Кветкавая прыгажосць – справа, канешне, клопатная

Вуліца Болдзіна, № 27
У нашым гарадку шмат прыгожых дамоў. Добрыя рукі хацімчанак упрыгожваюць пад вокнамі сваіх уладанняў вялікія плошчы рознымі раслінамі. Многія з іх аддаюць перавагу бэзу, жасміну, цудоўным ружам, рознакаляровым астрам, духмяным бархатцам, петуніям і ліліям.
У гэтыя сонечныя, цёплыя дні фарбы палісаднікаў радуюць многіх гараджан. Я таксама паважаю тых людзей, якія дораць прыгажосць і станоўчыя эмоцыі іншым.
Вельмі любіць вырошчваць і даглядаць кветкі Наталля Баброва, якая пражывае з мужам Аляксандрам ў доме № 27 па вуліцы Болдзіна. Яркае, пышнае цвіценне палісадніка бачна здалёк і стварае жыццярадасны настрой. Кветак, як бачна на фота, у яе шмат. Адны растуць у гаршочках каля ўваходу ў дом і на тэрыторыі перад ім, другія на кветкавых градках у палісадніку. Гэта – пяшчотныя петуніі, якія лічацца восеньскімі кветкамі.
З ранняй вясны і да позняй восені Наталля даглядае за кветкамі: праводзіць рэгулярную праполку, палівае, зорка сочыць за іх захаваннем. І ўсе проста абажае. Аляксандр жонцы дапамагае ў многім і ўвасабляе яе ідэі ў жыццё.
Ужо даказана, што праца на агародзе і з кветкамі здымае стрэс. Зробіш нешта карыснае для раслін, і ўсе турботы як рукой здымае. Уход за кветкамі ў жанчыны забірае шмат часу. Таму прыходзіцца ахвяроўвацца чытаннем любімых кніг, сустрэчамі з сябрамі, праглядам навін з сацыяльных сетак – проста іншы раз некалі. Апрача кветак, патрабуюць ухода і астатнія пасадкі – бульба, гародніна, бабовыя культуры. Але ўсё паспявае рабіць гэта працалюбівая жанчына.
Згадзіцеся, што многае ў нашым жыцці залежыць ад нас саміх. У тым ліку і прыгажосць Хоцімска, у якім мы з вамі пражываем. А пачынаецца яна з малога – парадку і акуратнасці, якія – дань павагі да дюдзей і да самога сябе, прыкмета нашай культуры і цывілізаванасці.

Завулак Някрасава, № 10
Пачынаючы з вясны, радуе вока сваімі кветкамі палісаднік дома № 10, што на завулку Някрасава. А пражывае тут працалюбівая сям’я Васіля і Валянціны Паўлючэнкі. Дом выглядае «на выдатна»: яркія фарбы, вялікія пластыкавыя вокны, прыгожая агароджа і бездакорны парадак на прыдамавой тэрыторыі. Як сказалі суседзі, Валянціна любіць займацца кветкаводствам. У палісадніку заўсёды ўсё праполана. Жанчына з густам афармляе яго. Кожнае лета ён ператвараецца ў сапраўднае кветкавае царства. У цяперашні час летнія кветкі ўжо адцвілі. Іх змянілі геаргіны, якія ў народзе называюць каралямі восені.
Пытанні добраўпарадкавання важныя для нашага гарадка. Радуе, што ў апошні час яго жыхары ўсё актыўней уключаюцца ў работу па навядзенню чысціні і парадку каля сваіх домаўладанняў.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара

