Анатоль Бардышаў працаваў на ўсе 100 працэнтаў

Машыніст бульдозера былой ПМК-97 меліярацыі Анатоль Бардышаў вельмі любіў замацаваную за ім тэхніку, паважаў яе прызначэнне. Лічыў, што цяжка не чалавеку за рулём у зручным крэсле, а менавіта агрэгатам, таму што яны часам не вытрымліваюць, ламаюцца.
Анатоль ішоў гэтай ісцінай па жыцці: як толькі пачаў працоўны шлях, так і да выхаду на заслужаны адпачынак і працаваў, як кажуць, ад душы. Звычка выкладвацца на працы на ўсе 100 працэнтаў у яго, мабыць, ад бацькоў.
Цікаўлюся, дзе ж пачалася працоўная біяграфія? Аказалася, што родам ён з Краснапольскага раёна вёскі Яноўка. Пасля заканчэння школы працаваў у мясцовым саўгасе трактарыстам, бо меў правы кіравання тэхнікай. Споўнілася 18 – як усе равеснікі абуў салдацкія боты.
Адслужыў, як трэба, і вярнуўся. Юнаку ад Краснапольскай ПМК меліярацыі далі накіраванне на вучобу ў Крычаўскае вучылішча № 36. Там рыхтавалі спецыялістаў для меліярацыі. Анатоль атрымаў атэстат з кваліфікацыяй кранаўшчыка.
Чатыры гады працаваў па спецыяльнасці ў Краснаполлі. А потым вырашыў змяніць работу: перайшоў на бульдозер Т-100. Праца, скажу вам, цяжкая. Увесь рабочы дзень на паветры. Разам з другімі бульдазерыстамі карчаваў хмызняк, раўняў плошчы, дзе затым пракладваліся меліярацыйныя каналы. Малады хлопец зарэкамендаваў сябе добрым рабочым. Праз пяць гадоў у яго ўжо быў новы бульдозер.
Са Святланай, ураджэнкай Касцюковіцкага раёна, пазнаёміўся на вяселлі сябра. А крыху пазней родныя, блізкія і сябры віншавалі іх з законным шлюбам.
Работа, сям’я – што яшчэ трэба для шчасця? А тут у 1986 годзе здарылася вялікае бедства. Адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Радыёактыўнае воблака дайшло і да Краснапольшчыны.
Бардышавы не адразу, у адрозненне ад многіх жыхароў раёна, паехалі на новае месца жыхарства. Глава сям’і працаваў на захараненні цэлых вёсак, калгасных збудаванняў, выконваў і іншыя работы, такія як выкарчоўка садоў на прысядзібных участках. Анатоль не можа гаварыць на гэту тэму: ком падступае да горла…
Доўга вагаліся: што рабіць? І ў адзін з вечароў на сямейным савеце вырашылі ехаць. У 1991 годзе Анатоль быў пераведзены бульдазерыстам у Хоцімскую ПМК-97, якую ў той час узначальваў Міхаіл Пятровіч Паваротны. Перасяленцам адразу прапанавалі кватэру ў новым 4-х павярховым доме па вуліцы Пушкінскай, які быў пабудаваны для працаўнікоў арганізацыі. Адмовіліся, таму што любілі працаваць на зямлі. Засяліліся на новай вуліцы пасёлка з прыгожай назвай Усходняя ў прасторны фінскі дом. А трэба дадаць, што на гэтай вуліцы пражывае шмат сем’яў былых працаўнікоў арганізацыі.
Глава сям’і стаў працаваць бульдазерыстам на новым Т-130Б. Увогуле, даводзілася адточваць навыкі то на адным, то на другім аб’екце. Добра памятае іх назвы: «Батаева», «Ельня», «Забялышын», «Ліпаўка». Шмат работы было вясной, летам і восенню. У гэты перыяд жара стаяла ў кабіне трактара. Зацішша прыпадала толькі на зіму. Але іншы раз працягвалі і ў гэту пару года, калі было мала снега. Тут зноў непрыемнасці: зімой рукі мерзлі ад холаду. А выконваць даручаную справу трэба. Саграваліся гарачым абедам, які на аб’екты прывозілі са сталоўкі арганізацыі.
За годы работы бульдазерыстам не толькі дасканала вывучыў тэхнічныя даныя свайго агрэгата, але і асвоіў многія неабходныя для прадукцыйнай працоўнай дзейнасці прафесійныя навыкі. Мог сам зрабіць неабходны мелкі рамонт. Анатоль Бардышаў заўсёды да даручанай справы адносіўся з усёй адказнасцю. Вось за гэта добрага працаўніка цаніла і паважала кіраўніцтва арганізацыі, а сярод рабочых карыстаўся заслужаным аўтарытэтам. У яго шмат розных каштоўных падарункаў, Ганаровых грамат, падзяк, якія ён свята захоўвае.
Застаўся верным сваёй прафесіі нават пасля аб’яднання Хоцімскай і Клімавіцкай ПМК меліярацыі. Прымаў удзел у будаўніцтве нафтапровада ў Крычаве, працаваў на ўзвядзенні маста і другіх работах. У Клімавічы тады перавялі ўсю спецтэхніку з Хоцімска. Разам з Бардышавым працавалі многія хацімчане-меліяратары. Так што Анатоль да выхаду на пенсію ездзіў у суседні раён працаваць яшчэ доўгія дзесяць гадоў.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара

