Хоцімская зямля стала Логвінавым другой радзімай

40 гадоў назад трывожны сігнал на Чарнобыльскай АЭС рэхам няшчасця адазваўся ў жыцці тысяч савецкіх сямей. У душы тых, хто лішыўся роднага вугалка, назаўсёды пасялілася некае спусташэнне.
Чорная трагедыя многія квітнеючыя і жыццярадасныя месцы Беларусі ператварыла ў зону. У радыусе зоны радыёактыўнага забруджвання час назаўсёды спыніўся. Дзень 26 красавіка 1986 года, быццам чорнае мечанне, пакінуў у памяці многіх, для каго назаўсёды аказалася закрытай дарога ў родны дом. Перасяленцы паняволі… Так называюць людзей, якім прыйшлося пакінуць сваю малую радзіму і будаваць жыццё фактычна з нуля на новым месцы.
Пражываюць такія людзі і ў нашым раёне. У гэтым матэрыяле гутарка пойдзе аб сям’і Логвінавых з вёскі Варвараўка.
– Наша вёска Гдзень Гомельскай вобласці раскінулася паміж рэкамі Днепр і Прыпяць, – расказвае Віктар Логвінаў. – Вялікая, прыгожая са створанымі добрымі ўмовамі для пражывання: двухпавярховая сярэдняя школа, дзіцячы сад, сельскі Савет, два магазіны, пошта, Дом быту са швейнай майстэрняй і цырульняй. Ведаеце, нават грамадская лазня працавала. Пражывала шмат моладзі. Аднавяскоўцы нашы людзі працалюбівыя. Умелі яны адзначаць і святы. Напэўна, у гэтым і заключалася шчасце: над галовамі мірнае неба, бацькі, дзеці, работа…
Пасля заканчэння сярэдняй школы юнак паступіў у Магілёўскае прафтэхвучылішча металістаў. Атрымаў спецыяльнасць аўтаслесар. Некаторы час працаваў у Магілёве, а потым вярнуўся дамоў. Уладкаваўся ў мясцовы калгас слесарам і працаваў пакуль не атрымаў павестку аб прызыве ў армію. Дэмабілізаваўшыся, паехаў на Магілёўшчыну ў Хоцімск, дзе ўжо пражывалі і працавалі брат Мікалай і сястра Любоў. Два гады адпрацаваў экскаватаршчыкам у ПМК-97 меліярацыі.
У 1980 годзе на вяселлі ў сяброў яму прыглянулася дзяўчына. Пазнаёміліся. Валянціна – ўраджэнка вёскі Маложын Брагінскага раёна. Землякі аказваецца. Дзяўчына, пасля дзесяцігодкі, закончыла будаўнічае вучылішча ў Хойніках. Атрымала спецыяльнасць абліцоўшчык-плітачнік. Але доўга не працавала будаўніком, а ўладкавалася вучаніцай-швачкаю на фабрыку «8 Сакавіка» у Гомелі.
Два гады маладыя людзі сябравалі, а ў 1982 годзе зарэгістрыравалі свой шлюб. Пражывалі ў Гдзені. Там ў іх нарадзіўся першынец, сын Эдуард. Віктар працаваў у калгасе «Чырвоная Україна», а Валянціна пасля дэкрэтнага водпуску – тэхнічным работнікам у школе.
Дзень 26 красавіка 1986 года быў самым звычайным веснавым днём. Цёплы, пагодлівы, па-сапраўднаму вясновы. Уся вёска знаходзілася на вуліцы. Дарослыя займаліся прысядзібнымі ўчасткамі, падлеткі ім дапамагалі, а дзеці гулялі на свежым паветры. Вось і Логвінавы менавіта ў гэты дзень вырашылі пасадзіць бульбу, але не атрымалася. Як звычайна даяркі ў калгасе даілі кароў, і як звычайна здавалі яго дзяржаве.
