Любоў Сегранёва — з песняй па жыцці

Пажылы чалавек… У ім і яркі букет пражытых гадоў, вялікая колькасць прыемных успамінаў, і глыбіня жыццёвай мудрасці. Згадзіцеся, што толькі яму не з кніг вядома мінулае. Толькі ён з вышыні сваіх гадоў можа ацаніць сучаснасць. І толькі яму адкрываецца будучае. Бо яно, гэта будучае, дзецішча яго намаганняў і працы, ўнукі і праўнукі, справы і тварэнні.
Гэту энергічную жанчыну не ведаюць, бадай, толькі тыя, хто ніводнага разу не быў на гарадскіх або раённых мерапрыемствах. Так вось, гэта Любоў Сцяпанаўна Сегранёва (у дзявоцтве Логвінава), ураджэнка прыгожай вёскі Гдзень Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Бацька, Сцяпан Цімафеевіч, працаваў у мясцовым калгасе «Чырвоная Україна» трактарыстам. А яшчэ ён добра ўмеў стрыгчы валасы, а таму ў вольны ад асноўнай работы час быў за парыкмахера ў вёсцы. Маці, Надзея Іванаўна, працавала даяркай. Заўсёды была ў ліку перадавых. А таму яе выбіралі дэпутатам у сельскі Савет.
– Вёска наша вялікай была. Меліся дзіцячы сад, сярэдняя школа, два магазіна, сельскі Дом культуры, – успамінае Любоў. – Была… Цяпер ўсё ў мінулым. Чарнобыльская трагедыя віноўная…
Бойкі, энергічны характар дзяўчынка паказала з дзяцінства. У вёсцы Люба была завадзілай ва ўсіх гульнях, а калі пайшла ў школу – стала актывісткай. Калі прыйшоў час паступаць у камсамол, ніколькі не вагалася. Пазней, на агульных камсамольскіх сходах у школе, яе ставілі ў прыклад. А потым стала сакратаром камсамольскай арганізацыі. Яе паважалі, з яе меркаваннем лічыліся. І, канешне, адзначалі за актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці.
– Наша сям’я была заўсёды на віду, – працягвае жанчына. – Справа ў тым, што вельмі прыгожа спявала народныя песні мая прабабуля Арына. А бацька граў на гармоніку. Мне падабалася іх слухаць. Я, можна так сказаць, заспявала яшчэ ў дзяцінстве. Настаўніца ў пачатковых класах адзначыла гэту маю асаблівасць – увесь час нешта напяваць. Пасля ўрокаў у школе, ужо старшых класах, я ішла ў сельскі ДК. Была актыўнай удзельніцай усіх святочных канцэртаў, праводзімых у вёсцы. Спявала ў ансамблі «Вяснянка» нароўні з дарослымі жанчынамі вёскі.
Пасля дзесяцігодкі дзяўчына паехала ў горад Магілёў паступаць ў культпрасветвучылішча. Выбрала аддзяленне харавога дырыжыравання. На праслухоўванні спявала прыгожую песню на ўкраінскай мове. Вельмі была рада, калі паштальёнка прынесла заказное пісьмо з выклікам на вучобу.
Вучылася старанна. Удзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, праводзімых у навучальнай установе. Выкладчыкі адзначалі, што дзяўчына таленавітая.
– У мяне на першым плане была спачатку вучоба, а потым ўжо асабістае жыццё, – прыемна ўсміхаецца мая суразмоўца. – І сваім сяброўкам не дазваляла згубіць галаву і забыць пра заняткі. І толькі на апошнім годзе вучобы адыйшла ад свайго правіла. А было гэта так. Аднойчы студэнты вучылішча выступалі ў Доме культуры завода імя Кірава. Дык вось, пасля канцэрта і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Іванам Сегранёвым. Ён працаваў на заводзе.
Маладая сям’я вырашыла жыць на Хоцімшчыне. Уладкаваліся працаваць: Іван у ПМК меліярацыі, а Люба – у дзіцячы сад № 2 памочніцай повара. Пазней яе перавялі выхавацелем ясельнай групы. Напарніцай была Алена Крыванос.
Калі ж пры Райсельгастэхніцы (узначальваў Барыс Лявонцьеў) быў адкрыты Янаўскі сельскі клуб, Любоў Сегранёву запрасіў загадчык аддзела культуры райвыканкама Уладзімір Люсікаў (ён даведаўся, што ў яе адпаведная адукацыя) працаваць мастацкім кіраўніком.
– А потым так здарылася, што клуб закрылі, – працягвае яна. – Нейкі час працавала ў РАНА інжынерам па тэхніцы бяспекі. Калі ж стаў працаваць новы дзіцячы сад № 3, яго загадчыца, Таццяна Бут-Гусаім, дала згоду на працаўладкаванне. Закончыла завочна Магілёўскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці выхавацель дашкольнай установы. Працавала старанна і не пераставала ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. І так працягвалася да выхаду на заслужаны адпачынак.
У той час у Хоцімску ўжо быў створаны хор ветэранаў. Кіраўнік яго, Валянціна Сухадолава, пры сустрэчах запрашала і Сегранёву стаць удзельніцай. З тае пары мінула каля 10 гадоў. Цяпер калектыў называецца Народны ансамбль ветэранаў. Налічвае 15 жанчын.
– Ведаеце, наш ансамбль дапамае мне быць у тонусе, – гаворыць Любоў. – І зараз наш калектыў – гэта мая энергія і моц. Дарэчы, як і для ўсіх яго ўдзельнікаў. Для нас ансамбль яшчэ і вялікі стымул прыгожа апранацца, рабіць прычоску. Заняткі ў ансамблі для мяне не толькі спяванне, але і жывыя зносіны з нашымі членамі калектыва. Народны ансамбль ветэранаў карыстаецца вялікай папулярнасцю ў Хоцімску і раёне. Рэдка якое мерапрыемства праходзіць без нашага выступлення. Удзельнічаем у розных конкурсах, якія праводзяцца ў Магілёве, маем вялікую колькасць розных узнагарод.
Любоў Сегранёва вельмі любіць лес. А яшчэ жывёлін. Шмат часу праводзяць з мужам на дачы, дзе ў яе расце шмат кветак і гародніны. Яны нарадзілі і выхавалі дваіх дзяцей. Сын Сяргей працуе электраманцёрам ў РЭСе і пражывае з сям’ёй у Хоцімску. Для дачкі Наталлі і яе сям’і месцам жыхарства стаў абласны цэнтр Магілёў. Яна працуе медсястрой у сістэме аховы здароўя вобласці. Дачакаліся і чатырох унукаў. Так і ідуць па жыцці да гэтай пары разам. Дарэчы, у снежні гэтага года ў іх юбілей – 50 гадоў з дня заключэння шлюбу! Так што ўперадзе – шматлікія віншаванні ад родных, блізкіх і сяброў.
Наталля КАЦЯШОВА

