Темы

Аб беларускай мове і Дне пісьменства

Аб беларускай мове і Дне пісьменства

Крыху раней, якраз у святочным нумары раённай газеты да Дня Незалежнасці, маім калегам Аляксандрам Александрыным быў апублікаваны цудоўны артыкул пра Віталя Маслоўскага – сваяка нашага знакамітага паэта Аркадзя Куляшова і сапраўднага шчырага беларуса. На той момант і падумаць не магла, што ў мяне будзе магчымасць пазнаёміцца з гэтым чалавекам асабіста. Але такая магчымасць выпала. І вось я ўжо са сваім суразмоўцам за тым жа столікам ля калодзежа, дзе гэтак жа месяц назад сустракаўся мой калега. Гаспадар частуе мяне яблыкамі – ураджай у гэтым годзе выдаўся добры. Асаблівая атмасфера, якой прасякнуты кожны куточак гэтага месца, адарванага ад гарадской мітусні, выклікае нямала станоўчых эмоцый, якія цяжка апісаць словамі. А яшчэ менавіта тут калісьці вядомы кожнаму беларусу паэт Аркадзь Куляшоў напісаў сваю паэму “Новае рэчышча”…

– Віталь Іванавіч, мінулы раз вы ўжо расказвалі пра нашага знакамітага земляка, а яшчэ можаце ўзгадаць выпадкі, сведкам якіх вам пашчасціла станавіцца?
– Як я ўжо казаў, ні я, ні мае сваякі асабліва ніколі ні афішавалі сваяцтва са знакамітым паэтам. Але і ўтойваць гэта не вельмі атрымоўвалася. Як сёння, памятаю, калі да 60-годдзя народнага паэта атрымаў заданне ад кіраўніцтва “Настаўніцкай газеты” напісаць артыкул. Памятаю і сваё хваляванне, калі прыйшоў да Аркадзя Аляксандравіча. Мабыць ён адчуў гэта, але адразу паставіўся да мяне, як да сапраўднага вопытнага журналіста. Выклаў перада мной усе свае фотаздымкі, і прапанаваў паразважаць, якія пытанні жадаў бы яму задаць, а сам выйшаў з пакоя. Пытанні тады можа былі не занадта прафесійна складзены, ды артыкулу майму далі добрую адзнаку. Але што запомнілася – цеплыня, якая назаўжды засталася ў душы пасля той размовы… І хоць журналістам я так і не стаў – пайшоў у навуку, усё ж неаднойчы друкаваў свае артыкулы ў разнастайных часопісах. А вось яшчэ што ўспомнілася. Недзе падчас 60-х Аркадзь Куляшоў планаваў выпусціць “Новую кнігу”, але ў Беларусі яе выхад спынілі. Аркадзь Аляксандравіч нават звяртаўся за дапамогай да сваіх расійскіх сяброў, сярод якіх быў і Аляксандр Твардоўскі. Надзеі аб тым, што кніга выйдзе амаль не засталося. Але неяк зусім выпадкова ў краме я наткнуўся на новы зборнік майго дзядзькі з простай і немудрагелістай назвай. Безумоўна, набыў яго і, прыехаўшы да паэта ў госці, расказаў аб тым, што набыў новае цікавае выданне. Яго радасці не было мяжы – радаваўся, як дзіця, распытваючы, дзе набыў кнігу і які яе тыраж. І гэта была радасць чалавека, які хоча падзяліцца сваімі пачуццямі з усім светам, радасць, якую ён выпакутаваў… Гэтую радасць немагчыма забыць і цяжка перадаць. Такі вось ён быў народны паэт Беларусі – таленавіты, і разам з тым просты і шчыры. І гэты дом, з якім звязана нямала добрых успамінаў, таксама для мяне вельмі цэнны, гэта мой райскі куток, своеасаблівы перахаднік паміж мінулым і сучасным. Вельмі ўдзячны мясцовым паэтам – Андрэю Зубрыцкаму і Аляксандру Александрыну, якія дапамагаюць з рамонтам – нядаўна абнавілі стары дах.
– Напярэдадні Дня беларускага пісьменства хачу запытаць: вы былі адным з першых рэдактароў і куратарам “Закона аб мовах”, як бачыце будучае нашай роднай беларускай мовы?
– Беларуская мова да 1994 года была дзяржаўнай мовай, падручнікі і адукацыя былі пераважна на ёй. Пасля рэферэндуму, статус дзяржаўнай атрымала ў роўнай ступені з беларускай і руская мова. Памятаю, як падчас усіх гэтых пераўтварэнняў прагучала вялікая трывога за стан роднай мовы ад Ніла Гілевіча, які папярэджваў, што яна апынецца ў нялёгкім становішчы. Ён меў рацыю. Праграма, якую мы распрацоўвалі ў 1991 годзе, прадугледжвала развіццё беларускай мовы ў розных сферах жыццядзейнасці чалавека, у перспектыве гэта павінна было б прывесці да ператварэння беларускамоўнай меншасці ў беларускамоўную большасць. На жаль, гэтага не атрымалася. Назіраючы за беларусамі, бачу не вельмі радасную карціну – многія саромеюцца беларускай гаворкі, не ўжываюць яе ў паўсядзённым жыцці. А беларуская мова – унікальная, вельмі прыгожая і мілагучная. Наш хоцімскі дыялект таксама заслугоўвае асаблівай увагі ў паўднёва-усходняй частцы нашай краіны вымаўляюцца больш мякка. Мала гучыць беларуская мова і на тэлебачанні, з некалькіх беларускіх каналаў, толькі на адным размаўляюць на лагоднай беларускай гаворцы. Але справа ў тым, што беларусы проста разумеюць сваю мову, ды не жадаюць ведаць яе і не думаюць на ёй. Бо, каб думаць і разважаць на матчынай мове, трэба прыкласці намаганні, і прычым нямалыя, а многім зручна гэтыя намаганні не прыкладаць. А гэтага трэба шчыра захацець, каб у вачах заўжды была іскрынка, а на сённяшні дзень беларусы – па-большасці лянівая нацыя. Мяне, як чалавека неабыякавага да гэтай тэмы вельмі хвалюе, каму ж мы пакінем, каму перададзім нашу спадчыну, мову, культуру.
– Сапраўдны беларус – на вашу думку якім ён павінен быць?
– На гэту тэму можна бясконца весці дыскусіі, але самы правільны адказ схаваны вельмі глыбока ў куточках нашага сэрца. Сапраўдны беларус – шчыры, гасцінны, памяркоўны. Менавіта так аб нас кажуць. Быць беларусам – гэта і проста жыць і быць ім, і быць сапраўдным патрыётам, і паважаць культуру, мову, ведаць сваю гісторыю. Мець запіс у пашпарце – гэтага мала. Трэба мець беларускую душу, думаць і марыць па-беларуску, штодзённа адчуваць гонар за сваю краіну і народ. Кожны павінен разумець сваё прызначэнне – хто ён на гэтай зямлі, адчуць поўнае яднанне са сваёй краінай. І пачынаць выхоўваць усе гэтыя важныя якасці трэба з маленства, з сям’і. У гэтым годзе, які абазначаны як Год малой радзімы, спаўняецца якраз стагоддзе геніяльнаму вершу Янкі Купалы “Спадчына”. Такое супадзенне таксама невыпадковае – гэта яшчэ раз прымушае нас задумацца, хто мы і для чаго існуем на гэтай зямлі.

