Знаёмцеся: Ірына Хахлова — урач-стаматолаг-тэрапеў Хоцімскай ЦРБ

Нялёгка, згадзіцеся са мной, знайсці чалавека, які б не баяўся ісці на прыём да ўрача-стаматолага.
І нават нягледзячы на тое, што медыцына прадвінулася далёка ўперад за апошнія дзесяцігоддзі, а лячэнне прыносіць далёка не той дыскамфорт, які быў раней, з паходам да зубнога ўрача многія цянуць, церпячы моцны боль.
І нарэшце ідуць на прыём да ўрача-стаматолага-тэрапеўта, які дапамагае чалавеку збаўляцца ад болі, дорачы магчымасць усміхацца. Хіба гэта не прыгожа?…
З пачатку жніўня ў Хоцімскай раённай бальніцы працуе малады спецыяліст Ірына Хахлова – урач-стаматолаг-тэрапеўт. Карэспандэнт райгазеты «Шлях Кастрычніка» сустрэлася з ёй. І вось што яна расказала аб сабе.
Ірына родам з аграгарадка Расна, што на Дрыбіншчыне. Населены пункт стаіць на рацэ Вербаўцы. Дзяўчына закончыла дзевяць класаў сярэдняй школы і паступіла вучыцца ў Магілёўскі ліцэй № 1. Профіль – хімія, біялогія. Тут закончыла 10 і 11 класы.
З поспехам здала ўступныя экзамены ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у сталіцы РБ Мінску. Выбрала факультэт стаматалогія тэрапеўтычная. Інтэрнатуру праходзіла ў Магілёўскай стаматалагічнай паліклініцы. А потым было размеркаванне. Дыпламаванага спецыяліста накіравалі ў наш раённы цэнтр.
Малады спецыяліст ужо зарэкамендавала сябе са станоўчага боку сваёй стараннасцю, добразычлівасцю, адразу ўлілася ў калектыў стаматалагічнага аддзялення. Яе прынялі добра. Адміністрацыя бальніцы прадаставіла арэнднае жыллё.
Задаволена Ірына аснашчэннем свайго рабочага кабінета. Добрая медыцынская тэхніка, дастаткова лячэбнага матэрыялу, інструментаў.
– Усё складваецца добра, – кажа Ірына. – Мая рабочая змена састаіць з прыёму пацыентаў, выканання стаматалагічных маніпуляцый, афармлення медыцынскай дакументацыі. Мне неабходна планаваць сваю работу такім чынам, каб у адведзены на аднаго пацыента час я ўсё паспявала зрабіць. А ў пацыентах недахопу не адчуваю. У дзень прымаю 10-12 чалавек. У цяперашні час некаторыя каллегі ў водпуску, таму нагрузка невялікая ёсць. Але ж гэта часова.
– Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць чалавек, каб паспяхова працаваць стаматолагам? – пытаю ў Ірыны.
– Урач у першую чаргу павінен любіць сваю работу. Адразу скажу вам, што я люблю. Працуючы з людзьмі, якія прыходзяць на прыём са сваёй праблемай, трэба гэту праблему рашыць, прыбягаючы да спецыяльных маніпуляцый, – адказвае яна. – Неабходна быць камунікабельным чалавекам, умець выслухаць пацыента, выклікаць прыхільнасць яго да сябе, каб ён змог падрабязна апісаць сваю праблему. Дзякуючы гэтаму, стаматолаг зможа хутка і эфектыўна аказаць дапамогу.
А яшчэ малады спецыяліст Хахлова сказала, што ўрач-стаматолаг-тэрапеўт перш за ўсё абавязаны быць пісьменным спецыялістам, прафесіяналам, ведаючым сваю справу, пастаянна працуючым над сабой. А таксама быць уважлівым, здольным слухаць і чуць пацыента.
На маё пытанне аб планах Ірыны як маладога спецыяліста, яна адказала: «Раз атрымала прафесію па душы, так трэба ісці ўперад, ахопліваць усе яе тонкасці, развівацца ў гэтым накірунку. Да чаго я і буду імкнуцца».
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара
