Темы

93-летняя жительница Тростино уверена — только трудолюбие спасет мир

93-летняя жительница Тростино уверена — только трудолюбие спасет мир

Вёска мая – непаўторны мой край,
Для душы і для сэрца адзіны.
Вёска мая, з табой радасць дзялю і адчай,
І ўзлётаў хвіліны.
Вёска мая – летуценняў калыска,
Юначых надзей і жаданняў,
Вёска мая, ты заўсёды, як маці,
Чакаеш сустрэч – не расстанняў.
Ніна Кавальчук

Вёска… Маленькае слова, але якое цёплае. Калі яго чуеш, так і бачыш перад сабой малюнак: цёплая летняя раніца, недзе на вуліцы крычыць певень, якога добра чуваць з адкрытага акенца, побач мурчыць кот, а ў хаце ўжо пах свежай выпечкі. Дабрыня так і напаўняе душу, адчуваецца благадаць і спокай.

На жаль, зараз вёскі знікаюць… Руйнуюцца хаты, не застаецца жыхароў, якія б маглі аднавіць і ўдыхнуць жыццё ў гэтыя мясціны. Усё менш і менш людзей абіраюць для жыцця невялічкія вёсачкі, усіх вабіць «цывілізацыя». І вось з расчыненага акенца ўжо не чуваць ні пеўня, ні паха свежаскошаных траў, а толькі гул машын ды мітусня буйных гарадоў. Змяняецца час, змяняюцца людзі, а з імі і гісторыя.
Цёплы летні вечар, цішыня на прасёлкавай дарожцы, і толькі шчэбет нейкай маленькай птушачкі чуваць удалі ды подых цёплага вецярка. За доўгі час гэта першы такі вечарок, які радуе пяшчотным сонейкам. У весцы Трасціно малалюдна, кожны заняты сваімі справамі на прыканцы працоўнага тыдня. У вочы кідаецца маленькая хатка. Бачна, што толькі нядаўна яна была пафарбавана ў жоўты і зялёны колеры. У гэтай хатцы жыве бабуля, якой ужо 93 гады. Яна дакладна памятае жыццё той, былой вёскі, у далёкія ваенныя і пасляваенныя гады. Зайсці да яе можа кожны знаёмы, яна ўсім рада, сустракае гасцей заўсёды з усмешкай. Гэта Ніна Манушэнка, якая нарадзілася ў вёсцы Трасціно ў 1926 годзе.
– Я самы карэнны жыхар гэтай вёскі, – усміхаецца Ніна Ерафееўна. – Не засталося тут больш людзей, якія б, як і я, тут нарадзіліся і ўсё жыццё жылі, нікуды не выязджаючы. Раней час зусім іншы быў: жылі на адным месцы, адпачывалі, ладзілі святы і працавалі. Трасціно для мяне – гэта роднае месца. Радзіма… У бацькоў нас было чацвёра: я, дзве сястры і брат. Тады ў кожнай сям’і было па некалькі дзяцей, ды і вёска была намнога больш.

Спраўка ШК:
Гісторыя вёскі Трасціно пачынаецца яшчэ са старажытнасці. Дакументы сцвярджаюць, што тут жылі славяне ў XІV стст. Да гэта часу захавалася ў народзе назва месца, дзе раней жылі нашы продкі – Мясцішча. Назва ж сучаснай вёсцы пайшла ад наймення ракі Трасцінка, каля якой заснавана паселішча. Тут у 1896 годзе адкрыта земскае народнае вучылішча. 1 мая 1919 года была арганізавана гаспадарка «Разальмова», куды і ўвайшла вёска Трасціно. У гаспадарцы былі 4 кані, 6 кароў, 10 свіней, 25 гектараў саду. З 1924 года Трасціно – цэнтр сельсавета. У 1929 годзе Трасціно ўвайшло ў склад калгаса «Новы шлях» (96 сялянскіх гаспадарак), а ў 1959 годзе – саўгаса «Хоцімскі». У красавіку 1965 года саўгас быў раздзелены на два асобныя саўгасы «Забялышына» і «Трасціно». Вёска Трасціно стала цэнтрам саўгаса. У снежні 1921 года тут была адкрыта першая бібліятэка-чытальня.

Аднак цяжкім было жыццё ў той час. Калі была маленькай, заўсёды дапамагала маці: то цяля пасла, то ў хаце падсабляла. У кожным доме была вялікая гаспадарка: карова была абавязкова, авечкі, свінні. За ўсім дагляд падрэбен быў, таму пастаянна нарыхтоўвалі корм, а прылада працы была для гэтай справы адна – серп. Гэта зараз усё ёсць, бяры ды рабі, але амаль нікому не трэба ўжо. Для людзей прыдумалі грошы, за якія ўсё можна ў краме купіць. Працаваць тады прывучаны ўсе былі з дзяцінства. Мы хадзілі на ферму, кароў даілі. Да шостага класа вучыліся ў школе, а вось як толькі арганізавалі калгас, адразу туды працаваць пайшлі.
Калі мы падраслі, то пачалі разлятацца хто куды. Брата на вайну забралі, а ён быў такі малады, яшчэ і ў армію схадзіць не паспеў, і загінуў пад Проняй, – з сумам успамінае Ніна Ерафееўна. – А яшчэ да вайны бацька загінуў, але пра гэта лепш не ўспамінаць, гэта вельмі незагойная рана.
Нас вайна ў вёсцы не вельмі зачапіла. Немцаў памятаю, прыходзілі, але асаблівага зла не чынілі. Толькі аднойчы, калі мы прыйшлі дадому, да варот віламі запіска была прыбіта, каб свінню аддалі. Мы і аддалі, не хацелі спрачацца. А мне ў той час ужо 15 год было, дарослая дзяўчына, але ніхто і пальцам не крануў. Адным разам, калі ішла па стежцы, аклікнуў немец, я ў той дзень адзіныя крэпкія сапагі братавы абула, жэстам паказаў «здымай сапагі». Ведала – лепш аддаць. Але ён памерыў, відаць, не падышлі, зняў і аддаў назад. А потым усе немцы з вёскі сышлі. Больш іх не бачыла.
Пасля жыццё пайшло сваім шляхам. У вёсцы дзейнічаў калгас, і ў той час прыходзілася працаваць за «дзякуй». Але жыць трэба было як-небудзь. Гаспадарка, агород каля хаты – асноўныя кармільцы. Зараз жыццё прасцей, – уздыхае бабуля. – Колькі працавать раней трэба было, каб атрымаць адзенне. Усё самі рабілі. На сваіх палосках вырошчвалі лён, апрацоўвалі яго: рвалі, мачылі, мялі, трапалі, ачышчалі ад кастрыцы, часалі, пралі, ткалі. Бывала, стаялі кожнаю ночку каля маці з «агалачкам», а яна прала. Трэба было і самім нешта апрануць, і на ложак заслаць, і на падлогу пасцяліць. Вось і ткалі самі: спадніцы, рубахі, посцілкі. Дарожкі на пол рабілі сваімі ж рукамі. А яшчэ ўсе вышывалі: самі ніткі выраблялі, фарбавалі і вышыўку рабілі, узоры прыдумлялі. Да гэтага дадаткова ўпрыгожвалі карункамі. І вось ужо тады гатовыя вырабы і апраналі, і засцілалі.
А на нагах насілі лапці, летам яшчэ куды не ішло, цепла было, дзе басанож можна было прабегчы, а вось зімою было складаней. Кускамі гумы падбівалі, каб насіліся даўжэй.
Лепш жыць сталі, калі саўгас стаў замест калгаса. Грошы плаціць пачалі, – расказвае Ніна Ерафееўна. – І так я ўсё жыццё прапрацавала да самай пенсіі. З дзяцінства прывучаная да працы, заўсёды агарод свой трымала, і ў мінулым годзе яшчэ абрабляла, а ў гэтым ужо сілы не хапае. Пасля вайны нас касіць вучылі, і гэта звычка засталася са мною на ўсё жыццё. Спадабалася касіць, да мінулага года касу не кідала.
Быў час і для адпачынку, – усміхаецца бабуля. – Выйдзеш на выліцу ўвечары, а каля кожнай хаты столькі людзей: хоць чалавека па чатыры ды сядзіць. Нягледзячы на тое, што працавалі многа, а сілы на адпачынак былі. І вось кожны вечар уся вёска ажывала. Адусюль чуўся звонкі смех і размовы. Шмат маладых людзей, усе шчырыя, добрыя. Ідзе такая вераніца па вуліцы, і чутны вясёлыя раскаты гармоніка. Танцы ладзілі, прыносілі хто што мог. Святы спраўлялі: у сям’і – дні нараджэння, і абавязкова вяселле. Вяселле заўсёды ладзілі з песнямі, пляскамі, не было тады з чаго гатаваць, таму прыгатуем прысакоў з бульбы са смятанай – усім спадабалася.
З цягам часу змены кранулі і нашу вёску: усё менш людзей прыязджае, моладзь не вяртаецца дадому, шмат хто пакідае абжытыя мясціны, пагаварыць часам няма з кім. Добра што вы завіталі, – з добрай усмешкай сказала Ніна Ерафееўна.
Час ужо быў позні, таму прыйшлося развітвацца. А бабуля, праводзячы мяне, павучала: не забываць родную вёску, людзей і гісторыю. Шкадуе яна аб адным: моладзь мяняецца, раней усе паслухмяныя былі, сорамна было і дня не працаваць, а зараз усё больш шукаюць лёгкага хлеба.
Пасля такіх сустрэч з добрымі, чулымі людзьмі, як Ніна Манушэнка, адразу адчуваецца цеплыня ў сэрцы. Пакуль яшчэ ў вёсках ёсць такія жыхары, якія зберагаюць памяць, шануюць сваю вёсачку, нам, сучаснаму пакаленню, трэба ў іх павучыцца сапраўднай любові і адданасці малой радзіме.
Не хочацца думаць пра тое, што з цягам часу з карт і памяці будуць знікаць шматлікія вёскі. У іх ніколі ўжо не будзе гучаць смех, песні, размовы. Не прабяжыць па прасёлкавай дарожцы басаногі хлопчык з вудай у руках, не збяруцца разам бабулі каля крамы, каб абмеркаваць апошнія навіны і падзяліцца рэцэптам зімовых нарыхтовак. Сыйдзе ў гісторыю цэлая эпоха вясковага працоўнага жыцця, прагулак вялікіх гуртоў моладзі па цёмных вулачкам вёскі, танцаў і спеваў пад гармонь, ды і ўсёй вясковай рамантыкі… Але ў нашых сілах усё выправіць. Трэба проста не забываць пра вёскі, асабліва пра людзей, якія там жывуць, бо з маленькіх нітачак лёсаў, сплятаецца гісторыя.

Дар’я КОРНЕВА

Последние новости

Актуально

В Хотимске проходят торжества ко Дню освобождения района от немецко-фашистских захватчиков (фото)

25 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Хотимчане и гости отдали дань памяти воинам, погибшим в годы Великой Отечественной войны

25 сентября 2026
Читать новость
Общество

28 сентября Могилевский облисполком проведет горячую линию по вопросу качества оказания почтовых услуг населению на территории Могилевской области

25 сентября 2026
Читать новость
Актуально

Сегодня в Хотимске торжественно открыли мост по ул. Пролетарской

25 сентября 2026
Читать новость
Общество

Управление Следственного комитета Республики Беларусь по Могилевской области осуществляет отбор кандидатов для поступления в учреждение образования МГУ им. А. А. Кулешова

25 сентября 2026
Читать новость
Общество

Управление Следственного комитета Республики Беларусь по Могилевской области проводит отбор абитуриентов в УО «Академия Министерства Внутренних дел Республики Беларусь»

25 сентября 2026
Читать новость

Рекомендуем