Школа для мяне па-сапраўднаму родная

У гэтым невялікім матэрыяле пазнаёмлю вас, дарагія чытачы «ШК», з маладым спецыялістам, які пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы будзе працаваць у сярэдняй школе № 1 гарпасёлка.
Усе мы ведаем, як патрэбны сучаснай школе маладыя настаўнікі – смелыя, дужыя, таленавітыя.
Чым цікаўны герой сюжэту? Чым жа прывабліва для яго работа ў школе, аб гэтым далей…
Аляксей Падгурскі, настаўнік фізічнай культуры ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Хоцімска» – адзін з тых выкладчыкаў, якіх прынята называць «маладымі і перспектыўнымі».
Як сказаў ён у ходзе нашай гутаркі, у калектыве ўстановы яго прынялі вельмі добра. Адразу «уліўся».
– Я хацімчанін. Школа для мяне па-сапраўднаму родная. Тут вучыўся, – гаворыць Аляксей. – Яшчэ будучы школьнікам, пасябраваў са спортам. Захапіўся валейболам. Трэба сказаць, што ў гэта ўнёс свой уклад настаўнік фізічнай культуры Іван Якаўлевіч Сегранёў. Сваім вопытам і прафесіяналізмам ён як бы пасяліў у маё сэрца інтарэс і любоў да фізічнай культуры, як прадмета.
У школе даволі часта праводзіліся спаборніцтвы па валейболу паміж класамі. Юнак заўсёды прымаў удзел у іх, а таксама ў раённых, паказваючы выдатныя спартыўныя вынікі. Шмат разоў быў адзначаны ўзнагародамі і дыпломамі рознай ступені за сваю выніковую працу ў спорце.
А таму пасля школьных выпускных экзаменаў доўга не вагаўся пры выбары спецыяльнасці. Паступіў ў Беларускі дзяржаўны універсітэт фізічнай культуры ў горадзе Мінску.
Будучы студэнтам, удзельнічаў у спаборніцтвах па валейболу. Займаўся таксама і лыжным спортам.
На маё пытанне – ці пашкадаваў аб выбраным шляху, ён адказаў наступнае.
– Ніколькі. Мне б вярнуцца назад, я зноў бы ўсё прайшоў.
Малады спецыяліст вельмі задаволены, што будзе выкладаць у школе важны і любімы многімі вучнямі прадмет – фізічную культуру. Настаўнік жа фізкультуры далучае рабят да здаровага вобразу жыцця, вучыць любіць спорт, а фізічнае выхаванне ўмацоўвае здароўе, фарміруе лідэрскія якасці, выхоўвае характар.
– Лічу сваёй задачай прывіць сваім будучым вучням любоў да спорту, – сказаў Аляксей. – Я за тое, каб фізічная актыўнасць зноў стала ў модзе, а маладое пакаленне было здаровым і дужым. Галоўная мая мэта – папулярызаваць спорт і падтрымліваць сябе ў форме. А яшчэ буду старацца выхоўваць у вучняў не толькі фізічную моц, але і сумленне, прыстойнасць. На ўроку ж павінна быць дысцыпліна. Таму што спецыфіка урока фізкультуры такая, што патрабуе арганізаванасці. І яшчэ. Калі будзеш усё паказваць на сваім прыкладзе, сам разам з вучнямі выконваць усе практыкаванні, паверце, інтарэс да ўрока гарантаваны.
З яго слоў раблю такі вывад. Калі настаўніку самому цікава працаваць, тады ён можа зарадзіць навучэнцаў сваёй энергіяй, запаліць у іх любоў да спорту. Проста да кожнага вучня трэба знаходзіць свой падыход. Ды і вось яшчэ што. Настаўнік павінен не толькі даваць веды, але і цікавіцца ўнутраным светам рабят, іх эмоцыямі.
Што ж, застаецца толькі пажадаць Аляксею Падгурскаму поспехаў і добрых вучняў.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара

