Кадры для малой радзімы: у Хоцімскай ЦРБ папаўненне

Кожны год у апошні месяц лета на свае першыя рабочыя месцы ў наш раён прыбываюць маладыя спецыялісты. Дыпламаваныя кадры асабліва патрэбны.
Карэспандэнт райгазеты «Шлях Кастрычніка» даведалася, якіх калег дачакаліся на месцах, і калі добра вяртацца на малую радзіму. У іх ліку Уладзіслаў Коржыч.
Закончыўшы УА «Гомельскі дзяржаўны медыцынскі універсітэт», Уладзіслаў са жніўня працуе ў нашай раённай бальніцы ўрачом агульнай практыкі. Ён можа прымаць хворых і як хірург, і як педыятр, і як тэрапеўт. Навучальную ўстанову юнак закончыў з добрымі адзнакамі, паспяхова прайшоў інтэрнатуру ў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы: працаваў у кардыялагічным і іншых аддзяленнях. Там паказаў сябе толькі са станоўчага боку. Поспехі давалі яму пашыраныя магчымасці выбару першага месца работы. Пасля заканчэння інтэрнатуры яму прапанавалі працаваць урачом у Гомелі ў вайсковай часці. Але Уладзіслаў выбраў Хоцімск, дзе нарадзіўся і вырас.
– Я сам хацімчанін. Тут вучыўся ў сярэдняй школе № 2. Паколькі раней хадзіў у раённую паліклініку як пацыент – на медыцынскія агляды, або па стану здароўя, так добра ведаю ўмовы яе работы.
Некаторых урачоў ведаю. А яшчэ тут працуе мая маці Святлана Мікалаеўна: яна робіць кардыяграму сэрца. Так што ў нас сямейная дынастыя. А яшчэ ведаў, што тут выдатны калектыў, – тлумачыць малады доктар. – Для мяне важна працаваць не толькі з прафесіяналамі, але і з добрымі людзьмі, з якімі мы будзем у камандзе. Ды і бацькі мае рады, што буду з імі побач.
Уладзіслаў адзначае, што дыплом не дае падставы лічыць сябе гатовым спецыялістам. Дыплом – гэта толькі паказчык таго, што вучыўся, каб разумець азы спецыяльнасці. Спецыяліст у медыцыне фарміруецца многія гады.
– У тым, што трэба адпрацаваць пяць год пасля навучання, я не бачу нічога страшнага, – кажа Уладзіслаў. – Наша раённая бальніца вельмі добра аснашчана.
У калектыве маладога спецыяліста прынялі вельмі добра. Рабочае месца – светлы, утульны кабінет. У першы рабочы дзень крыху хваляваўся. Цяпер стаў больш упэўненым. Ён любіць мець зносіны з людзьмі, а калі яшчэ пры гэтым аблягчае пакуты і боль, гэта ўвогуле натхняе яго.
– Вярнуцца ў родныя месцы, дзе цябе многія, калі не ўсе, ведаюць з дзяцінства – гэта па суці, стопрацэнтная гарантыя таго, што сябры, былыя аднакласнікі, суседзі будуць лічыць, што ў медыцыне ў іх з’явіліся «свае людзі», і стануць звяртацца, – не без долі гумару гаворыць мой суразмоўца. – Кем буду працаваць у далейшым? Мне больш падабаецца тэрапія.
Урач Коржыч працуе пазменна. Давялося яму ўжо ездзіць па выкліках да хворых, якія не могуць прыйсці на прыём у паліклініку, дзяжурыў і ў прыёмным пакоі. Малады спецыяліст лічыць, што важней усяго займацца любімай справай, а ў якой медыцынскай установе вёсцы або горадзе – гэта другарадна. Галоўная яго мэта – аказваць якасную медыцынскую дапамогу.
Застаецца толькі пажадаць Уладзіславу лёгкага старту і поспехаў. Толькі ўперад!
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара
