Што для хацімчан азначае Дзень Перамогі?

1418 дзён і бяссонных начэй цягнулася страшная вайна, якая забрала жыцці 27 мільёнаў савецкіх людзей. Голад, страх, боль, холад і гора – усё гэта прыйшлося перажыць нашым продкам.
Дзень Перамогі – гэта вялікае свята, да якога кожны жыхар Беларусі адносіцца з павагай і глыбокім шанаваннем. Дзень, калі трэба ўспамінаць ветэранаў, усіх тых, хто служыў, хто стараўся працаваць для будучага ўсёй краіны, дзякуючы каму мы сёння жывём спакойна. Мы ніколі не павінны забываць, якой цаною было заваявана шчасце і як лёгка яно можа быць страчана!
Напярэдадні Дня Перамогі карэспандэнт райгазеты «Шлях Кастрычніка» правяла апытанне і даведалася, што азначае гэтае свята для хацімчан розных узростаў.
Неаніла ІСАЕВА, ураджэнка Хоцімска:
– Наша жыццё ідзе сваім парадкам. У кожнага чалавека мноства праблем і турбот. Але ёсць нешта большае – тое, аб чым ні ў коім разе нельга забываць. Для мяне Дзень Перамогі – гэта свята, якое напамінае аб страшэнных падзеях далёкіх гадоў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна мне было 10 гадоў. Памятаю добра, як у Хоцімску з першых дзён акупацыі гітлераўцы сталі наводзіць свае новыя парадкі. Памятаю дзень вызвалення гарадка ў верасні 1943 года часцямі Чырвонай арміі. Памятаю дзень 9 мая 1945 года. Гэта быў самы шчаслівы дзень! Прайшло з тае пары шмат гадоў, але і цяпер 9 мая ў мяне з асаблівай дрыготкаю б’ецца сэрца. На жаль, вельмі мала ў нашай Беларусі засталося людзей, якія былі сведкамі баявых дзеянняў. Мы павінны памятаць аб іх Вялікім подзвігу.
Алена ПРЭСНАКОВА, начальнік аддзела па аказанню страхавых паслуг па Хоцімскаму раёну прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Касцюковіцкаму раёну;
– 9 Мая – свята Вялікай Перамогі над злом, якое называецца фашызмам, свята яднання нацый і народаў у цяжкі час, бо толькі аб’яднаўшыся нашы дзяды і бацькі змаглі перамагчы гітлераўскіх захопнікаў. Свята гераізму і адвагі, бо вельмі страшна ісці ў атаку пад кулямі і снарадамі. Я думаю, што Дзень Перамогі адзін з самых галоўных свят для беларусаў. Па іншаму не можа і быць. Мы сёння жывём, дзякуючы подзвігу нашых продкаў. Мінулае мы павінны берагчы і ўслаўляць героеў мінулых падзей. Я вельмі ганаруся, што жыву ў Беларусі, якая разам з іншымі рэспублікамі былога СССР перамагла гітлераўцаў, і заўсёды памятаць аб Вялікім подзвігу, які быў здзейснены дзеля мірнага неба і дабрабыту будучых пакаленняў.
Павел ЯФРЭМКІН, рабочы ПМК-276:
– З самага дзяцінства 9 Мая для мяне сапраўднае свята! Вельмі ганаруся сваім дзядулем Аляксандрам Фёдаравічам Белавусавым, які ў 19-гадовым узросце пайшоў на фронт. У складзе дзейнічаючай арміі ён вызваляў нашу сінявокую Беларусь, удзельнічаў у баях за ўзяцце горада Кёнігсберга. У гэты дзень я адчуваю гордасць за нашу краіну і народ. І неймаверны смутак да людзей, якія пазналі на сабе ўвесь цяжар вайны. Нават цяжка ўявіць, як яны ўсё гэта перажылі. А таму вельмі хочацца, каб людзі больш трапятліва адносіліся да гэтай свяшчэннай даты, асабліва моладзь.
Святлана БАБРОВА, былы фотакарэспандэнт райгазеты «Шлях Кастрычніка»:
– У першую чаргу 9 Мая – дзень памяці аб людзях, якія аддалі жыццё за тое, каб мы жылі пад мірным небам. Асабіста ў мяне ён асацыіруецца з маім бацькам Віктарам Якаўлевічам Сівагракавым, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Нашаму пакаленню пашчаслівілася бачыць жывымі людзей, якія ваявалі з фашысцкай Германіяй. У памяці засталіся мітынгі каля брацкіх магіл загінуўшых воінаў з іх удзелам. Дзень Перамогі – чарговы напамінак маладому пакаленню аб тым, як нашы бацькі, абараняючы Айчыну, ішлі ў бой, не шкадуючы сябе. Думаю, што ў многіх сем’ях у гэты дзень успамінаюць сваіх ваяваўшых родных і блізкіх, тым самым аддаючы даніну павагі іх подзвігам.
Ігар Грудзіна, начальнік Хоцімскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
– Думаю, для ўсіх нас Дзень Перамогі – вялікі дзень. 9 Мая ў мяне асацыіруецца са страшэннай вайной з фашысцкай Германіяй, са стойкасцю, мужнасцю і гераізмам нашага народа. Дзень чарговай прычыны задумацца над тым, якой цаною дасталася Вялікая Перамога, выказаць словы ўдзячнасці воінам, загінуўшым на палях бітваў і пайшоўшым з жыцця ў мірны час. А яшчэ вось што хачу сказаць: гэта свята не для забаў, а для таго, каб памятаць гісторыю, тыя страшныя часіны, спадзявацца, што больш ніколі такога не адбудзецца зноў. Трэба цаніць усё тое, за што змагаліся нашы дзяды. 9 Мая для мяне мінута маўчання ў памяць аб тых, каго ўжо няма з намі.
Ігар ГЛУХАЎ, старшыня РА ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане»:
– Для мяне 9 Мая – галоўнае свята ў жыцці. Думаю, што і для большасці нашых суайчыннікаў Дзень Вялікай Перамогі таксама быў і застанецца галоўным святам. Калі б нашы бацькі, матулі, дзяды не вырвалі ў фашыстаў Перамогу цаною сваіх жыццяў, нас бы проста зараз не было. Пакаленне, да якога належылі нашы родныя, было сапраўды гераічным. Пасля вайны воіны-пераможцы аднаўлялі краіну з руін і праслаўлялі яе сваімі дасягненнямі. Шматнацыянальны народ Савецкага Саюза здзейсніў Подзвіг, роўнага якому няма ў гісторыі чалавецтва. Мы ў неаплатным даўгу перад імі.
Ірына МЕДНІКАВА, прадавец сеткі «Мегаопт»:
– Дзень Перамогі для мяне – самае тужлівае, самае пранізлівае і самае светлае свята. Вельмі горка за загінуўшых, радасна за нас, што жывём, дзякуючы ім. На вялікі жаль ў нашым раёне ўжо няма ў жывых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Родныя і блізкія беражліва захоўваюць іх баявыя ўзнагароды. Таму для мяне свята Дзень Перамогі ў першую чаргу Дзень памяці. Памяці аб тых, хто, не шкадуючы сябе, аддаваў жыцці за наша светлае будучае. Забыць аб гэтым – самае страшнае здрадніцтва. І, канешне ж, ком у горле з першай да апошняй ноты ваеннай песні тых часоў.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара і Аляксандры МАЦЮШЭНКА