Беларуская – самая мая…
Чалавек без Мовы “ніхто”,
Быццам звон пусты, пустазелле, бядняк.
Чалавек без Мовы “ніхто”,
І завуць чалавека “ніяк”.
Ну, а з Мовай – іншая размова,
Думаць, марыць, жыць і размаўляць.
З губ маіх лагодныя злятаюць словы:
Матчына… Адзіная… Любімая…
Абяцаю Цябе захаваць!
Вольга Зайцава

– Вы некаторы час працавалі ў Славакіі, выкладаючы студэнтам беларускую мову і літаратуру. Успамінаеце тыя часы?
– Безумоўна, успамінаю. Гэта вельмі цікавы час. Калі мне паступіла прапанова займацца выкладчыцкай дзейнасцю за мяжой – згадзіўся без роздумаў, і ні кроплі не пашкадаваў аб гэтым. Наконт інфармацыі наогул – яна не павінна быць дазіраванай, абмежаванай. На Захадзе такога няма, мае студэнты былі вельмі дасведчанымі, іх цікавіла не тое, што напісана ў падручніках, а тое, што думаў на гэты конт іх настаўнік. Я ж у сваю чаргу, як выкладчык быў лаяльны – нават шпаргалкамі дазваляў карыстацца, калі яны пісаліся ад рукі. Ведаю, калі чалавек піша – ён думае, менавіта гэтага і дамагаўся, каб мае студэнты больш думалі і разважалі, часта дыскутавалі з імі на самыя розныя тэмы. Дарэчы, мае славацкія студэнты-славісты, якія ведалі па некалькі моў, даволі хутка вывучылі зусім незнаёмую ім, беларускую. І, калі прыехалі ў нашу краіну, і пачалі размаўляць па-беларуску былі здзіўлены: беларусы не ведаюць сваёй роднай мовы. Тады неяк стала сорамна за свой народ, які не размаўляе і не ведае сваёй мовы.
– Віталь Іванавіч, сёння электронныя носьбіты запаланілі ўвесь свет. Як лічыце ў сувязі з гэтым актуальнасць папяровай кнігі з часам знікне?
– Ясна, што электронныя гаджэты штодзённа накладваюць свой адбітак, але кніга была і будзе жыць, яе актуальнасць ніколі не знікне. Такое маё меркаванне. Сёння можна бачыць недахоп на кніжным рынку беларускіх выданняў, на паліцах кніжных крам усё больш жаночых раманаў і дэтэктываў, мала публіцыстычнай літаратуры, літаратуры з сэнсам. Хочацца спадзявацца, што сучаснае грамадства ўсё ж будзе чытаць, шанаваць кнігу. І таксама не забываць пра родную мову. Яшчэ ў Савецкім Саюзе большы акцэнт рабіўся на асобу чалавека, яго псіхалагічны стан, у першую чаргу разглядалася, што патрэбна людзям. Сёння ж насельніцтва замбіравана інтэрнэтам, запатрабаванні простых людзей адышлі на другі план. Беларускае насельніцтва жыве сённяшнім днём, забываючы пра альтэрнатыву. Але вялікага выбару кнігі з сэнсам для душы сустрэнеш вельмі мала. Недахоп беларускіх выданняў сёння відавочны, і гэта таксама сур’ёзная недапрацоўка.
– Каму з беларускіх пісьменнікаў аддаеце перавагу, з кім пашчасціла быць знаёмым?
– Калі казаць пра прозу, то вельмі падабаецца творчасць Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, якія расказвалі пра жыццё простых людзей. Напрыклад, раманы Мележа наколькі традыцыйныя, настолькі і наватарскія, у іх паказаны наш народ – працавіты, мужны, спагадлівы, таленавіты, цярплівы. На першым плане – чалавек, яго пачуцці, перажыванні. Караткевіч для мяне выдатны празаік, лепшае ўвасабленне беларускай нацыі, які сабраў і раздаў беларусам самае лепшае, што ў яго было. Як зараз памятаю, як яго не стала і старшыня прадметнай камісіі спыніў экзамен, дазволіўшы нам, студэнтам, паехаць развітацца з любімым пісьменнікам. Гэты момант вельмі запомніўся. Што тычыцца паэзіі – гэта Колас, Куляшоў, Панчанка. Іх паэзія вельмі блізка і знаёма. Сярод сучаснікаў – Анатоль Сыс і Андрэй Федарэнка, дарэчы мой былы студэнт.
