Темы

Паэт і муза: разам праз усё жыццё

Паэт і муза: разам праз усё жыццё

110-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова адзначаецца сёлета. Нарадзіўся ён 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы суседняга Касцюковіцкага раёна. Чаму я ўспомніў пра гэта толькі зараз, амаль у канцы года? Прычыны дзве. Першая – на хоцімскіх могілках некалькі дзён таму ўсталяваны помнік-надмагілле на магіле бацькоў Аркадзя Куляшова – Аляксандра Мікалаевіча Куляшова і Кацярыны Фамінічны Ратабыльскай. З’явіўся ён па ініцыятыве і непасрэдным удзеле пляменніка народнага паэта Віталя Іванавіча Маслоўскага. Віталь Іванавіч, якому зараз 80 гадоў, амаль кожны год прыязджае з Мінска і жыве летні сезон у Хоцімску ў доме свайго дзеда па вуліцы Камсамольскай, а яшчэ даўно займаецца даследаваннем творчасці свайго знакамітага дзядзькі. Узімку гэтага года ў літаратурным часопісе «Полымя» апублікаваны артыкул Маслоўскага «Успаміны радасці і смутку», у ім прыведзены дакументы, якія прэтэндуюць на адкрыццё ў біяграфіі паэта. З гэтай нагоды я паразмаўляў з самім аўтарам, па яго навядзенні адшукаў яшчэ некалькі цікаўных малавядомых фактаў. І гэтым мушу падзяліцца з чытачамі. Гэта другая і галоўная прычына.

У снежні 1972 г. у часопісе «Кругозор» выйшла мяккая грампласцінка: на адным боку песня «Касіў Ясь канюшыну» – галоўны шлягер з першага альбома ансамбля «Песняры», на другім – новая песня, нікому не вядомая. Кампазітар Ігар Лучанок «накідаў» няхітрую мелодыю на верш са зборніка Аркадзя Куляшова, выдадзенага з нагоды прысваення яму звання «Народны паэт БССР» яшчэ ажно ў 1969 годзе. Ён нават не стаў перапісваць на чыставую ноты. Аддаў чарнавік Уладзіміру Мулявіну, як кажуць, «да кучы» з іншымі партытурамі. І Мулявіна песня таксама не ўразіла. А ў 72-ім на праслухоўванне ў ансамбль прыйшоў новы клавішнік Уладзімір Мікалаеў. Вось, што ён сам успамінаў пасля: «Уначы я амаль не спаў, а раніцай літаральна пабег да Мулявіна. Ён сустрэў мяне з усмешкай і, крыху пагаварыўшы, прапанаваў спусціцца ў клас да раяля. Там дастаў нейкія ноты і сказаў: «Вось, зграй з ліста гэтыя крамзолі, а я пасяджу, паслухаю». Дарэчы, тыя крамзолі, якія я сыграў з ліста, былі аўтарскім экзэмплярам кампазітара Ігара Лучанка, а песня стала адной з візітных картак «Песняроў» – яе праспяваў Леанід Барткевіч, называлася яна «Алеся»…». Менавіта Мікалаеў здолеў сыграць гэтую мелодыю так, што Мулявін зразумеў – гэта шлягер! І не чакаючы выхаду другога альбома, «Песняры» запісваюць «Алесю» і выдаюць асобнай пласцінкай. Магнітную стужку з запісам «Алесі» ў 1977 годзе возьме з сабой на калязямную арбіту касманаўт Уладзімір Кавалёнак.

У першыя дні новага 1973 года Мулявін атрымае ліст. Маладыя паэт Анатоль Папярэчны і кампазітар Алег Іваноў даслалі спецыяльна напісаную для «Песняроў» песню. Якая звалася… «Алеся». Пра тое, што песня з такой жа назвай ужо існуе, аўтары не ведалі. Мулявін здзівіўся такому супадзенню. Песня яму спадабалася. Але каб не ўзнікла блытаніны, аддаў песню Анатолю Ярмоленке, ансамблю «Сябры». І гэтая «Алеся» таксама стала народным шлягерам.

Але вернемся да «куляшоўскай» Алесі. Верш, які заахвоціў Ігара Лучанка пакласці тэкст на музыку, зваўся «Бывай» і быў напісаны ў 1928 годзе, калі Аркадзю Куляшову было 14 гадоў. Паверце на слова, (сам паэт) выдумаць, нафантазіраваць штосьці ў гэтым узросце немагчыма, можна толькі зарыфмаваць навакольную рэчаіснасць, уласныя рэальныя пачуцці і перажыванні. І таму паэтычныя выявы, метафары набываюць жывую сілу. Юны аўтар не схлусіў не адзіным словам, а толькі выплюхнуў на паперу адрэфлексаваную быль. Калі хтосьці ніразу не слухаў «Алесю», адсылаю ў інтэрнэт – там лунаюць дзясяткі, калі не сотні варыянтаў. А вось тэкст арыгінальнага верша, думаю, будзе не лішнім нагадаць:

Бывай Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

Толькі спецыялісты і заўзятыя прыхільнікі творчасці Куляшова ведаюць, што Алеся – гэта рэальная дзяўчына, сяброўка дзяцінства і юнацтва вялікага паэта. Яго першае каханне. І ўжо зусім нямногія ў курсе, што Аркадзь і Аляксандра пранеслі сваё першае вялікае пачуццё праз усё жыццё.

Аляксандра Васільеўна Карыткіна (у замужжы Белазорава) была старэйшая за Аркадзя на два гады і вучылася з ім у адной сельскай школе. Некаторы час нават жыла ў доме Куляшовых на кватэры. Маладыя людзі шмат часу праводзілі разам, любілі бавіць час у наваколлях Бесядзі. Калі Саша скончыла школу, яна з’ехала з вёскі вучыцца далей, гэтай падзеі і прысвечаны поўны суму і тугі верш. Дарэчы, ніхто акрамя Аркадзя не называў Аляксандру Алесяй. Сама яна аддавала перавагу менавіта – Саша. У 1972 годзе Аркадзь Аляксандравіч скончыць паэму «Далёка ад акіяна», там будуць радкі ёй прысвечаныя:

«Не за радаслоўную,
Не за бацькаў род
Называў Князёўнаю
За красу народ
Квартарантку нашую.
Аляксандрай, Сашаю
Клікалі яе
Школьнікі свае.
Птушкаю – Тодараўна,
Я – Алесяй зваў».

Але тое будзе потым, а пакуль Аркадзь і Саша пішуць адзін аднаму лісты. Часам Саша прыязджае ў вёску на вакацыі. Адбываюцца рэдкія і радасныя сустрэчы, але большую частку зносін двух маладых людзей – гэта ліставанне. Яны будуць дасылаць адзін аднаму лісты да самага скону Аркадзя Куляшова ў 1978 годзе. Аляксандра Васільеўна працягне пісаць лісты да сястры Куляшова Надзеі Аляксандраўны (маці Віталя Маслоўскага) і яго маці Кацярыны Фамінічны Ратабыльскай. Частка гэтага ліставання, якая тычылася непасрэдна паэта і адносінаў да паэта Аляксандры Белазоравай, была апублікавана. Я буду спасылацца на яе надалей.

Перадапошні раз Аркадзь Куляшоў і Аляксандра Карыткіна бачыліся, калі яму было 18 гадоў, а ёй 20. Потым будзе яшчэ адна сустрэча. Вось, што пра яе піша сама Аляксандра Васільеўна ў лісце да сястры паэта Надзеі ў 1979 годзе, ужо пасля смерці Аркадзя: «Я пачала пісаць свае ўспаміны, пытаюся і перакрэсліваю і не ведаю, што атрымаецца. Бо трэба ж пісаць пра яго, для яго, а гэта не так проста. Ці шмат я ведаю, калі мы расталіся ў 18-20 гадоў, прайшло ўсё жыццё, а сустрэліся ўсяго адзін раз праз 20 гадоў і разышліся праз два часы! Разышліся засмучаныя і расчараваныя адно ў адным». Дык вось. У маі 1984 года супрацоўніца Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР Людміла Хрышчыновіч прыехала дамоў да Аляксандры Белазоравай у горад Роўна. Яна прыгадвае: «Аляксандра Васільеўна пачала з таго, што паклала на стол агульны сшытак, у якім, як яна патлумачыла, занатаваны яе ўспаміны. Дрыготкімі пальцамі адгарнула яго і, сказаўшы: «Я нікому гэтага не чытала, нават сваім. Вы першая», – пачала чытаць. Але чытала нядоўга, бо слёзы душылі яе: «Прабачце, я зараз…». Яна вярнулася праз колькі хвілін, знешне спакойная, засяроджаная. Кожны ліст Аляксандра Васільеўна чытала сама, уголас, не спяшаючыся, быццам развітваючыся. Сустрэцца з Аркадзем Куляшовым мне не давялося, і па лістах, якія былі сабраны да паездкі ў Роўна, ён уяўляўся мне чалавекам вельмі стрыманым, негаваркім. І раптам – гэта мора пяшчоты і цеплыні…». Хрышчыновіч прыводзіць толькі адзін кароткі ўрывак напісаны Куляшовым: «Дарагая Саша! Пасылаю табе песню-верш, якую ты чула ў выкананні Пархоменкі. Сам я яшчэ не чуў, але мне гаварылі, што выкананне добрае. Верш гэты напісаны ў 1959 годзе. Але я перарабіў яго ў мінулым годзе; перарабляючы, думаў і пра юнацкія нашы дні. Таму з поўным правам пасылаю табе верш-песню, як выкананне тваёй просьбы. Вітаю цябе з маем і вясной. Хай ураўнаважваецца твая душа пасля цяжкай страты. Якую, я гэта добра ведаю, нічым не ўцішыць. [Маецца на ўвазе смерць мужа Аляксандры Васільеўны, – Л. Х.] Час лечыць раны, а ў нас ужо не так шмат яго (гадзіны) у запасе – ні ў цябе, ні ў мяне. Сардэчны табе паклон і хай не абыходзяць цябе добрыя ўспаміны… Аркадзь. 23.04.74. Мінск».

І само сабой узнікае пытанне: а як жа ставілася да гэтага ліставання сям’я Аркадзя Куляшова? Якая рэакцыя была ў жонкі, дзяцей, іншых сваякоў? Пляменнік паэта Віталь Маслоўскі тлумачыць, што рэўнасць і крыўда з боку жонкі Куляшовай Аксаны Фёдараўны і дачкі Валянціны прысутнічалі. Валянціна Аркадзьеўна ўжо пасля сыходу бацькі з жыцця нават артыкул напісала з гэтай нагоды. Гэты допіс я, на жаль, не знайшоў. Але ёсць ліст Аляксандры Васільеўны Белазоравай да Надзеі Аляксандраўны, сястры паэта. Урыўкам з яго я і завяршаю гэты артыкул: «Шмат разоў прачытала артыкул дачкі Аркадзя. Такое ўраджанне, што вельмі старалася як бы апраўдаць бацьку, але у чым ён вінаваты? Хіба толькі ў тым, што пасля цяжкіх гадоў жыцця і цяжкіх хвароб, каб адпачыць ад іх, у вершах стаў згадываць юнацтва і дзяцінства, тыя светлыя вясновыя дні і дзяўчынку, што была яму «як светлы ранак, як юнацкі непаўторны свет». Згадаваць яму і пісаць пра тыя дні без Алесі ніяк нельга, без яе не было б пра што згадаць. А мы ж зусім мала жылі побач у адным доме вашым ( не больш за паўгода), а потым у школе на перапынках. Але гэта ж зусім дзяцінства было, хоць вочы яго заўседы былі прыкаваны да мяне. А ў юныя гады, калі вучыліся ў розных гарадах, мы некалькі разоў сустрэліся на летніх канікулах, ён чытаў мне вершы – вось і ўсе, ды яшчэ пісьмы. Даводзіцца здзіўляцца, што ўсё гэта пакінула ў ім такі глыбокі след, што ён памятаў, здаецца, усе мае словы і воблік, маю чырвоную касынку на галаве, ды акіян жыта вакол і самотнага жаўранка над галавой, калі праводзіў мяне да Бесядзі, якую мне трэба было перайсці. І былі мы па пачуццях і думках равеснікамі, мы не лічылі сваіх гадоў і не памяталі пра іх і не ведалі, хто старэйшы, а хто маладзейшы.

Вось усяго гэтага і не разумее, Валянціна Аркадзьеўна, і мяркуе пра наша мінулае з пункту гледжання жанчыны, якой ужо за сорак. І яна, і АФ ( жонка А. А. Куляшова прым. аўтара) не могуць дараваць бацьку, што не забыў юнацтва. Яны блытаюць бацьку і паэта, а гэта ж розныя людзі. Бацька заўсёды быў з імі, належаў сям’і, і ніхто у гэтым не сумняваецца. А вось для вершаў, для іх праўдзівасці патрэбна было юнацтва і Алеся, і дарма яны стараюцца выкрасліць яе з творчасці паэта.

Але пра гэта можна шмат думаць і пісаць. Няхай разбіраюцца крытыкі».

Алесь ЛЕСІН

Последние новости

В районе

27 апреля: начальник Хотимского РОВД ответит на ваши вопросы

25 апреля 2026
Читать новость
Актуально

В Хотимском РФСК определили лучших теннисистов

25 апреля 2026
Читать новость
Происшествие

СК выясняет причины смерти 18-летнего парня на школьном стадионе

25 апреля 2026
Читать новость
В мире

Спасатели обнаружили погибшую туристку в горах Бурятии

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Что такое африканская чума свиней

25 апреля 2026
Читать новость
Актуально

Сеть дорог Хотимского района: по пути обновления

25 апреля 2026
Читать новость