Шчасце мацярынства ў пяцікратным памеры
Ордэн маці з рук старшыні райвыканкама Дзмітрыя Рубана падчас злету перадавікоў народнай гаспадаркі і словы ўдзячнасці за выхаванне дзяцей, бязмежнае цярпенне і цяпло дамашняга ачага атрымала хацімчанка Анжэла Мікуціна.
– Самы лепшы падарунак для любой жанчыны – гэта радасць мацярынства. Гэта пачуццё нельга параўнаць ні з адным іншым у свеце. Вядома, што матулямі не нараджаюцца, і я не лічу сябе ідэальнай маці. Штодзённа даводзіцца працаваць над сабой, вучыцца разам з дзецьмі, і часта яны падаюць вельмі карысныя ўрокі. Будучыню дзяцей у многім вызначае дзяцінства, і калі яно прасякнута дабрынёй і любоўю, то і дзеці ў дарослым жыцці будуць шчаслівымі. Лічу, што ў нашых дзяцей цудоўнае дзяцінства. За гэта вельмі ўдзячна мужу, яго сям’і, сваім бацькам за дапамогу і падтрымку. Сапраўдным узорам для пераймання для мяне заўсёды былі дзве жанчыны: мая маці і маці мужа. Мая матуля жыве вельмі далёка ад мяне, таму за любой парадай звяртаюся да свякровы, якая выхавала цудоўных дзяцей. Гэта вельмі светлы чалавек з незвычайна добрым сэрцам. На працягу многіх гадоў яна дарыла любоў дзецям, сёння атрымлівае шчырую аддачу ў шматкратным памеры, – дзеліцца Анжэла.
Галоўнай матулінай памочніцай з’яўляецца сямігадовая Эмілія, якая ў гэтым годзе пайшла ў першы клас. Дзяўчынка вельмі прагная да ведаў і музыкі. Яна наведвае эстэтычны клас у дзіцячай школе мастацтваў. Іграе на піяніна і старэйшы Дэвід, па яго просьбе бацькі набылі музычны інструмент дадому. А вось пяцігадовы Філіп марыць стаць футбалістам і іграць на гітары. Самым гаманкім і вясёлым дзіцём у сям’і з’яўляецца трохгадовая Эліна. Самаму маленькаму любімцу сям’і падабаецца, калі з ім гуляюць яго старэйшыя сястрычкі і брацікі. Дарэчы, паміж дарослымі і дзецьмі ў сям’і даверлівыя сяброўскія адносіны. Бацькі заўжды прыслухоўваюцца да сваіх дзетак, тыя ў сваю чаргу ведаюць, што могуць заўжды іх падтрымаць.
Вольга Зайцава
Продолжение читайте в номере “ШК” за субботу