Читай про свой край и призы получай!
13.07.2020
Лукашенко: уже не одно поколение белорусов растет в благополучной, чистой, мирной и красивой стране
13.07.2020
Показать все

Усё ажывае ў руках майстра

Кожны выраб, які сёння можна ўбачыць у невялікім пакоі на першым паверсе Хоцімскага Дома рамёстваў, захоўвае цяпло рук і часцінку душы народнага майстра Рэспублікі Беларусь па кераміцы, члена саюза майстроў народнай творчасці Ніны Сямёнаўны Рагоўскай. Талеркі, кубкі, збаны, падарункавыя сувеніры з прыроднага матэрыялу размаляваны цікавымі малюнкамі, кожны з якіх нагадвае аб прыгажосці і непаўторнасці роднага прыбесядскага краю. Працы Ніны Сямёнаўны добра ведаюць і пазнаюць не толькі ў самых розных куточках нашай сінявокай Беларусі, але і ў гарадах Расіі ( Белгарад, Тамбоў, Смаленск, Навасібірск), а таксама Украіны, Турцыі, дзе яна неаднойчы была з выставамі.
Майстар з’яўляецца не толькі захавальнікам беларускіх народных традыцый. Усё самае лепшае яна імкнецца прымножыць і перадаць падрастаючаму пакаленню сваёй малой радзімы.Унікальная тэхніка ангобнага роспісу, у якой яна працуе, была вядома з даўніх часоў і на працягу стагоддзя ўжывалася ганчарамі розных краін свету. А вось сёння складана знайсці чалавека, які дасканала валодае дадзеным прыёмам. Дакладна, у Магілёўскай вобласці гэтым займаюцца толькі на хоцімскай зямлі.

Размалёўваць жыццё ў яркія фарбы дзяўчыну з дзяцінства навучыў настаўнік выяўленчага мастацтва, вядомы хоцімскі мастак Мікалай Саўчанка. Яго ўрокі ў школе былі аднымі з самых любімых. Гэта менавіта ён разгледзеў у сваёй навучэнкі талент да творчасці. Ледзь толькі дзяўчына скончыла чацвёрты клас, настаяў, каб паспрабавала паступаць у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя Ахрэмчыка для таленавітых дзяцей. Без асаблівых намаганняў яна прайшла адборачны этап. Прызнаецца, што многія папулярныя жанры, аб якіх на той момант нават і не здагадвалася, у сваіх малюнках падчас уступнага іспыту адлюстравала інтуітыўна.
– У даволі юным узросце мне давялося адарвацца ад дома, бацькоў. Гэта быў своеасаблівы віток самастойнасці ў маім жыцці. Спачатку вельмі сумавала па родных мясцінах, але хутка прывыкла. Вельмі ўдзячна маім бацькам, якія рызыкнулі адправіць мяне далёка ад дома. Разумею зараз, што гэта быў правільны выбар. Трэба адзначыць: вучняў школы–інтэрната аб’ядноўваў адзіны дух творчасці, у кожнага было велізарнае жаданне вучыцца чамусьці новаму. І гэта жаданне было шчырым і ішло ад сэрца.
За час вучобы давялося пабываць у многіх гарадах. Я палюбіла гэты мітуслівы рытм, калі на працягу ўсяго дня не хацелася расставацца з папкай эскізаў, у простых рэчах імкнулася ўбачыць нешта незвычайнае і перанесці гэта на паперу з дапамогай алоўка і фарбаў. Вельмі ўдзячна сваім настаўнікам, якія заўжды патрабавалі цікавых неардынарных ідэй, ніколі не ставілі перад намі пэўных межаў. Мы вучыліся не толькі маляваць, але разам з тым думаць, выказваць свае думкі, прымаць рашэнні, сябраваць, – успамінае майстар.
А вось падчас вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ніна Рагоўская сур’ёзна захапілася ганчарным рамяством. Нягледзячы на тое, што многія аднакурснікі лічылі гэты занятак непрыгляднай бруднай справай, яна змагла не толькі шчыра захапіцца ганчаркай, але і стварыць свой унікальны напрамак, які пасля стане візітнай карткай майстра. Сёння выраб традыцыйнага посуду на ганчарным крузе і яго роспіс ангобам займае ў яе жыцці такое ж важнае значэнне, як і выяўленчае мастацтва.
Пасля атрымання вышэйшай адукацыі амаль на працягу 20 гадоў ёй давялося працаваць на заводзе «Белмастацкераміка» у Радашковічах, дзе яна свае веды магла смела прымяніць на практыцы. Ніна Сямёнаўна прызнаецца, што і сёння нярэдка ў продажы можна ўбачыць керамічныя вырабы, якія выкананы па яе шаблонах.
Пасля многіх гадоў раставання са сваёй малой радзімай, у 2002 годзе, яна зноў вяртаецца на хоцімскую зямлю, і ўжо ў якасці педагога ідзе працаваць у Дзіцячую школу мастацтваў. Першапачатковыя крокі звязаны з гуртком «Глінка». Некалькі год працуе ў Доме творчасці «Ветразь надзей», потым дырэктарам школы мастацтваў. А з адкрыццём раённага Дома рамёстваў вырашае стаць метадыстам-майстрам і адначасова весці для дзетак гурток па кераміцы.
– Люблю працаваць з дзецьмі, сваімі непасрэднымі поглядамі яны заўжды ствараюць пазітыўны настрой. Часам сваімі думкамі падаюць цікавыя ідэі. Свае ўрокі планую такім чынам, каб у дзетак была магчымасць не толькі наглядна бачыць перад сабой тое, што яны малююць, але і патрымаць, даследаваць пэўны прадмет. Добра, калі ёсць асяроддзе, якое можа натхніць на стварэнне незвычайных вобразаў. Гэта можа быць што заўгодна, скажам, прырода, а з дапамогай творчай фантазіі можна прыдумаць яшчэ нешта больш цікавае. Ёсць памылковае меркаванне: калі дзіця наведвае школу мастацтваў, ён абавязкова павінен стаць знакамітым мастаком ці музыкантам. Трэба сказаць, што заняткі творчасцю не менш важныя для маленькай асобы, чым заняткі ў школе. Але, наведваючы школу мастацтваў дзеткі вучацца тварыць, бачыць прыгожае ў звычайных рэчах, якія штодзённа акружаюць іх, у іх пашыраецца кругагляд, развіваецца фантазія, яны становяцца больш дысцыплінаванымі, – працягвае суразмоўца.
– Вашым дзецям перадаліся творчыя гены, – пытаюся раптам у Ніны Сямёнаўны.
– Мае сыны, якія хоць і не пайшлі па маіх стапах, але ў іх добра развіта пачуццё густу, культура выканання любой справы. Усё гэта вельмі важныя рэчы, якія могуць спатрэбіцца ў жыцці. Вельмі ўдзячна ім за падтрымку і ўзаемаразуменне, за тое, што яны заўжды цярпліва адносіліся да майго творчага рытму жыцця.
Адзін з важных момантаў працы – перадаць падрастаючаму пакаленню свае веды і навыкі. Таму сёння падчас разнастайных мерапрыемстваў і экскурсій педагог-рамеснік з задавальненнем праводзіць майстар-класы для моладзі. У гэтыя моманты яна падобна сапраўднаму чараўніку. За некалькі хвілін звычайны кавалак гліны ператвараецца ў сапраўднае тварэнне мастацтва, у яе руках ён быццам ажывае. Майстар заўжды прадстаўляе свае вырабы на святах, і як расказвае дырэктар Дома рамёстваў Вольга Калтунова, вырабы з гліны карыстаюцца шырокай папулярнасцю як у жыхароў раёна, так і ў гасцей.
Ніна Сямёнаўна расказвае аб сваёй працы з асаблівай пяшчотай і любоўю. Яна сцвярджае, што важна не толькі валоданне тэхнікамі, але і настрой, з якім робіш працу. Разам з тым работа з глінай здольна падарыць чалавеку самыя станоўчыя эмоцыі, супакоіць і адключыць ад паўсядзённай мітусні. Акрамя ангобнага роспісу, у сваіх працах майстар умела карыстаецца і такімі тэхнікамі, як сграфіта, фляндроўка, мрамарызацыя. Умела спалучае з глінай іншыя матэрыялы, што надае вырабам асаблівую элегантнасць. Сама Ніна Сямёнаўна прызнаецца, што не шкадуе аб сваім выбары, праца павінна прыносіць задавальненне чалавеку, а ствараць сваімі рукамі тое, што прыносіць радасць і цеплыню акружаючым прыемней удвая.
Ніна Сямёнаўна заўжды ў творчым пошуку. Яна пастаянна ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах і выставах раённага, абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў, адкуль заўжды вяртаецца з перамогамі. Рэспубліканская выстава рамёстваў «Калядныя ўзоры» (Дыплом 2 ступені), абласны конкурс самадзейных майстроў па кераміцы Магілёўшчыны ( Дыплом 1 ступені ў намінацыі «Лепшы майстар па апрацоўцы гліняных вырабаў»), рэгіянальны конкурс ганчарства «Глушанскі хутарок», Міжнародны конкурс творчасці «Всегда голубо, всегда зелено» (г. Торунь, Польшча), Міжнародны фестываль славянскай культуры «Хатмыжская восень», прысвечаны 1025-годдзю Хрышчэння Русі, выстава рамяства ў рамках правядзення II міжнароднага форуму па традыцыйнай культуры (г. Магілёў), Міжнародная выстава народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Залаты майстар». Гэта конкурсы ў якіх за апошнія гады ўдзельнічала і станавілася пераможцай народны майстар Хоцімшчыны. Зараз яна прымае ўдзел у анлайн-конкурсе керамістаў «Изразцы Ярославля». Безумоўна, хочацца пажадаць ёй перамогі і ў гэтым конкурсе.
– Я вельмі ўдзячна калегам, з якімі мне калісьці давялося працаваць, усім, з кім працую сёння. Вельмі ўдзячна лёсу, што ў жыцці сустракалася больш добрых людзей,-напрыканцы дадае народны майстар.
Ніна Рагоўская – гонар хоцімскай зямлі, гэта чалавек вялікай кемлівасці, выдумкі, які ўмее ўбачыць у прыродным матэрыяле прыгажосць, зрабіць яго цікавым і карысным для людзей. Яна творыць цуд і пакарае сэрца аматараў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, гасцей нашай цудоўнай беларускай зямлі. Уласна пераканацца ў таленце і дакрануцца сэрцам да шэдэўраў народнага майстра можна, калі наведацца ў Дом рамёстваў.

Вольга Зайцава

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...
0

Автор публикации

не в сети 15 часов

hotimsk

899999K
flagБеларусь. Город: Хотимск
Комментарии: 0Публикации: 5621Регистрация: 10-01-2018

Добавить комментарий

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Авторизация
*
*
Войти с помощью: 
Регистрация
*
*
*
captcha
Войти с помощью: 
Генерация пароля

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: