OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сярод песенных калектываў Хоцімскага раёна, якія маюць званне народны, фальклорны гурт «Медуніца» трэба вылучыць асобна. Удзельніцы ансамбля з’яўляюцца носьбітамі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такі статус нададзены песням старажытнага традыцыйнага вясельнага абраду вескі Клін, у якой існуе і дзейнічае гурт. Ён, бадай, самы яркі і цікавы ў аўтэнтычным плане. Прыклад сапраўднага аднаўлення і адраджэння мясцовай мастацкай традыцыйнай культуры. Удзельніцы калектыву не толькі спяваюць песні, але і танцуюць, ведаюць шмат святаў, абрадаў. Фальклорны калектыў «Медуніца» быў створаны ў 1985 годзе. Ініціятарам быў загадчык мясцовага сельскага клуба Сяргей Макаранка. Ён прапанаваў жыхаркам Кліна, якія з дзяцінства спявалі разам на сямейных святах, пад час працы і адпачынку, з любой нагоды, ці проста «для душы», паспрабаваць свае сілы на сцэне. Паступова гурт набываў творчыя навыкі, выступаў, заваёўваючы папулярнасць у гледачоў. Яны былі ўдзельнікамі фальклорных аглядаў, фэстаў ў Крычаве,Шклове, Мсціславе і іншых гарадах. У 2005 годзе кіраўніцтва над гуртом узяла Наталля Пацехіна, што стала новай вехай у развіцці «Медуніцы». У лістападзе 2008 года у Мінску адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Палявая фларыстыка і этналогія: даследванне лакальных культур». У камерным зале дзяржаўнага ўніверсітэта праходзіў этнаграфічны канцэрт фальклорных калектываў Палесся і Усходняй Беларусі. Магілёўскую вобласць прадстаўляла «Медуніца». У маі 2009 года гурт удзельнічае ў справаздачным канцэрце Магілёускай вобласці ў Мінску. Прымалі ўдзел клінскія бабулі і ў навуковай канферэнцыі па традыцыйнаму нацыянальнаму адзенню. Этнографы высока ацанілі самабытны каларыт і непаўторнасць касцюмаў ансамбля, якія з’яўляюцца сямейнымі рэліквіямі і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Большую частку ўнікальнага рэпертуару фальклорнага гурта складаюць календарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя і пазаабрадавыя песні, характэрныя менавіта для нашага рэгіёна. Акрамя таго, кожны ўдзельнік «Медуніцы» з’яўляецца носьбітам традыцый, народных вераванняў і абрадаў. Каб не быць галаслоўным прывяду прыклад некалькіх кароткіх вясельных песень, якія у шэрагу іншых і ўвасабляюць нематэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць Хоцімскага раёна. Ці забыўся ты, Андрэйка Ці забыўся ты, Андрэйка Што табе мамачка казала. Не пей перваю чарачку, Узлей коніку на грыву, Штоб была грывачка каляна, Штоб была Ніначка румяна. Ня думай, Ніначка, ні гадай Ня думай, Ніначка, ні гадай, Павязем цябе за Дунай. Я тога Дунаю не знаю, Я ў ём плацця не прала, Я ў ём вады не брала. Ні прала плацця, праць будзеш, Ні брала вады, браць будзеш. У варот бяроза стыяла У варот бяроза стыяла. Ніна са двара з’язжала, Вяршок з бярозкі сарвала. Стой мая бярозка без вярха, Без зялёнага лісціка, Жыві мамачка без мяне, Без русай касы без маёй. Алесь Лесін.

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