Самыя памятныя дні

Блакада горада Ленінграда, якая працягвалася 872 дні, стала трагічным выпрабаваннем для ўсіх, хто папаў у смяротнае кола восенню 1941 года. Адзінай тонкай ніткаю, якая звязвала горад з Вялікай зямлёй, стала Дарога жыцця. Летам прадукты харчавання і паліва ў асаджаны Ленінград везлі па вадзе на баржах, зімой – па ільду Ладажскага возера на ГАЗ-АА – «палутарках».
Дарафей Мікалаевіч Ігнаценка нарадзіўся ў 1915 годзе мінулага стагоддзя ў невялікай вёсцы Юзяфоўка ў сялянскай сям’і. Так што ён – наш зямляк. Хлопец скончыў толькі чатыры класы сярэдняй школы. У той час не кожны мог атрымаць поўную адукацыю, асабліва гэта датычылася сялян. А таму рана стаў працаваць, дапамагаючы бацькам.
Потым, калі былі ўжо арганізаваны калгасы, працаваў нароўні з дарослымі. З часам навучыўся ваджэнню трактара і машыны. У 1937 годзе юнака прызвалі ў рады Чырвонай арміі. Служыў да 1940 года шафёрам.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму споўнілася 26 гадоў. І ўжо 25 чэрвеня 1941 года быў мабілізаваны Хоцімскім раённым ваенкаматам. Залічылі ў склад 383-яй стралковай дывізіі шафёрам.
– Бацька быў сціплым, мала гаварыў. Ён не любіў успамінаць пра вайну. І толькі ў Дзень Перамогі, ўзняўшы чарку за загінуўшых на полі бою, пачынаў гаварыць, – расказвае Мікалай Ігнаценка, сын Дарафея Мікалаевіча. – Такія ўспаміны мы, дзеці, слухалі затаіўшы дыханне. Так даведаліся аб яго шляхах-дарогах у саставе дзеючай арміі. Паведаў ён, як у час бамбёжкі быў паранены. Пасля лячэння ў шпіталі – зноў за баранку машыны.
Дарафей папаў на Ленінградскі фронт, дзе ўжо была створана 17-я аўтабрыгада, якая абслугоўвала лядовую трасу, празваную Дарогай жыцця (гэта дарога дзейнічала на працягу двух зім, пакуль не была прарвана блакада).
За час цяжкай асады немцамі горада, радавы Ігнаценка зрабіў шмат рэйсаў па ненадзейнаму ладажскаму ільду: вывозіў блакаднікаў – малых дзяцей, састарэлых людзей, хворых, жанчын, а таксама параненых байцоў, а назад у горад дастаўляў жыццёва-важныя грузы. Адной з небяспек для вадзіцеляў былі налёты варожай авіяцыі. Немцы нават не звярталі ўвагі, што ў кузаве знаходзіліся цывільныя людзі. Колькі людзей загінула на гэтай дарозе, цяжка падлічыць. Адзін Бог ведае!
У дзень шафёры рабілі па тры рэйсы, а потым іх мянялі напарнікі. Выходзіць, што «палутарка» была на хаду цэлыя суткі. Вечарам і ноччу свет фар машыны павінен быў быць замаскіраваным.
Дыстанцыю паміж машынамі трымалі ў 50 метраў. Не дазвалялася абганяць на ільду машыны. Але здараліся выпадкі, калі гружаныя машыны з харчаваннем, ды і часта з людзьмі, правальваліся пад лёд. На такое было страшна глядзець…
Зімы ў 40-ыя выдаліся вельмі суровыя. У кабіне грузавіка было вельмі халодна, таму што адну дзвёрку шафёры здымалі на выпадак абстрэлу ці бамбёжкі, а яшчэ, калі, не дай Бог, машына пападзе ў палонку. Астанаўлівацца забаранялася. Калі ж дарога станавілася небяспечнай, прыходзілася адказным службам пракладваць новую трасу.
– Успамінаючы той час, бацька гаварыў, што ў шафёраў страх адсутнічаў, была адна думка: хутчэй даехаць да супрацьлеглага берагу, пагрузіць новы груз і назад, – працягвае Мікалай. – Калі блакаду Ленінграда Чырвоная армія прарвала, яго адправілі на другія ўчасткі фронта. Так і праслужыў шафёрам да канца вайны. Быў узнагароджаны медалямі. Многа чаго здарылася за годы вайны, але самымі памятнымі сталі дні, праведзеныя на Ладаге. Менавіта там ён зведаў увесь цяжар і жахлівасць вайны з гітлераўскімі захопнікамі. А колькі шафёраў аддалі сваё жыццё, каб Ленінград мог жыць, дасканала невядома да гэтай пары…
Пасля Перамогі Дарафей Ігнаценка вярнуўся на малую радзіму. Зноў уладкаваўся працаваць у мясцовы калгас прыцэпшчыкам плугоў да трактара. У 1947 годзе ажаніўся на дзяўчыне Еве, якая рабіла ў паляводчай брыгадзе.
А ў хуткім часе іхні калгас «Піянер» (пазней стаў называцца «Іскра») атрымаў першую машыну ГАЗ-51. Як былому франтавіку, адказнаму і самаму вопытнаму, яе даверылі Дарафею Мікалаевічу. Тут трэба сказаць, забягаючы наперад, што як лепшы шафёр ён за час, што працаваў у гаспадарцы, атрымаў і ездзіў на пяці новых аўтамабілях. А што любіў гэты чалавек даглядаць за станам сваёй машыны, гаворыць такі факт: яе ён сваім калегам па працы перадаваў заўсёды спраўнай.
Разам з жонкаю нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей, пабудавалі свой дом.
– Бацькі няма ўжо даўно ў жывых. Ён пайшоў з жыцця ва ўзросце 51 год, не дажыўшы нават да пенсіі. Так і не змяніў прафесію шафёра на другую, – цяжка ўздыхнуўшы кажа мой суразмоўца. – Памяць аб яго ваенных гадах мы, дзеці і ўнукі, свята захоўваем і ганарымся ім.
Дарэчы, Мікалай пайшоў па стапам свайго бацькі. Стаў таксама шафёрам. Працаваў у калгасе, «Райсельгастэхніцы». Дваццаць сем гадоў ён адпрацаваў у ПМК-86 меліярацыі. І заўсёды быў у ліку перадавікоў гэтай арганізацыі.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота з сямейнага альбома

