Хацімчанін Іван Сегранёў лічыў прафесію токара цяжкай, але цікавай

Разгаварыць Івана Сегранёва аказалася няпроста. Ён – чалавек сціплы, які прывык ацэньваць сябе па рэальных справах, а не красамоўству. Наша гутарка атрымалася сумленная, простая.
Нарадзіўся ў прыгожай прыгранічнай з РФ вёсцы Ліпаўка. Пасля школьных выпускных экзаменаў паступіў на вучобу ў Магілёўскае вучылішча металістаў № 14 на спецыяльнасць токар. А першым месцам работы для хлопца быў завод імя Кірава. Толькі стаў прывыкаць, а тут, у 1973 годзе, прызвалі ў армію. Служыў у інжынерных войсках у Беларусі. Хутка праляцелі два гады. Пасля дэмабілізацыі зноў працягнуў работу ў Магілёве на заводзе. У гэтым прыгожым горадзе на Дняпры і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Любоўю, якая ў той час была студэнткай культпрасветвучылішча.
Маладая сям’я вырашыла паехаць жыць на Хоцімшчыну. Адбылося гэта ў далёкім 1976 годзе. Уладкаваўся у ПМК меліярацыі токарам. А ў хуткім часе Сегранёвым была выдзелена кватэра ў новым пяціпавярховым доме на плошчы Леніна гарпасёлка. Дарэчы, у ім і цяпер пражываюць былыя меліяратары са сваімі сем’ямі.
Сваю прафесію лічыў цяжкай, але цікавай. Кожную дэталь апрацоўваў з задавальненнем, іншы раз не заўважаў, як рабочы дзень праходзіў. Трэба сказаць, што ў прафесіі токар памыляцца нельга нават на міліметр, інакш брак. А гэта – згубленая праца калег-меліяратараў.
Іван адзін з тых работнікаў, хто застаўся верным прафесіі, не страціў да яе інтарэс. Яго паважалі ў калектыве за працалюбства. Ведалі: калі токар Сегранёў зрабіў дэталь – гэта надзейна. Заўсёды якасна і ў тэрмін. У арганізацыі не было трактароў, машын, бульдозераў, экскаватараў, да якіх ён не прыклаў руку. Ніколі не адмовіў папрацаваць пазней, або выйсці на выхадныя – заўсёды насустрач ішоў, заўсёды з разуменнем.
– Хтосьці лічыць, што такарная справа манатонная, – расказвае мой субяседнік. – Гэта не так. Многае дасягаецца смякалкаю і вопытам. А яшчэ вось што: для мяне чым складаней заданне, тым цікавей была праца. Бывала, дадуць балванку і цяміш, як зрабіць з яе дэталь. Дзе ж тут манатоннасць?
У гэты вечар я даведалася, што вытачыць дэталь – даволі крапатлівая праца, патрабуючая адказнасці. А яшчэ вось што: чым больш працуеш, тым больш пазнаеш. Самае ж галоўнае, што мне сказаў, прафесія токара яму вельмі падабалася, таму ніколі не думаў яе змяніць. Так адбылося, што ў 2002 годзе Хоцімская ПМК-97 была далучана да Клімавіцкай ПМК-88. Многія рабочыя тады звольніліся, знайшоўшы другое месца работы. А Сегранёў чатыры гады разам з брыгадай меліяратараў з Хоцімска працягваў ездзіць ў Клімавічы. І зноў рабіў токарам.
А перад выхадам на заслужаны адпачынак працаваў нейкі час, але ўжо ў іншай арганізацыі.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара

