Вы здесь
30 лет в системе МЧС: Михаилу Горбачеву есть чем поделиться с молодыми кадрами Личность 

30 лет в системе МЧС: Михаилу Горбачеву есть чем поделиться с молодыми кадрами

Маёр унутранай службы ваенізаванай пажарнай часці ў адстаўцы Міхаіл Гарбачоў прывык адзначаць свае дні нараджэнні ў вузкім кругу самых блізкіх і любімых людзей. Але ўжо стала па-сапраўднаму добрай традыцыяй атрымліваць на чарговае свята прыемныя словы не толькі ад сям’і, але нават ад самога міністра па НС РБ Уладзіміра Вашчанкі. Не адзін год не абыходзіцца без такіх віншаванняў, гэта заўжды прыемна і разам з тым хвалююча. Вось і запрашэнне ад намесніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні РАНС Івана Зязюльчыка наведаць аддзел, юбіляр успрымае з ноткамі хвалявання: 26 год, аддадзеныя рабоце ў дадзеным падраздзяленні, не прайшлі бясследна. Прыемна, што і сёння запрашаюць у госці, просяць падзяліцца вопытам, цэняць, а значыць помняць.

Сустрэча з маладымі кадрамі

Міхаіл Мікалаевіч праходзіць па знаёмым кабінетам, а потым накіроўваецца ў дэпо, уважліва разглядае тэхніку, успамінае, як уласнымі намаганнямі займаліся будаўніцтвам пажарнай часці, у якой прапрацаваў да выслугі гадоў. Не можа не радаваць наяўнасць тэхнікі: сёння тэхнічая база значна палепшылася, у параўнанні з тымі часамі, калі рабіў ён. Некаторым з цяперашніх работнікаў давялося працаваць пад яго чулым кіраўніцтвам, і сёння яны з удзячнасцю і павагай успамінаюць той час, калі былі яшчэ зусім маладымі, а Мікалаевіч, так сёння па-сяброўску яны звяртаюцца да свайго былога кіраўніка, вучыў іх усяму таму, што магло спатрэбіцца ў працы. Строгасцю маёр Гарбачоў не адрозніваўся, але кожны яго падначалены заўжды ведаў свой фронт работы і адказна імкнуўся выканаць даручаную яму справу.
— Што сказаць сучаснай моладзі? У першую чаргу, хачу пажадаць усім супрацоўнікам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, бо калі ёсць добрая падтрымка з боку блізкіх людзей, то куды больш упэўнена сябе адчуваеш. А моладзі хачу пажадаць адказна адносіцца да свайго выбара, не імкнуцца змяніць месца працы, калі нешта раптам не атрымоўваецца з першага раза і, безумоўна, добрай працы без залішніх «прыгод», — дае настаўленне Міхаіл Гарбачоў.
У цёплай сяброўскай атмасферы мой суразмоўца падчас сустрэчы з саставам яшчэ падзеліцца сваімі ўражаннямі, а потым пад бурныя апладысменты начальнік РАНС Вадзім Войцікаў уручыць юбіляру падарункі – Падзячнае пісьмо ад кіраўніцтва Магілёўскага абласнога упраўленння МНС РБ, медаль «Ветэранская падзяка», а таксама памятны падарунак ад аддзела.

Ад інспектара да начальніка ВПЧ

Сустрэча ў аддзеле нагадала аб мінулым: Міхаіл Гарбачоў пачынаў свой працоўны шлях інспектарам пажарнага надзора аддзела ўнутраных спраў. Атрымалася ўсё выпадкова. Пасля службы ў Германіі, прыехаў на малую радзіму і зайшоў у цырульню, дзе сустрэўся з падпалкоўнікам Самсонавым. «Каб заўтра прыходзіў на працу», — камандна прамовіў той. І Міхаіл прыйшоў.
— Няпроста было. Не было столькі тэхнікі, пратаколы пісалі ад рукі, сёння больш магчымасцей – камп’ютарызацыя значна палегчыла працу. А раней рукзак за плечы – і пайшоў правяраць аб’екты. У іншым калгасе мог дзён да пяці затрымацца, пакуль усё не абследуеш. Так вось і працавалі. У нас нават жарт свой быў: на пажар на веніку выязжаць. Не было тэхнікі: адна машына, начальнік варты, пажарны і вадзіцель – вось і ўся змена. Спраўляліся, а яшчэ трэба было ў патрулі хадзіць, вольнага часу амаль не было, адпачывалі па некалькі гадзін на дзень, – успамінае юбіляр.
У хуткім часе інспектар Гарбачоў стаў старэйшым інспектарам, але адказнае стаўленне да працы не засталося незаўважаным, і Міхаілу Мікалаевічу даверылі кіраваць цэлым аддзелам. Да выслугі ён так і застаўся выконваць гэтыя абавязкі.

Агонь загартоўвае характар

— У гэтай сферы выпадковых людзей быць не можа. Чалавек, які працуе тут павінен быць адказным, адважным і фізічна добра падрыхтаваным. Некаторыя кажуць, што міліцыянеры, урачы, ратавальнікі становяцца з цягам часу чэрствымі да чужога гора. Але гэта не так. На самай справе любую надзвычайную сітуацыю проста ўспрымаем, як частку сваёй працы. Задача супрацоўнікаў аддзела – любой цаной аказаць неабходную дапамогу людзям, што трапілі ў бяду, зрабіць сваю справу якасна, таму што кожны, хто працуе ў дадзенай сферы ведае цану чалавечага жыцця, – дзеліцца Міхаіл Мікалаевіч.
Сапраўды, праяўляць слабасць і даваць волю пачуццям пажарныя проста не маюць права, вельмі часта адлік ідзе ні тое што на хвіліны, а нават на секунды. Тут важна і хуткасць рэакцыі, і фізічная падрыхтаванасць і псіхалагічная ўстойлівасць. Усімі пералічанымі якасцямі добра валодае Міхаіл Гарбачоў. Асаблівае месца ў напружаным графіку было адведзена спартыўнай падрыхтоўцы – лыжныя гонкі, лёгкая атлетыка.
Закрануўшы тэму аб якасцях пажарнага, не магу не спытаць у свайго героя, якія выпадкі асабліва запомніліся яму. Некалькі ён адразу ўспамінае: напрыклад, калі на Лобні больш месяца гарэў тарфянік, альбо лясны пажар ля Горні, ці пажар школы-інтэрната, але некаторыя пажары з цягам часу крыху забыліся.
Сёння Міхаіл Мікалаевіч з удзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў, тых людзей, якія заўжды былі побач, дапамагалі не толькі добрым словам, але і справай – старшы інспектар, Анатоль Захаранка і інспектар Мікалай Цітоў і іншых.

Палова маіх дасягнянняў – падтрымка сям’і

За час службы маёра Гарбачова ўзнагарод назбіралася нямалая колькасць: медалі «За бездакорную службу» 2 і 3 ступеняў», памятныя медалі ад Цэнтральнага Савета БГА ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайным сітуацыям «Выратавальнік» і іншыя. Але юбіляр з упэўненасцю заяўляе аб тым, што большая частка яго ўзнагарод належыць не толькі яму, але і яго другой палавіне. Ён заўжды ведаў – дома яго чакае надзейны тыл: любімая жонка і дачушкі – Таццянка і Волечка.
— Я вельмі ўдзячны сваім блізкім людзям за разуменне і падтрымку, калі я суткамі мог знікаць на рабоце. У большасці выхаваннем дачушак займалася Тамара. Я быў больш патрабавальны, мабыць, вялікае значэнне на характар аказала мая праца, – працягвае суразмоўца.
Сёння Тамара Уласаўна і Міхаіл Мікалаевіч не толькі шчаслівыя бацькі, але і дзядуля і бабуля. Любяць калі ўнукі прыязджаюць да іх у госці, тут у вялікім доме, пабудаваным сваімі рукамі, шмат прастору для творчасці і гульні, тут абавязкова папесцяць і пачастуюць рознымі ласункамі.
На пытанне, ці жадаў бы герой нешта змяніць у сваім жыцці, адразу адказвае адмоўна. Гарбачовы цвёрда ўпэўнены, што склалася так, як і павінна было скласціся. Яны без астатку аддавалі сябе працы і сямейнаму асяродку, імкнуліся ва ўсім быць прыкладам сваім дзецям, а цяпер і ўнукам. А калі ўсе запланаванае ў жыцці атрымалася, значыць усё было недарэмна.

Вольга Зайцава

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...
0

Автор публикации

не в сети 3 часа

hotimsk

899999K

flagБеларусь. Город: Хотимск
Комментарии: 0Публикации: 3520Регистрация: 10-01-2018

Похожие записи

Оставить комментарий

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Авторизация
*
*
Войти с помощью: 
Регистрация
*
*
*
captcha
Войти с помощью: 
Генерация пароля
Return to Top ▲Return to Top ▲

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: