На МТК «Тростино» делают деньги
21.01.2020
Беларусь будет стремиться поставлять с российского рынка 30-40% от необходимых объемов нефти
23.01.2020
Показать все

Римма Шалганова: «Вся жизнь, как один танец»

Новы праект Вольгі Зайцавай «Хацімчане» – аб цікавых людзях Хоцімшчыны. Першай гераіняй праекта стала Рыма Шалганава. Жыццярадасны аптыміст, прыгожая, эфектная жанчына, клапатлівая маці і жонка, цудоўная бабуля, надзейны сябар, прафесіянал сваёй справы і проста вельмі сонечны, шчыры чалавек.

Многія гледачы прывыклі, што любое дзеянне, якое адбываецца на сцэне – у асноўным работа акцёраў. Насамрэч, нямногія задумваюцца над тым, што тут працуе шмат людзей, чыя праца не публічная, але без удзелу якіх немагчыма не адна пастаноўка. Напрыклад, касцюмера ніколі не ўбачыш ні ў кадры, ні на сцэне, нямногія ўспомняць, як яго завуць ці задумаюцца над тым, колькі працы ўкладзена ў кожную складачку сукенкі галоўнай гераіні. Але варта адзначыць, што праца яго не менш значная, чым праца самога акцёра. Без касцюмаў успрыманне любой, нават самай феерычнай п’есы, будзе сухім і нецікавым.
Такі ўступ невыпадковы, бо ў артыкуле размова пойдзе аб Рыме Шалганавай, гэтага чалавека на Хоцімшчыне ведаюць амаль усе. А без яе прыгожых касцюмаў амаль не адно мерапрыемства, прычым не толькі раённага ўзроўню, не абыходзіцца. У яе «залатых руках» нават рэчы з бабуліных куфраў знаходзяць шанс на другое жыццё.
Сёння Рымма Уладзіміраўна, як гэта прынята казаць, на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму ў яе шмат творчых ідэй, якія яна працягвае рэалізоўваць. Так, новыя вышываныя сукенкі ў беларускім стылі для артыстаў РЦК і адзенне для хлопчыка і дзяўчынкі, якія ў хуткім часе ўпрыгожаць куток у дзіцячай бібліятэцы — сярод апошніх прац майстра.

— Рыма Уладзіміраўна, бачу вы не сумуеце на пенсіі. Вельмі прыемна, што працягваеце займацца пашывам касцюмаў для нашых маленькіх і дарослых артыстаў, а яшчэ ведаю, што вы з’яўляецеся кіраўніком танцавальнага гуртка для пажылых грамадзян РЦСАН.

