У сельскага вадзіцеля работы заўсёды хапае

Ігар Паўлюцін, вадзіцель ААТ «Хоцімскі Тэхнакомплекс» – чалавек сціплы, які лічыць, што асаблівай прычыны расказваць аб ім у райгазете няма – у раёне шмат вадзіцеляў-прафесіяналаў. Але прычына ёсць. У мінулым годзе сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў сельскагаспадарчых арганізацый, ажыццяўляючых перавозку зерня ад камбайнаў, заняў першае месца. Ён узнагароджаны Дыпломам Хоцімскага райвыканкама і грашовай узнагародай. За гэтымі радкамі скрываецца паўсядзённая ўпартая праца чалавека, усё сваё жыццё прысвяціўшага рабоце шафёрам.
Калі рыхтаваўся святочны нумар «ШК» да раённых «Дажынак-2025», Ігар Уладзіміравіч адсутнічаў, таму не прадставілася магчымым сустрэцца з ім і напісаць матэрыял. Але вырашыла, што лепш гэта зрабіць цяпер, чым ніколі.
Ігар родам з вёскі Бяседавічы. Яшчэ вучнем школы захапіўся тэхнікай. Яго бацька працаваў трактарыстам у калгасе. Юнак часта прыходзіў да яго на машынны двор. Назіраў, як старэйшы Паўлюцін робіць рамонт свайго агрэгата. Іншы раз дапамагаў. Так што ў выбары спецыяльнасці пасля дзесяцігодкі пытанняў не ўзнікла: толькі вадзіцель. Закончыў Хоцімскае ПТВ-215. Атрымаў вадзіцельскія правы. А ў хуткім часе быў прызваны ў армію. Служыў у чыгуначных войсках. Там і спатрэбілася набытая спецыяльнасць.
Першым месцам работы пасля дзембеля стаў калгас «Іскра». Працаваў вадзіцелем бензавоза. З тае пары прайшло шмат гадоў. Цяпер гэты калгас у складзе Тэхнакомплекса. І 17 гадоў яго МАЗ-5077 калясіць дарогі раёна. Не злічыць, колькі грузаў перавёз Ігар за час працы вадзіцелем. Яны былі розныя: арганіка, угнаенні, будаўнічыя матэрыялы і інш.
Калегі па рабоце так адзываюцца аб ім: «Ігар – сапраўдны прафесіянал, як вадзіцель. Ён добрасумленны працаўнік. Увесь дзень круціцца, як тая вавёрка ў коле. Ганарымся гэтым высокакласным спецыялістам, які з’яўляецца адным з лепшых і ў арганізацыі, і ў раёне».
Для машыны Паўлюціна ў Тэхнакомплексе заўсёды работа знойдзецца, а значыць, і вадзіцелю сумаваць не прыйдзецца. Як праходзіць рабочы дзень? А па-рознаму. З раніцы – разнарадка, у ходзе якой становіцца ясна, якія работы прадстаіць выканаць.
У сельскай мясцовасці прафесія шафёра заўсёды лічылася, ды і зараз таксама лічыцца, самай прэстыжнай для мужчыны. Але і спакойнай яе ніяк не назавеш. Ці дождж за вакном, ці спякота, ці мароз моцны або пурга – садзіцца вадзіцель за руль сваёй машыны і адпраўляецца ў шлях. Ігар сочыць за сваім аўтамабілем. Вось і ў цяперашні час паставіў яго на рамонт. Ён ведае, дзе і што трэба падкруціць, замацаваць, забяспечыць змазку, каб машына не падвяла ў час рэйса і служыла бы як мага больш.
Разам з іншымі вадзіцелямі, у залежнасці ад сезона, мужчына прымае ўдзел у розных гаспадарчых работах. Больш па душы яму нялёгкая праца ў пасяўную і ўборачную кампаніі.
– Асабліва падабаецца сама атмасфера гэтай гарачай пары, дзе ўсе працуюць дружна, з агеньчыкам, – усміхаецца Ігар. – Менавіта тут атрымліваеш поўнае задавальненне выкананай працы, і адчуваеш карысць і запатрабаванне. Узяць да прыкладу, жніво. Калі яно ідзе, а прымаю ў ім удзел штогод з 2007 года, роля вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў, цяжка пераацаніць. Крыху замарудзіўся – камбайны вымушаны прастойваць, трацячы, каштоўны ў гэты перыяд, час. Як ні круці, атрымліваецца, што вадзіцелі аўтамабіляў – галоўныя асобы ўборачнай кампаніі, ад якіх залежыць бесперабойная праца ўсёй сістэмы.
Выходзіць, што быць шафёрам не так і проста. Але згадзіцеся, што без іх адразу ўсё спыніцца, руху ўперад не будзе.
На маё пытанне аб чым марыць, ён, са сваёй уласцівай яму ветлівай усмешкай, адказаў: «Вельмі хочацца, каб быў мір на Зямлі. Каб хлебаробы маглі спакойна пасеяць і ўбраць вырашчаны ўраджай зерня. Каб потым у кожным доме быў на стале духмяны хлеб».
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара

