Настаўнік – аснова ўсяго

Сённяшні матэрыял аб захопленым сваім прадметам маладым спецыялісце, прыехаўшым у наш раён на работу. Знаёмцеся: настаўніца хіміі ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Хоцімска» Крысціна Кузняцова.
Яна нарадзілася і вырасла ў прыгожым горадзе на Дняпры, Магілёве. З дзяцінства дзяўчынка вельмі любіла «гуляць у школу» са сваімі сяброўкамі. Падабалася вазіцца з імі, – па суці была ім выхавацелем.
– У школе, у восьмым класе, захапілася прадметам хімія, – расказвае Крысціна. – Была ў мяне і любімая настаўніца, якая выкладала ў нашым класе прадмет – Таццяна Уладзіміраўна Лахадынава. На выгляд была строгай, але ў душы вельмі добрай. Заўсёды зразумела тлумачыла новы матэрыял. Ведаеце, на ўроках хіміі я любіла праводзіць розныя вопыты. Радавалася, калі атрымлівалася эфектна. З цікавасцю назірала, як ідзе рэакцыя пры правядзенні вопытаў. Цвёрда рашыла, што таксама звяжу сваё жыццё з хіміяй. Гледзячы на настаўніцу, вырашыла, што таксама хачу дапамагаць дзецям развівацца, раскрываць сябе, што, нарэшце, хачу быць настаўніцай.
Згадзіцеся, у кожнага чалавека ў жыцці былі настаўнікі. Настаўнік – аснова ўсяго. Грамадства без яго, школы, педагогікі немагчыма. Цяжка пераацаніць яго значэнне ў жыцці людзей.
Крысціна прызналася, што вучыцца ў Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А. А. Куляшова пайшла па прызванню. Выбрала спецыяльнасць хімія і біялогія. Разам з ёй у адной групе вучылася і аднакласніца Анастасія Анішчанка.
– У Хоцімск я атрымала размеркаванне пасля заканчэння навучальнай установы, – працягвае Крысціна. – Першыя ўражанні? Невялікі, ціхі, чысты гарадок. Усё побач: школа, дом, дзе здымаю кватэру, раённы Цэнтр культуры, розныя магазіны. Як сустрэлі ў калектыве школы? Гасцінна, цёпла. Акружылі клопатам і падтрымкай. Ужо ведаю, што выкладаць хімію буду з 7-га і па 11-ы класы. У школе абсталяваны клас для заняткаў па хіміі. Ён прасторны, светлы. На сценах вывешаны розныя табліцы. Ёсць і лабарантцкая. Ужо набыты неабходныя прыборы, розныя рэактывы. Адным словам – маецца ўсё для правядзення ўрокаў і вопытаў. Так што я задаволена. Ведаеце, а хімія – вельмі цікавая навука. Яна любіць уважлівых і не церпіць нядбайнасці. А яшчэ, скажу вам, хімія – складаны прадмет. Так што на сваіх уроках буду старацца растлумачваць вучням так, каб зразумела стала ўсім.
Крысціна запэўніла, што пастараецца быць добрай настаўніцай для дзяцей. Бо строгасць – не галоўнае, яна не дасць ніякіх вынікаў, вучні не будуць слухацца такога педагога. Неабходны і індывідуальны падыход. Бо дзеці ўбачаць добрыя адносіны настаўніцы да іх і ацэняць яе. Вельмі важна знаходзіць з імі агульную мову, а лаяць – усё гэта без толку. Дзяцей трэба разумець: чаго яны жадаюць, што ім падабаецца. А яшчэ трэба заўсёды быць у трэндзе. Нават знешнім выглядам важна паказваць, што ты сучасная настаўніца, што добра разбіраешся ў сучасных тэндэнцыях.
Хутка на ўрачыстай лінейцы ва ўсіх школах нашай Беларусі празвініць званок, які апавясціць аб пачатку заняткаў у новым навучальным годзе. Ад душы жадаю Крысціне добрага настрою, цярпення, адзыўлівых вучняў, якія будуць паважаць і цаніць яе.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара

