго падбеглі хлапчукі і ветэран нешта ім сказаў. Аленка назірала, як яны стаялі, вінавата сагнуўшы галовы, а потым нават пачалі нешта дапамагаць. Маці яшчэ нешта расказвала, але дзяўчына ўжо слухала праз слова… Ёй так хацелася збегчы ўніз і паглядзець, што ж робіцца ў яе пясочніцы. Прайшло каля гадзіны і задзіры-хлапчукі ўжо разышліся. Да пясочніцы падыйшла Кацярына, мужчына падаўся да яе, яшчэ раз ацэначна зірнуў і яны зноў узяўшыся за рукі, няспешна накіраваліся ў бок свайго дома.
Аленка пуляй праскочыла па ступеньках і праз хвіліну апынулася каля пясочніцы. І што ж яна ўбачыла: яшчэ ніколі яе пясочны горад не быў такі прыгожы, такі сапраўдны, такі святочны. Яшчэ добра не аддыхаўшыся ад бегу, яна не магла нічога зразумець. «Як так? – гучала ў яе маленькай галаве пытанне. – Як у яго атрымалася пабудаваць такую прыгажосць адной рукой?»
І раптам, супакоіўшыся ад нечаканасці і ўдзячнасці, яна як магла прамовіла ўслед «дзякуй». Мужчына быў ужо даволі далёка і наўрад ён мог пачуць тыя словы, але раптам дзяўчынцы падалося, што ён прыпыніўся. А можа ёй толькі падалося. Але яна спадзявалася, што Міхаіл Іванавіч усё ж пачуў яе шчырую падзяку.
І была гэтая падзяка не толькі за пабудаваны пясочны горад, які, як падалося Аленцы быў проста ідэальны. У новым горадзе былі ўсе шчаслівыя, там не было вайны і людзі гулялі, трымаючы за рукі адзін аднаго. Яна раптам зразумела: гэта яе мірны горад, дзе жывуць разам з бацькамі такія дзеці як Аленка, і як тыя шкоднікі-задзіры з суседняга двара, і такія як Сіманавы, хоць засталося падобных, нажаль, зусім няшмат. Але менавіта такія, як Міхаіл Іванавіч зрабілі яе горад квітнеючым, прыгожым і што самае важнае – мірным. А што такога хлопчыкам каля пясочніцы сказаў ветэран, што яны больш ніколі не разбуралі Аленчын горад? Дзяўчынка аб гэтым магла толькі здагадвацца.

Вольга Мірава

Последние новости

Образование

Минобразования скорректировало сроки вступительной кампании в ссузах

19 апреля 2024
В районе

В Хотимском УКП «Жилкомхоз» прошла профилактическая акция по тестированию на ВИЧ-инфекцию методом экспресс-диагностики по крови

19 апреля 2024
Актуально

9 хотимчан отправятся в весенний призыв на срочную службу

19 апреля 2024
Общество

Внимание: сложные погодные условия

19 апреля 2024
Актуально

Председателю Хотимского районного объединения профсоюзов Валентине Войтенко вручили юбилейную медаль

19 апреля 2024
Общество

ОБ ОПОВЕЩЕНИИ ВОЕННООБЯЗАННЫХ

19 апреля 2024
Актуально

Делегация Хотимского района принимает участие в международной выставке-ярмарке туристских услуг “Отдых”

19 апреля 2024
БелТА: в стране и мире

Лукашенко произвел кадровые назначения в структуре Следственного комитета

19 апреля 2024
В районе

Нетрезвому не место за рулем! Госавтоинспекция проведет комплекс мероприятий по предупреждению ДТП

18 апреля 2024
В районе

Рейдовая группа технической инспекции труда ФПБ посетила организации Хотимского района

18 апреля 2024

Рекомендуем

Происшествие

В ДТП в Хотимском районе погиб велосипедист

14 апреля 2024
Актуально

Татьяна Кузьменкова награждена Почетной Грамотой Могилевского областного комитета Белорусского профсоюза работников культуры, информации, спорта и туризма

11 апреля 2024
Актуально

Александр Александрин – Лауреат Международного литературного конкурса в рамках Международного фестиваля «Мгинские мосты»

8 апреля 2024
В районе

В решении проблем домашнего насилия вам помогут

11 апреля 2024
В районе

Какие деревни Хотимского района посетил библиобус

9 апреля 2024
Актуально

В Хотимске новый главный государственный инспектор управления по сельскому хозяйству и продовольствию Хотимского райисполкома

8 апреля 2024
Актуально

Воспитанникам детского сада № 3 рассказали о космосе

9 апреля 2024
Актуально

Медики в Березках знают секреты исцеления сердца и души

15 апреля 2024