Пароль неўміручасці – родная мова!
Пад такім дэвізам прайшоў Тыдзень беларускай мовы ў сярэдняй школе №2 г.п. Хоцімска.
На працягу тыдня ў школе працавала выстава “Шануй і паважай родную мову!” Для вучняў 5-11 класаў была арганізавана завочная віктарына “Папацей, грамацей!” Традыцыйнай стала акцыя “Вершы ў кішэні”, у гэтым годзе прысвечаная 125-годдзю са дня нараджэння Кандрата Крапівы, удзельнікамі якой сталі і жыхары г.п. Хоцімска. Гульня “Скарбы роднага краю” і конкурс “Слова пра Беларусь” не толькі выклікалі вялікую цікавасць у вучняў, але і дазволілі ім прадэманстраваць сваё валоданне мовай. З мэтай звярнуць увагу на праблему захавання роднай мовы ў многіх класах былі праведзены інфармацыйныя гадзіны “21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы”. У суботу было наладжана ўрачыстае мерапрыемства “У госці да К.Крапівы”, дзе вучні пашырылі свае веды пра жыццё і творчасць славутага байкапісца і змаглі праявіць свае артыстычныя здольнасці. Такім чынам, і наша школа далучылася да шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, якія праводзіліся ва ўсёй краіне.
Правядзенне Тыдня беларускай мовы садзейнічала абуджэнню ў школьнікаў цікавасці да вывучэння беларускай мовы, фарміраванню павагі да роднай мовы і патрэбы карыстацца ёю ў штодзённым жыцці, бо з любові да роднай мовы пачынаецца любоў да свайго народа, да сваёй Радзімы.
Бохан В.М.,
Мірошнікава Т.У., настаўнікі беларускай мовы.
Ва усіх установах адукацыіі прайшоў Тыдзень беларускай мовы