Сустракацца і быць знаёмым пашчасціла са многімі знакамітымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Давялося працаваць з Генадзем Бураўкіным, сябраваў з Алесем Адамовічам і Нілам Гілевічам, ведаў Рыгора Барадуліна. Неаднойчы даводзілася сустракацца з Васілём Быкавым – ён заўжды быў сур’ёзны, увесь час аб нечым думаў. І я лічу сябе шчаслівым, бо мне давялося быць знаёмым, у першую чаргу, са шчырымі і сапраўднымі людзьмі.
– Што для вас Дзень беларускага пісьменства, і напярэдадні свята вашы пажаданні беларусам.
– Памятаю, як раіліся з Нілам Гілевічам і Алегам Трусавым, на які дзень лепш паставіць гэта свята. Усе сышліся на меркаванні, што ў першую чаргу гэта свята асветнікаў і школьнікаў. Таму яно амаль супадае з Днём ведаў. Для мяне, як для беларуса, гэта таксама значная падзея. Што хочацца пажадаць? Шчыра любіць сваю радзіму, авалодваць сваёй роднай мовай і штодзённа думаць на ёй, цаніць жыццё і імкнуцца ўнесці свой уклад, няхай і не такі значны, у шчаслівы заўтрашні дзень.

Вольга ЗАЙЦАВА

Последние новости

Общество

Безопасность при проведении ВНС обеспечена

26 апреля 2024
Происшествие

В Могилеве игроман обманывал потенциальных квартирантов, а деньги тратил на ставки

26 апреля 2024
Происшествие

На Бали в ДТП погибла гражданка Беларуси

26 апреля 2024
В мире

Исполнительницу теракта в Стамбуле в 2022 году приговорили к семи пожизненным срокам

26 апреля 2024
Общество

Минздрав утвердил график работы учреждений здравоохранения в мае

26 апреля 2024
Спорт

В Климовичах прошли зональные соревнования по футболу. Команда хотимчан вышла в финал

26 апреля 2024
Актуально

Надежде Коротыш вручили материальную помощь в преддверии Дня Победы

26 апреля 2024
БелТА: в стране и мире

Кадровые вопросы: председатель Могилевского облисполкома Анатолий Исаченко сегодня проводил на новые должности Александра Старовойтова и Светлану Нечай

26 апреля 2024
Актуально

“Урок мужества” прошел для сотрудников Хотимского РОВД

26 апреля 2024
БелТА: в стране и мире

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024

Рекомендуем

В районе

Начинается отправка молодого пополнения в ряды Вооруженных Сил РБ

22 апреля 2024
Актуально

Учащиеся Забелышинской СШ посетили историко-краеведческий музей

26 апреля 2024
Актуально

9 хотимчан отправятся в весенний призыв на срочную службу

19 апреля 2024
Актуально

Хотимчане принимают участие в Республиканском субботнике

20 апреля 2024
Актуально

В Хотимском районе станет больше рыбы

25 апреля 2024
Личность

Каким улицам Хотимска присвоены имена освободителей

25 апреля 2024
В районе

В Хотимском УКП «Жилкомхоз» прошла профилактическая акция по тестированию на ВИЧ-инфекцию методом экспресс-диагностики по крови

19 апреля 2024
В районе

В Хотимске прошла коллегия по сельскому хозяйству и продовольствию райисполкома, которую вел глава района Геворг Мелконян

16 апреля 2024