Вучні СШ № 1 Хоцімска абралі для падарожжа г. Горкі

Многія з нас любяць падарожнічаць, каб атрымаць новыя ўражанні і ўбачыць тое, пра што мы марым. Вучні сярэдняй школы № 1 г. п. Хоцімска вельмі часта накіроўваюцца ў падарожжы з настаўнікамі па родных мясцінах нашай Беларусі. Не выключэннем з’явіліся і першыя тыдні новай навучальнай чвэрці. Мінск, Магілёў, Гомель, Крычаў, Горкі… Вучні 7 «А», 9 класаў абралі для падарожжа г. Горкі.
Перш за ўсё Горкі вядомы першай вышэйшай навучальнай установай аграрнага кірунку – Беларускай дзяржайнай сельскагаспадарчай акадэміяй. 15 жніўня 1840 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Горы-Горацкай земляробчай школы, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут. У 1948 г. сельскагаспадарчы інстытут рэарганізаваны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.
28 лістапада 1925 г. горад наведалі народныя пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас. Ад 1926 да 1928 гг. у Горках жыў і працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі БДСГА Максім Гарэцкі. Летам 1928 г. у Горках свае вершы чытаў народны паэт Беларусі Янка Купала. На гэтым месцы ўстаноўлены мемарыяльны знак з выявай літаратара.
У кастрычніку 2012 г. у Горках адбыўся рэспубліканскі фестываль-ярмарка «Дажынкі». Да свята ў горадзе з’явіўся новы інтэрнат БДСГА і хірургічны корпус раённай бальніцы, адрамантавана гасцініца «Проня», кінатэатр «Крыніца», чыгуначны і аўтавакзал. Пабудавана Лядовая арэна і моладзевы забаўляльны цэнтр і многае іншае.
У Беларусі немагчыма ўсё паглядзець за час адной паездкі. Гістарычныя мясціны, культура, кухня, магчымасці актыўнага адпачынку зацікавяць нават самых бывалых падарожнікаў. Сапраўды, свет можа прапанаваць столькі цікавага, галоўнае – не спыняцца на першай старонцы.
Святлана Васілеўская,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Вольга Аўдзюшка,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства


