Змагайцеся за мір, вартуйце пільна мір!

Традыцыйна ў лютым у школах Беларусі праходзіць Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Гэта дае вучням магчымасць глыбей акунуцца ў беларускамоўнае асяроддзе, дакрануцца да вытокаў нацыянальнай культуры.
Праграма Тыдня беларускай мовы і літаратуры, які праводзіўся ў сярэдняй школе №2 г.п. Хоцiмска, была насычана рознымі мерапрыемствамі: інтэлектуальныя спаборніцтвы, выставы, міні-алімпіяды, творчыя майстэрні.
З мэтай захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, што сталі ахвярамі ў час Вялікай Айчыннай вайны, адбылася чытацкая канферэнцыя “Адлюстраванне генацыду беларускага народа ў айчыннай паэзіі”. Удзельнікамі канферэнцыі сталі вучні старэйшых класаў. Школьнікі пазнаёміліся з асаблівасцямі паэтычных твораў, у якіх адлюстроўваецца тэма генацыду. Падчас работы канферэнцыі былі прачытаны і прааналізаваны вершы беларускіх паэтаў (С. Законнікаў “Хатынь”, А.Вярцінскі “Вечны сон, вечны звон”, А. Куляшоў “Над спаленай вёскай”, У. Караткевіч “Трасцянец”, А. Вялюгін “Трасцянец”, М. Танк “Трасцянец”).

XX стагоддзе застанецца ў гісторыі як адно з самых трагічных, і найперш таму, што гітлераўскі фашызм забраў жыцці дзясяткаў мільёнаў чалавек. Кожны трэці беларус загінуў у полымі суровага ліхалецця. Тэма Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа хвалюе кожнага беларуса.
Памяць пра ахвяр нацызму, увасобленая ў творах мастацтва, у тым ліку і літаратурных творах, дазваляе нам адчуць трагедыю вайны, усвядоміць увесь жах таго часу, убачыць апаленыя вайной душы і зламаныя лёсы людзей. Сучаснае пакаленне беларусаў павінна ведаць праўду пра вайну.
У беларускай літаратуры шмат твораў, прысвечаных трагічным падзеям вайны. Розныя па жанрах, яны даносяць да чытачоў боль, горыч, жыццястойкасць, мужнасць і гераізм беларускага народа, які і ва ўмовах нямецкай акупацыі працягваў змагацца з чужынцамі.
Паэтычныя творы моцна ўплываюць на пачуцці людзей і знаходзяць водгук у сэрцы кожнага чытача. Яны, як набат, будзяць нашу памяць і выклікаюць палкае жаданне адстойваць мір, не дапускаць новага пажару вайны. Вершы, прысвечаныя генацыду беларускага народа, прымушаюць задумацца пра мінулае і сучаснае, пра жыццё і смерць, пра мір і вайну, а таму падказваюць правільны шлях у будучыню.

Спадзяёмся, што чытацкая канферэнцыя “Адлюстраванне генацыду беларускага народа ў айчыннай паэзіі” пакіне след у душах нашага маладога пакалення, а прачытаныя творы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны будуць служыць напамінам аб тым, якой цаной здабыты мір на нашай зямлі.
В.М. Бохан, Т.У. Мірошнікава,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры СШ №2 г.п. Хоцiмска