– Прыйшоў на работу, а там жанчына плача, – успамінае мой субяседнік. – Праз слёзы кажа, што на Чарнобыльскай АЭС, да якой усяго 27 кіламетраў, адбыўся выбух. Не паверыў ёй. Вечарам ад суседзяў пачуў тое ж самае. А хутка і па ўсёй вёсцы пайшлі чуткі. Афіцыйнага паведамлення аб аварыі ні па радыё, ні па тэлебачанню не было.
– Толькі ў пачатку мая мы пачулі з выпуску навін па тэлебачанню, што на АЭС адбылася паломка, – уключаецца ў нашу размову Валянціна. – А яшчэ сказалі, што жыццям людзей нічога не пагражае. Параіўшыся з бацькамі, мы павезлі малога ў Хоцімск. Праз некалькі дзён вярнуліся на Гомельшчыну. На вакзале выпадкова сустрэлі знаёмых. Ад іх даведаліся, што жыхароў Гдзені папярэдзілі аб эвакуацыі, таму што камісіяй вёска выяўлена як месца абавязковага адсялення. Маўляў, пакідаючы родныя мясціны, людзі плакалі, кідалі ўсё нажытае, бо на вываз рэчаў з забруджанай тэрыторыі існавала забарона. У нас жа з сабой не было нічога з адзення. Вырашылі ўсё ж ехаць у вёску. А там ўжо быў на ўездзе ваенны прапускны пункт. Пасля ўгавору, Віктара прапусцілі, толькі строга ўказалі час, калі павінен вярнуцца. Потым ён гаварыў мне, што нікога са знаёмых ў вёсцы не сустрэў: яна апусцела: ні людзей, ні жывёлін…
Логвінавы паехалі ў пасёлак Новы Шлях. Віктар ўладкаваўся пастухом. А Валянціна вырашыла ехаць на Хоцімшчыну. Па прыезду пайшла працаваць прадаўцом. А ў верасні прыехаў і муж.
У той час па ўсёй Беларусі, у так званых чыстых раёнах, вялося будаўніцтва жылля для перасяленцаў. У нашым раёне дамы былі ўжо гатовымі ў вёсцы Варвараўка калгаса «Праца», дзе старшынёю працаваў Пётр Дуняшэнка. Логвінавым адразу выдзелілі дом. Абодва ўладкаваліся працаваць ў калгас: Віктар – трактарыстам, а Валянціна – даяркаю. Далі і машыну, каб прывезці хоць што-небудзь з Гдзені.
Настальгія па малой радзіме была спачатку вельмі моцнай: новыя людзі, новыя мясціны. Але паступова жыццё ў іх стала наладжвацца. Нарадзіліся яшчэ двое сыноў: Аляксандр і Віктар. Пасля злучэння мясцовага калгаса з калгасам «Іскра» Віктар звольніўся. Уладкаваўся працаваць рамшчыкам у ПМК-276, адкуль і пайшоў пазней на заслужаны адпачынак. Змяніла месца работы і яго жонка: была запраўшчыцай на калгаснай запраўцы, потым загадчыцай склада. Вывучылася ў Клімавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме завочна на заатэхніка, але апошнім месцам работы перад пенсіяй для яе стаў пітомнік Хоцімскага лясніцтва. 20 гадоў жанчына з’яўлялася ўдзельніцай ансамбля «Варвараўскія весялухі». Выступалі часта з канцэртамі ў Хоцімску, на розных конкурсах у Магілёве. Нават выязджалі ў вёску Стружанку Расійскай Федэрацыі.
На Гомельшчыне ў іх зараз пражываюць родзічы. Абменьваюцца візітамі. Цяпер у Віктара і Валянціны шмат знаёмых, пакуміліся з аднавяскоўцамі. Сябруюць з суседзямі, якія таксама перасяленцы з Саматэвічаў (Касцюковіцкі раён) і Чырвонай Гары РФ. Дзеці павырасталі, жывуць асобна. У іх свае сем’і. Эдуард і Віктар – ваеннаслужачыя, а Аляксандр працуе ў будаўнічай галіне. Падрастаюць у Логвінавых і пяць унукаў. Часта сыны прыязджаюць да бацькоў, дапамагаюць, калі трэба што зрабіць.
Хоцімская зямля стала Логвінавым другой радзімай.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара

