Темы

Сапраўдны журналіст павінен адчуваць свайго героя

Чалавек, чыё імя і сёння ў многіх жыхароў нашага маленькага, але маляўнічага гарадка асацыіруецца з раённай газетай. Жанчына, якая прысвяціла рабоце ў «Шлях Кастрычніка» значны адрэзак свайго жыцця і прайшла шлях ад фотакарэспандэнта да галоўнага рэдактара. Напярэдадні Дня друку гераіняй праекта «Хацімчане» стала Ларыса Даніленка – сапраўдны журналіст, эфектная жанчына, пяшчотная маці, і наогул цікавы суразмоўца і чалавек.

Няпростае савецкае дзяцінства

– Родам я з Ушачскага раёна, што на Віцебшчыне. Месцазнаходжанне нашай вёсачкі было вельмі прыгожае – сярод густога лесу, на ўзгорку. Вечарам, калі выйсці на ганак, можна было ўбачыць агні суседніх вёсак. У школу хадзіла шэсць кіламетраў у адзін бок і столькі ж – у другі. Класы былі вялікімі па 43 чалавекі, – успамінае Ларыса Іванаўна.
Гэты час стаў адной з незабыўных старонак дзяцінства. У хрушчоўскую адлігу сям’я жыла вельмі бедна. Каб зарабіць на школьныя падручнікі, сшыткі і самае неабходнае з вопраткі і абутку, збіралі з братам і здавалі на прыёмны пункт ягады, кару лазы. Гумавыя боты і ватоўка былі прывычным адзеннем на любую пару года.
Вялікай драмай на ўсё жыццё для маленькай дзяўчынкі стала здрада бацькі, які пакінуў іх дзеля другой сям’і. Нават з цягам часу Ларыса не магла зразумець, чаму бацька так абыйшоўся з імі. Не знайшла адказ на гэтае пытанне нават тады, калі ўпершыню ўбачыла яго будучы ўжо семнаццацігадовым падлеткам. І ніякія душэўныя размовы так і не змаглі кампенсаваць той палыннай горычы, якая засела ў юным дзявочым сэрцы.
Да ведаў дзяўчынка з малых гадоў была прагнай. Вельмі любіла чытаць. Электрычнасці ў той час у вёсцы не было і прыходзілася вучыць урокі і пазнаваць свет мастацкай літаратуры пры святле газнічкі (так называлася невялікая жасцянка з керасінам і апушчаным у яе фіцілём, Аўт.) Любоў да чытання пасля перадалася і сынам, для якіх гэты занятак таксама стаў адным з упадабаных.

У гушчы падзей

Пасля развітання са школай, трэба было адпраўляцца ў далекае плаванне пад назвай жыццё. Дзядзька (брат маці. – Аўт.), які жыў у Баранавічах, уладкаваў пляменніцу тэхнічкай у сярэднюю школу. Першы самастойны выезд у вялікі горад вясковай дзяўчынцы запомніўся на ўсё жыццё.
– Прыбірала ў класах, калі ўсе вучні разыходзіліся па дамах. А калі трэба было апавяшчаць аб пачатку ці заканчэнні ўрока, са званком у руках імчала, затаіўшы дыханне, з аднаго канца калідора ў другі. Каб толькі ніхто не заўважыў. Ці, калі разносіла чай вучням, сціпла апускала ўніз вочы, каб лішні раз не бачыць спачувальныя позіркі равеснікаў, – працягвае суразмоўца.
Надыйшоў час вызначацца з прафесіяй. У хуткім часе яна паступае ў Мінскае паліграфічнае вучылішча. Калі ж прыходзіць час размеркавання, у яе выпадае магчымасць паехаць у іншы, больш вялікі горад і, магчыма, атрымаць больш выгадную вакансію, але дзяўчына выбірае самую ўсходнюю частку Беларусі.
Так, у жніўні 1968 года малады спецыяліст упершыню апынулася на хоцімскай зямлі. Безумоўна, на той час яна і ўявіць не магла, што першае месца працы стане для яе лёсавызначальным, а незнаёмы пасёлак – другой малой радзімай .
Рэдакцыя разам з друкарняй у той час размяшчалася ў дзвюх невялікіх кабінетах у драўляным будынку (зараз на гэтым месцы гаспадарчы магазін, Аўт.). Пра фоталабараторыю і марыць не прыходзілася. Рабіла здымкі глыбокай ноччу, бо газету часцей за ўсё падпісвалі далёка за поўнач. А к дзевяці зноў спяшалася на працу… З транспартам таксама было туга, вельмі часта прыходзілася дабірацца да пункта назначэння пешшу.
З усмешкай успамінае Ларыса Іванаўна і сваё першае заданне, калі ў Ліпаўцы адкрывалі помнік да 25-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прысутныя госці абступілі манумент з розных бакоў, і неяк было да яго падступіцца, каб зрабіць здымкі. Дзякуй людзі дапамаглі, дзяўчына не заўважыла, як апынулася на дрэве. Але галінка, на якой прымасцілася не вытрымала… Усе прысутныя пераключылі свае позіркі на яе. Тады яна ўпершыню апынулася ў цэнтры ўвагі…

Аднойчы і назаўсёды выбраны шлях

Да працы мая гераіня заўжды адносілася з вялікай адказнасцю. Колькі б не даводзілася рабіць даручанае заданне, яе заўжды цікавіў канчатковы вынік. Маладую актывістку, камсамолку, прыгажуню ўсё часцей сталі заўважаць. І не толькі на ўзроўні раёна. Яе выбіраюць членам раённага штаба “Камсамольскага пражэктара”, а затым членам раённага, абласнога і рэспубліканскага камітэтаў прафсаюза работнікаў культуры. Прымаюць у партыю.
– Гэта светлы час у маім жыцці. Тады я пазнаёмілася з многімі творчымі людзьмі. Яны былі вельмі цікавымі неардынарнымі асобамі, побач з імі я выглядала вельмі сціпла, як у плане паводзін, так і знешняга выгляду.
…Успомнілася маё адзінае светлае паліто, на якім была прыкметна любая пляма. І вось я вырашыла перафарбаваць яго ў цемны колер. Але атрымаўся сапраўдны канфуз… Яно аказалася мне цесным. А трэба было ехаць у Мінск. Купляць абновы не было за што, бо са сваёй мізэрнай зарплаты дапамагала маці і брату. Жыццё навучыла шыць, вязаць і не толькі сабе, а і сяброўкам, суседкам…, – расказвае жанчына.
Дыплом аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы Ларыса Іванаўна атрымала ў 1976 годзе. А пасля… пасля было ўсё: праца, каханне, сям’я, дзеці.
У самыя розныя жыццёвыя моманты, у думках яна ніколі не шкадавала пра выбраны шлях журналіста. І ўсе няпростыя перапетыі, якія рыхтаваў лёс, заўжды ўспрымала дастойна: станавілася мацней, глядзела на мір па-іншаму, і, нажаль, не заўжды ў яркіх фарбах. Часта за маскай «жалезнай ледзі» хавалася самая звычайная жанчына, якой хацелася цеплыні, увагі, разумення.

Аб самым важным

Рыхтуючы публікацыю раптам спыняюся і разумею, што газетная паласа хутка скончыцца, а я не расказала аб самым галоўным. Аб каханні. Мужа Ларысы Іванаўны – Анатоля Міхайлавіча – заўжды ведалі і ведаюць на Хоцімшчыне, як першакласнага хірурга.
Іх першае знаёмства адбылося ў школе. Як і многія хлапчукі, у школе юнак праяўляў розныя знакі ўвагі да дзяўчат і асабліва да Ларысы: няёмкія погляды, пакуль настаўніца адвярнулася да дошкі, запіскі над галовамі аднакласнікаў, тузанні за косы.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі прайшло дзевяць гадоў, калі аднакласнікі, пры зусім выпадковых абставінах, сустрэліся зноў. У твары незнаемца, які падыйшоў, убачыла нешта вельмі знаёмае. «Эх ты, не пазнаеш сваіх аднакласнікаў», – вымавіў Толя. Гэта быў ён, яе будучы муж, а гэта спатканне затым прадоўжылася на ўсё жыццё.
Схадзілі ў кіно, а пасля паехалі адным поездам. Пісалі адзін аднаму цёплыя пісьмы, а ў хуткім часе вырашылі падаць заяву на рэгістрацыю шлюбу.
На Хоцімшчыне маладую сям’ю: таленавітага хірурга і перспектыўную журналістку сустрэлі з павагай. На той час Ларыса Іванаўна ўжо была адказным сакратаром, пазней – намеснікам галоўнага рэдактара. А вось пасаду галоўнага рэдактара яна заняла ў 2001 годзе. Дарэчы, у раёне яна стала першай жанчынай – рэдактарам і адзінай сярод рэдактараў раёна членам выканкама!
Маладыя бацькі не маглі нарадавацца з’яўленню на свет доўгачаканага першынца. Няпростая дылема, перад якой апынулася жанчына, будучы цяжарнай другі раз, наклала сур’ёзны адбітак як на яе здароўе, так і на свядомасць. Але ў будучым яе траўма адыграе вырашальную ролю пры выбары прафесіі абодвух хлопчыкаў, якія абяруць медыцыну.
Але для Ларысы Іванаўны журналістыка ніколі не адыходзіла на другі план. Па волі лёсу, з-за праблем са здароўем, прыйшлося змяніць прафесію на некалькі гадоў. Працуючы інспектарам па праблемах сям’і і ваеннаслужачых, яна працягвае пісаць у раёнку пра нялёгкія лёсы воінаў-інтэрнацыяналістаў, праблемы шматдзетных сем’яў. У 1998 годзе прызнана адным з лепшых спецыялістаў вобласці і ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення сацыяльнай абароны аблвыканкама.
– Я ўдзячна ўсім, з кім давялося працаваць. Адным за дапамогу і падтрымку, іншым за набыты вопыт, – дадае напрыканцы сустрэчы мая гераіня.

Верныя клятве Гіпакрата

Па бацькоўскіх слядах пайшлі абодва сыны – Алег і Віталь. Алег скончыў школу з срэбным медалем, пасля з чырвоным дыпломам Мінскі медінстытут. Следам за старэйшым братам пакрочыў і малодшы, які таксама абраў траўматалогію.
Сёння, калі дзеці і ўнукі збіраюцца разам у любімых бабулі і дзядулі – гэта самае вялікае шчасце. Але сабраць разам усю сямейную дынастыю Даніленак няпроста, так як іх абавязак – заўжды быць на перадавой. І ў сённяшні няпросты час, асабліва. А яшчэ ўсіх мужчын сям’і аб’ядноўвае адна агульная рыса – сціпласць, аб сваіх заслугах яны прывыклі гаварыць моўчкі.
Напрыклад, старэйшаму Даніленка ў 1990 годзе было прысвоена званне Выдатнік аховы здароўя СССР. Дарэчы, нагадаю, што зусім нядаўна сваю чарговую заслужаную ўзнагароду атрымаў і сын. Высокакваліфікаваны ўрач-артапед-траўматолаг вышэйшай катэгорыі, загадчык траўматолага-артапедычным аддзяленнем Гарадской клінічнай бальніцы горада Мінска, вучоны, уладальнік спецыяльнай прэміі аблвыканкама «Чалавек года – 2012» Алег Анатольевіч Даніленка абараніў доктарскую дысертацыю, з прысваеннем звання «Доктар медыцынскіх навук». Яго методыкі ў траўматалогіі шырока карыстаюцца поспехам не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Р.S
Хто такі сапраўдны журналіст? Я часта задаю сабе гэтае пытанне. Гэта і творца, і псіхолаг, і дыпламат, і сябар. Але, у першую чаргу, добры журналіст умее паставіць сябе на месца свайго героя, стаць з ім адзіным цэлым, прачытаць яго быццам чарговую старонку кнігі. Так як гэта ў сваіх артыкулах рабіла Ларыса Даніленка.
Вольга Зайцава

Последние новости

Образование

Минобразования скорректировало сроки вступительной кампании в ссузах

19 апреля 2024
В районе

В Хотимском УКП «Жилкомхоз» прошла профилактическая акция по тестированию на ВИЧ-инфекцию методом экспресс-диагностики по крови

19 апреля 2024
Актуально

9 хотимчан отправятся в весенний призыв на срочную службу

19 апреля 2024
Общество

Внимание: сложные погодные условия

19 апреля 2024
Актуально

Председателю Хотимского районного объединения профсоюзов Валентине Войтенко вручили юбилейную медаль

19 апреля 2024
Общество

ОБ ОПОВЕЩЕНИИ ВОЕННООБЯЗАННЫХ

19 апреля 2024
Актуально

Делегация Хотимского района принимает участие в международной выставке-ярмарке туристских услуг “Отдых”

19 апреля 2024
БелТА: в стране и мире

Лукашенко произвел кадровые назначения в структуре Следственного комитета

19 апреля 2024
В районе

Нетрезвому не место за рулем! Госавтоинспекция проведет комплекс мероприятий по предупреждению ДТП

18 апреля 2024
В районе

Рейдовая группа технической инспекции труда ФПБ посетила организации Хотимского района

18 апреля 2024

Рекомендуем

Происшествие

В ДТП в Хотимском районе погиб велосипедист

14 апреля 2024
Актуально

Татьяна Кузьменкова награждена Почетной Грамотой Могилевского областного комитета Белорусского профсоюза работников культуры, информации, спорта и туризма

11 апреля 2024
Актуально

Александр Александрин – Лауреат Международного литературного конкурса в рамках Международного фестиваля «Мгинские мосты»

8 апреля 2024
В районе

В решении проблем домашнего насилия вам помогут

11 апреля 2024
В районе

Какие деревни Хотимского района посетил библиобус

9 апреля 2024
Актуально

В Хотимске новый главный государственный инспектор управления по сельскому хозяйству и продовольствию Хотимского райисполкома

8 апреля 2024
Актуально

Воспитанникам детского сада № 3 рассказали о космосе

9 апреля 2024
Актуально

Медики в Березках знают секреты исцеления сердца и души

15 апреля 2024