Быць поварам у дзіцячым садзе – гэта асаблівая місія

20 кастрычніка адзначаўся Міжнародны дзень повара. Праца повара, канешне, ганаровая і паважаная, але цяжкая. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ў прыгатаванні ежы нічога звышскладанага. На самой справе, у цяні супоў і катлет скрываецца цярпенне, вынослівасць і, канешне, любоў і адданасць стаўшай роднай кухні. Складана ўявіць сабе, як можна вытрымаць летнюю трыццаціградусную спякоту і «зносіны» з распаленай электрычнай плітой. Але для работнікаў кухні гэта не подзвіг, а звычайная справа.
Нядаўна сустрэлася з былым поварам дзіцячага сада № 2 гарпасёлка Зояй Гавароўскай. І вось што яна паведала пры нашай размове. Пасля заканчэння васьмі класаў Юзяфоўскай школы Зоя працягнула вучыцца ў сярэдняй школе Хоцімска. А здаўшы выпускныя экзамены падала дакументы ў адно з прафтэхвучылішчаў горада Мінска. Атрымаўшы будаўнічую прафесію, там і засталася працаваць.
– Напэўна лёс, – усміхаецца Зоя, – бо са сваім будучым мужам Фёдарам, які родам з Гомельшчыны, працавалі ў адной будаўнічай арганізацыі.
У хуткім часе маладая сям’я прыехала на пастаяннае месца жыхарства на Хоцімшчыну. Уладкавалася ў машына-лічыльную арганізацыю.
– У нас расла ўжо дачка, а ў той час цяжка было ўладкаваць дзяцей у дзіцячы сад: чарга вялікая. Вось загадчыца сада № 2 Тамара Пашкоўская і прапанавала працаваць на падмене дэкрэтнага водпуска кухоннай рабочай. Як бы паніжэнне, затое дзіця атрымала месца, – успамінае жанчына. – У вольны ад асноўнай работы час з цікавасцю назірала за работай павароў. А яны іншы раз звярталіся да мяне за дапамогаю. З задавальненнем усё рабіла. Повар Вольга Губко і яе памочніца Раіса Галушка лічыліся добрымі працаўніцамі. Ад іх многаму навучылася. Мне стала падабацца работа повара. Гэта заўважыла загадчыца сада. Пасля курсаў па павышэнню кваліфікацыі стала працаваць поварам.
Праца ў павароў – пазменная. А пачыналася першая змена ў пяць гадзін раніцы і да 13.00. А потым мяняліся. Накарміць трэба было больш трохсот дзяцей. Меню шырокае – першы і другі сняданак, абед, полудзень, вячэра. Нягледзячы на складаную працу повара, Зоя Гавароўская любіць успамінаць аб паварскіх буднях.
– Ведаеце, работа повара – гэта заўсёды кулінарная творчасць. Не ва ўсіх жа дзяцей добры апетыт. А таму повар павінен валодаць не толькі майстэрствам, але і фантазіяй, – кажа яна. – Упрыгожвалі ежу ці то моркваю, ці то зялёным лукам. Малышам падабалася есці кветачкі маркоўныя. У нашай дашкольнай установе асаблівую ўвагу ўдзялялі вітамінізацыі харчавання. Таму выхаванцы сада атрымлівалі і фрукты, і розныя сокі, і салаты са свежай і варанай гародніны.
Зоі Мікалаеўне падабалася, што гатуе для дзяцей. Ёй заўсёды хацелася іх парадаваць смачнай ежай, каб елі ўсе і ніхто галодным не застаўся. Гатаваць жа ежу ўсе могуць, але каб атрымалася смачна, неабходна рабіць гэта з любоўю. Калі гэтага не будзе – выдатна не атрымаецца. Так што самая галоўная прыправа на кухні – любоў. А ў Зоі Гавароўскай яе было ў вялікай колькасці.
Як прызналася мая суразмоўца, адзіны мінус у рабоце – повар пастаянна на нагах, і як бы добра ні працавалі выцяжкі, на кухні заўсёды горача. Але гэтыя цяжкасці можна перамагчы, калі работа падабаецца. А яшчэ я даведалася, што прафесія повара складана і шматгранна. Накарміць дзяцей – справа асобая, патрабуючая вялікай адказнасці. Кожны момант ў прыгатаванні ежы для дзіцячага харчавання павінен быць дакладным: усё вельмі акуратна і па нормам! Для дзяцей – усё толькі самае свежае.
У калектыве яна карысталася заслужаным аўтарытэтам. Нараканняў ніколі не было. Так і працавала поварам да выхаду на заслужаны адпачынак.
Яна і цяпер вельмі актыўны і лагодны чалавек. Любіць прыроду. А работа на прысядзібным участку – для яе вялікае задавальненне… А колькі ўсяго цікавага ў той дзень расказывала аб тонкасцях сваёй былой прафесіі, што для іх пералічэння не хопіць месца на газетнай паласе. І ў тым, што жанчына вельмі любіла сваю работу, няма ніякага сумнення.
На развітанне дадала: «Быць поварам няпроста, а быць поварам у дзіцячым садзе – гэта асаблівая місія».
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара

