Прафсаюз у ролі Дзеда Мароза і Снягурачкі
З чым асацыіруецца Новы год? У першую чаргу з ёлкай, мандарынамі, Дзядулем Марозам і Снягурачкай. Ну і якое ж свята без падарункаў. Асабліва чакаюць іх самыя маленькія. А самы галоўны падарунак, аб якім мараць дарослыя – каб іх любімыя малышы былі здаровыя.
Але, часам здараецца, што якраз напярэдадні навагодняй мітусні, некаторыя малышы трапляюць у дзіцячае аддзяленне Хоцімскай бальніцы. Каб маленькім пацыентам не прыйшлося сумаваць, прафсаюзныя працаўнікі ўстановы аховы здароўя кожны год ператвараюцца ў Дзядулю Мароза і Снягурачку і віншуюць рабят з надыходзячым святам.
– Пад Новы год прынята рабіць добрыя справы і дарыць падарункі. Наша прафсаюзная арганізацыя таксама клапоціцца аб гэтым. Стала ўжо традыцыйным наведваць пацыентаў дзіцячага аддзялення напярэдадні свята. Гэты год не стаў выключэннем. Ад адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі ЦРБ былі падрыхтаваны салодкія пачастункі для самых маленькіх. І,безумоўна, атрымае навагодні падарунак кожны член прафсаюза, – падзялілася прафсаюзны лідэр ЦРБ Тамара Сідарэнка.
Дзеткі вельмі ўзрадваліся сустрэчы з казачнымі персанажамі, настрой іх значна палепшыўся, яны стараліся ўспомніць навагоднія вершы. Асабліва парадаваў Дзядулю Мароза выхаванец дзіцячага садка №3 Косця Тарасаў, які расказаў самы доўгі верш, і падрыхтаваў для гасцей маленькі падарунак асабіста ад сябе. А яшчэ цукеркі атрымалі ўсе дзеткі, якія ў гэты дзень патрапілі на прыём да педыятара.
Дзядуля Мароз пажадаў усім дзецям хуткага выздараўлення і добрай вучобы. Ніхто з малых у гэты дзень не застаўся без падарунка.
Вольга МІРАВА