Самая мірная прафесія

Віталя Вашчыліна я застала на будаўнічай пляцоўцы. А дзе яшчэ можна знайсці брыгадзіра муляроў? Нягледзячы на напружаны рабочы дзень, ён не выглядаў стомленым. Быць будаўніком – значыць заўсёды заставацца ў добрай фізічнай форме. Бо гэта прафесія патрабуе вынослівасці і сілы.
Адразу пасля заканчэння сярэдняй школы, а ён ураджэнец вёскі Трасціно, юнак уладкаваўся ў Хоцімскі Тэхнакомплекс. Паступіў на завочнае аддзяленне ў Бабруйскі аграрна-эканамічны каледж. Выбраў спецыяльнасць тэхнік-будаўнік. У хуткім часе стаў працаваць прарабам. Гады працы запомніліся яму вялікімі аб’ёмамі выкананых работ. Віталь ганарыцца, што прымаў удзел у будаўніцтве ферм у гаспадарках раёна, жылых дамоў у вёсках Бярозкі, Забялышын, Ліпаўка, Бяседавічы і мікрараёна у Хоцімску, зернесушыльнага комплексу ў Бяседавічах і інш.
А ў 2024 годзе стаў працаваць муляром у КДБУП «Хоцімская ПМК-276». Хутка асвоіўся ў калектыве, спецыфіка працы была яму добра знаёма. Рабіў на будаўніцтве РАНС, разам з калегамі па працы быў заняты ў час правядзення капітальнага рамонту раённай бальніцы, будаўніцтве жылога дома па вуліцы Ленінскай гарпасёлка. А ў час падрыхтоўкі да абласных Дажынак у Клімавічах разам з іншымі будаўнікамі арганізацыі ўзводзіў там Дом культуры. Як ён сказаў, з нуля пачынаў разам з іншымі будаўніцтва рыбаводчага комплекса па вытворчасці рыб каштоўных парод у Хоцімску.
У цяперашні час ён працуе брыгадзірам муляроў на будаўніцтве 16-цікватэрнага жылога дома для будучых спецыялістаў гэтага комплекса. Зараз тут ідзе мантаж фундаментных блокаў. У падначаленні Віталя больш дзесяці чалавек. З раніцы праводзіць планёрку, вызначае фронт работ.
– Самі бачыце, што пакуль муляры не працуюць, – толькі потым, калі будзе зроблены фундамент і яны ўключацца ў работу. – кажа Віталь. – У будаўніцтве без захавання тэхналогій сёння ніяк. Тады пабудаваны будынак і праслужыць доўга.
За сваю працу і за працу сваіх падначаленых Віталь Аляксандравіч гатовы даручыцца. Брыгадзір па праву карыстаецца ў іх аўтарытэтам. Ён сочыць за якасцю выкананых работ. Калі трэба – гатоў прыйсці ім на дапамогу. Валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. А гэта дазваляе атрымліваць высокі канчатковы вынік.
Энергіі і энтузіязму Віталю не займаць. Гэта пацвярджае і кіраўніцтва арганізацыі. Тут Вашчыліна называюць перспектыўным працаўніком і ўскладваюць на яго вялікія надзеі. Вопыт ёсць, ёсць жаданне працаваць. А гэта – галоўнае.
І сведчаннем гэтага з’яўляецца тое, што на Дзень будаўнікоў ў мінулым годзе В. А. Вашчылін быў узнагароджаны Граматай ад адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота Аляксандры МАЦЮШЭНКА
