Я прытулю да сэрца Хоцімск
У студзені бягучага года ў Магілёўскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы прайшла творчая прэзентацыя Хоцімскага раёна ў рамках абласнога фестывалю народнай творчасці «Беларусь родная, музычная, народная».
Канцэртная праграма «Я прытулю да сэрца Хоцімск», якая была прадстаўлена работнікамі культуры Хоцімскага раёна магілёўскай публіцы, пакарыла яе і была высока ацэнена арганізатарамі фестывалю і журы. Узровень майстэрства, прадэманстраваны хоцімскімі артыстамі, быў настолькі высокі, што некаторыя раёны Магілёўскай вобласці, чыя чарга прэзентацыі сваёй малой радзімы была пасля Хоцімска, сталі нават перарабляць свае канцэртныя праграмы, каб адпавядаць. Усё гэта вельмі цудоўна. Але канцэрт, які выклікаў пэўны рэзананс, хоцімскія гледачы маглі ўбачыць толькі ва ўрыўкавых роліках у сацыяльных сетках інтэрнэту. Прапановы і просьбы паўтарыць выступленне ў раённым Цэнтры культуры сталі паступаць, літаральна на наступны дзень пасля вяртання з Магілёва. Дата канцэрта некалькі разоў прызначалася і па шэрагу аб’ектыўных прычын пераносілася. І толькі 15 сакавіка жыхары Хоцімска змаглі ўбачыць шоу. Салісты і творчыя калектывы раённага Цэнтра культуры, Забялышынскага сельскага Дома культуры і выхаванцы Дзіцячай школы мастацтваў паўтарылі свой поспех. У зале практычна не было вольных месцаў. У фінале гледачы дзякавалі артыстам, стоячы гучнымі авацыямі.
Алесь ЛЕСІН.
Фота Аляксандра Ляйчынскага