— Гэта так. Прызнацца мяне вельмі хвалявала гэтае слова «пенсія», кожны чалавек успрымае гэты перыяд па-свойму. Многія падаюць духам ад незапатрабаванасці і смутку. Але я з упэўненасцю магу сказаць, што асабіста для мяне гэта цудоўная пара, час, калі ты ўжо шмат дасягнуў у жыцці, стаў больш мудрым. Кожную вольную хвіліну ты можаш займацца любімай справай. Для мяне гэтай справай з’яўляецца шыццё. Прафесійна гэтаму нідзе не вучылася. Самастойна, метадам проб і памылак імкнулася дасягнуць добрых вынікаў. А пачалося ўсё вельмі даўно, калі я толькі прыйшла працаваць старэйшай піянерважатай у СШ № 2. Першы канцэрт – і першыя мае касцюмы былі зроблены са спісаных штор. Як мне здавалася на той момант, атрымалася вельмі добра. Але тут жа прыйшлося выслухаць першую крытыку, і гэта моцна засела ў маёй памяці. Мабыць, з гэтай не вельмі станоўчай ацэнкі і пачалося маё захапленне шыццём. Для мяне не мае значэнне, колькі я працую, які гэта час сутак, дзень альбо ноч, для мяне важна, які вынік атрымаецца. Калі мая праца завершана, адчуваю задавальненне ад таго, што мае касцюмы камусьці патрэбны, вельмі прыемна чуць ад людзей «дзякуй».
У Рымы Шалганавай ёсць яшчэ адно захапленне, якое займае не менш значнае месца ў яе жыцці, чым вышыванне. І гэта захапленне – танец. Як прызналася мая гераіня (з усмешкай, аўт.), яна з самага маленства любіла танцы: такое ўражанне, што танчыць навучылася значна раней, чым хадзіць. Разам з бацькам, які быў першым хлопцам у вёсцы, пад гукі гармоніка плясала на кожным вяселлі, праводзінанах. Седзячы ў гасцях, за сталом, Рыма не магла дачакацца, калі ж тата расцягне мяхі і яна пусціцца ў пляс. Некаторыя элементы танца дзяўчынка пераняла ад маці, якая таксама была заўзятай танцоркай. Усё жыццё праляцела як адзін танец, калі хутка пракруціць яго, быццам на плёнцы кінематографа…
Калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, дзяўчына без асаблівага роздуму паступіла ў культпрасвет на харэографа. Адразу пасля сканчэння вучылішча па размеркаванні трапіла ў Канаўскі СДК у якасці дырэктара на сваю малую радзіму, сваю любімую хоцімскую зямлю. У хуткім часе пазнаёмілася з будучым мужам. А на другі дзень, пасля заключэння шлюбу, Галіна Урбановіч, якая на той час працавала дырэктарам СШ № 2 прапанавала актыўнаму маладому спецыялісту перавесціся старэйшай піянерважатай у школу. Рыма Уладзіміраўна прыняла гэтую прапанову. І пасля ніколькі не пашкадавала аб прынятым рашэнні.Па яе словах гэта самы цудоўны і шчаслівы час. Яна ўспамінае, з якім захапленнем кожны раз ехала ў абласны цэнтр, каб набыць найпрыгажэйшую тканіну для пашыва новых касцюмаў. Выбірала самую лепшую, і радасная з вялізнымі рулонамі спяшалася дамоў. А прахожыя глядзелі на маленькую дзяўчыну з цюкамі праз плячо і толькі ўсміхаліся. Але Рыма не заўважала тых усмешак, яна была шчаслівая ад таго, што цяпер зможа пашыць яшчэ больш прыгожых сукенак і кашуль.
Найвялікшае задавальненне педагог атрымоўвала ад усяго: і ад працы з дзецьмі, і ад зносін з педкалектывам. Менавіта ў сценах школы яна пазнаёмілася з цудоўнейшымі людзьмі, з якімі і сёння падтрымлівае цесную сувязь. Сярод іх Надзея Кавалёва, узор пазітыва, за ёй ва ўсе часы ішла цэлая армія маладых людзей і Наталля Бяляева, сапраўдны ўзор надзейнага і вернага таварыша.
– Як шмат сёння тых, каму хочацца выказаць самыя шчырыя словы падзякі, але, мабыць, не хопіць газетнай паласы. Безумоўна, у першую чаргу хачу ўзгадаць найцудоўнейшага, душэўнага чалавека і кіраўніка Антаніну Пятроўну Краўцову. Дзеля таго, каб парадаваць яе наш дружны калектыў быў гатовы звярнуць горы, зрабіць усё магчымае і нават немагчымае, а яна, у сваю чаргу, у любым пытанні гатова была падтрымаць нас. Я заўжды з асобай павагай адносілася да сваіх сяброў. Асаблівым аўтарытэтам карысталася Надзея Кавалёва. І, калі падчас аднаго з нашых падарожжаў у Карэлію, знаёмы мужчына звярнуўся да яе “Надзя”, я доўга не магла зразумець, як гэта да Надзеі Іванаўны можна звяртацца вось так, толькі па імені. Настолькі я з павагай ставілася да гэтага чалавека,- дзеліцца суразмоўца сваімі ўспамінамі.
Варта сказаць, што ў жыцці гэтага жыццярадаснага, сонечнага і таленавітага чалавека былі няпростыя моманты, але яна не любіць аб гэтым успамінаць…Прысвяціўшы працы ў школе нямалы адрэзак жыцця, даўжынёю каля 30 год, Рыма Уладзіміраўна пасля працягнула займацца любімай справай у Дзіцячай школе мастацтваў да самай пенсіі.
Ёсць у Рымы Шалганавай сапраўдны ўзор для натхнення, аптымізма і жыццялюбства. Гэта яе сяброўка і суседка Антаніна Аляксандраўна Куляшова (зводная сястра знакамітага паэта-земляка Аркадзя Куляшова, аўт.), якая і ў дзевяноста год працягвае строіць планы на будучыню і ўмее радавацца кожнаму пражытаму дню. Для Рымы Уладзіміраўны таксама кожны новы дзень адкрываюцца новыя гарызонты і вось яна спяшаецца падзяліцца сваімі апошнімі дасягненнямі.
– Ніколі не баялася эксперыментаваць. Неяк вырашыла паспрабаваць алмазную вышыўку, падабалася. Але самае маё любімае захапленне – шыццё на швейнай машынцы. А яшчэ скажу вам па сакрэту, спраўдзілася мая мара: я навучылася вышываць гладдзю на швейнай машынцы. Вынік мне падабаецца. Іншымі словамі сумаваць аб пражытых гадах няма часу, наперадзе шмат ідэй для творчасці.
Аддаючы шмат часу і сіл на працу, мая суразмоўца знаходзіць месца і для адпачынку. Сярод самых любімых заняткаў: лес і рыбалка. Расказваючы пра свае творчыя дасягненні, Рыма Уладзіміраўна раптам задумваецца і спыняецца на сваіх самых галоўных – сваёй сям’і. Сын Дзяніс пайшоў па матуліных стапах, ён не толькі выкладае ўрокі харэаграфіі, любое выступленне з яго ўдзелам са сцэны праходзіць з аншлагам. Гэтак жа запамінальны гледачам і песні ў выкананні кіраўніка народнага калектыву «Пацеха» Вольгі Шалганавай. Не адстае ад бацькоў і самы малодшы Шалганаў. Ваня паспяхова і з вялікім задавальненнем наведвае заняткі педагога тэатральнага аддзялення ДШМ Ірыны Васільковай, ён з’яўляецца актыўным удзельнікам аб’яднання па інтарэсам “Жывое слова” ЦТДзіМ. Адным словам – цэлая творчая дынастыя. А вось у дзядулі, якога Рыма Уладзіміраўна пяшчотна называе “Васілёк” іншая роля. Ён у якасці гледача з вялікім захапленнем сочыць за поспехамі сваіх любімых і заўжды ганарыцца кожным з іх паасобку.
Вольга Зайцава

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...
0

Автор публикации

899999K
flagБеларусь. Город: Хотимск
Комментарии: 0Публикации: 5310Регистрация: 10-01-2018

Добавить комментарий

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Авторизация
*
*
Войти с помощью: 
Регистрация
*
*
*
captcha
Войти с помощью: 
Генерация пароля

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: