Беларусь: гонар за сваю краіну

Аксана Лутчанкова, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу:

– Не ведаю такога чалавека, які б не ганарыўся і не любіў сваю краіну. Нельга не любіць тое, чым штодзённа жывеш і часткай чаго з’яўляешся. Беларусь – прыклад стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Наша краіна за апошнія дзесяцігоддзі дасягнула добрых паказчыкаў у многіх сферах: палітыка, эканоміка, медыцына, адукацыя, культура, спорт. Яна і сёння працягвае ўпэўнена рухацца наперад і падтрымліваць добрыя адносіны з іншымі краінамі свету. Беларускія тавары карыстаюцца асаблівым попытам за мяжой. Сэрца перапаўняе пачуццё гонару, калі бачу, як нашы беларускія спартсмены ўдзельнічаюць у разнастайных спаборніцтвах і займаюць прызавыя месцы. Усяму свету вядомыя імёны Дар’і Домрачавай, Вікторыі Азаранка, Аляксандры Герасіменя.
У гэтым годзе наша краіна адзначае 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы павінны быць удзячнымі нашчадкам. Не ведаючы ці забываючы вялікую гісторыю, мы можам страціць годнасць і нацыянальную самабытнасць. Асабліва прыемна, што многія традыцыі нават з цягам часу не губляюць сваёй актуальнасці. Напрыклад, адраджэнне беларускай мовы. У бібліятэцы гэтаму пытанню адведзена асаблівае месца.
Алена Колеснева, шматдзетная маці:

– У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для шчаслівага мацярынства. Калі казаць аб самай вялікай прывілеі, то гэта льготы пры будаўніцтве жылля. Выгадныя ўмовы для крэдытавання, але залаты запас уласных сродкаў усё ж патрэбна мець. Калі параўноўваць з іншымі краінамі, беларусам вельмі пашчасціла – бясплатнае харчаванне ў школе, нядрэнная дзіцячая дапамога і, безумоўна, мацярынскі капітал. Наша сям’я пакуль яшчэ не паспела скарыстацца ўсімі прывілеямі.
Я ўпэўнена за будучыню сваіх дзяцей: яны змогуць без чаргі наведваць дзіцячы сад, атрымаць бясплатную і якасную адукацыю ў школе, паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову.
Валерый Жадан, хормейстар РЦК:

– У нас вельмі самабытная культура, якая адрознівае беларусаў ад іншых народаў. Мы імкнемся зберагчы свой нацыянальны каларыт, які адлюстраваны ў песнях, танцах, святах, абрадах, элементах адзення, мове і перадаць яго наступнаму пакаленню. Гэта беларуская зямля падарыла нам Коласа, Купалу, Куляшова, Багдановіча і іншых паэтаў. У Беларусі даўняя багатая гісторыя традыцыйных мастацтваў і рамёстваў, многія з якіх існуюць і сёння.
А яшчэ Беларусь – месца з вялікай колькасцю прыгожых прыродных мясцін і аб’ектаў, штогод нашу краіну наведвае вялікая колькасць турыстаў. На маёй малой радзіме таксама шмат цудоўных мясцін, асабліва люблю хоцімскі бярозавы гай.
Клаўдзія Шаўцова, пенсіянерка:

– Ганаруся, што Беларусь – мірная краіна. Яна сябруе з многімі краінамі свету. Нават беларускі гімн пачынаецца словамі «Мы беларусы – мірныя людзі». Так склалася, што вельмі працяглы час мне давялося жыць за межамі Хоцімскага раёна. А вось мае знаёмыя так і не змаглі пакінуць свае дамы, нягледзячы на ваенныя дзеянні на Украіне. Мяне заўсёды ўраджвала чысціня беларускіх гарадоў. У нас ёсць усе ўмовы для камфортнага жыцця.
Самае галоўнае наша багацце – людзі: шчырыя, добрыя, працавітыя. Вельмі рада, што ў сталых гадах вярнулася на сваю малую радзіму.
Арына Мінчанка, навучэнка аб’яднання па інтарэсам «Жывое слова» ЦТДзіМ

– Няма ў нас у Беларусі той экзотыкі, што адразу кідаецца ў вочы. Няма высокіх гор, шумных вадаспадаў, вогненных каньёнаў, дзівосных звяроў. Але я люблю родны край за прыгажосць прыроды, якая радуе нас сваёй гармоніяй, цішынёй, ласкай. У сціплай беларускай прыродзе ўсё гарманічна: і аблокі, што плывуць па небе, і дрэвы ў гаях, і вада ў рэках і азёрах, і валошкавы лён падчас цвіцення. Беларусь таму і называюць «сінявокай». Я люблю нашу беларускую прыроду за зеляніну вясновых палёў, лугоў і квітнеючых садоў, за паветра, напоенае водарам лясных ландышаў, ліпавага цвету, чабора і мяты. За снежную казку, па якой мы так сумавалі гэтай зімой. Замілаванне ў мяне выклікаюць калючыя вожыкі, якіх я ўвесь час бачу летам ў бабулі ў вёсцы. Наша беларуская прырода такая ж мілая: сціплая, родная, як і людзі, якія жывуць на зямлі пад белымі крыламі.
Цікавілася
Вольга Зайцава
