Рэанімацыя – гэта вельмі сур’ёзна

Згадзіцеся, што прымаць рашэнне – гэта заўсёды адказна. А што, калі ад правільнасці прынятага табой рашэння залежыць жыццё і здароўе другога чалавека? А што, калі іншы раз на гэта рашэнне даюцца лічаныя хвіліны?
Менавіта такая спецыфіка работы ўрачоў анестызіёлагаў-рэаніматолагаў. А менавіта ў іх руках – крохкая нітка чалавечага жыцця , і кожнае іх дзеянне, кожнае слова, кожны позірк маюць каласальнае значэнне. Без сумнення, кожны, хто прыходзіць у гэту прафесію – чалавек з вялікім сэрцам, неймавернай сілай духа і найглыбейшым чуццём адказнасці. Вельмі справядліва, што такіх спецыялістаў называюць «анёламі-захавальнікамі», застаўшыміся ў цяні.
У пачатку жніўня бягучага года сям’ю ўрачоў Хоцімскай цэнтральнай раённай бальніцы папоўніў малады спецыяліст – Мікіта Зуеўскі.
Хаця і быў ён вельмі занятым у гэтую раніцу, але згадзіўся пагутарыць. Вось што расказаў малады доктар аб сабе.
Ён нарадзіўся і вырас у абласным цэнтры – горадзе Магілёве. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій. Але крыху павучыўшыся, зразумеў, што дарэмна пайшоў сюды вучыцца, што гэта не яго. Таму і паступіў ва УА «Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт». Спецыяльнасць выбраў анестызіалогія і рэанімацыя.
Спытала, а ці былі хто з родзічаў медыкамі?
– Не. Бацькі мае звычайныя людзі. Я першы такі ў пакаленні. І, ведаеце, што адразу з першых дзён вучобы пераканаўся: прыняў правільнае рашэнне, – адказаў Мікіта.
Вучыцца ў медыцынскім універсітэце было займальна: гэта як некая асобная дзяржава, у якой сабраліся людзі з аднолькавымі інтарэсамі.
Паспяхова пасля заканчэння навучальнай установы прайшоў інтэрнатуру. А потым было ўрачыстае ўручэнне дыпломаў. Размеркаванне атрымаў у Хоцімск.
– Першыя ўражанні?
– Ваш невялікі гарадок пакарыў сваёй чысцінёй, спакоем, своеасаблівай прыгажосцю, – кажа малады чалавек.
Памятае ён і свой першы рабочы дзень. Яго пазнаёмілі з выконваючым абавязкі галоўнага ўрача Міхаілам Мікалаевічам Ткачовым, правялі па ўсёй бальніцы,паказалі кабінеты урачоў, бальнічныя палаты, працэдурныя кабінеты, а таксама азнаёмілі з функцыянальнымі абавязкамі. І, канешне ж, прадставілі калектыву рэанімацыі, дзе яму прадстаяла працаваць.
– Калектыў працуе на адну і тую ж мэту. Усе маладыя, – расказвае мой суразмоўца. – Прынялі мяне калегі цёпла. Яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, усе спагадлівыя, а кіраўніцтва бальніцы аказала істотную падтрымку: выдзелілі мне арэнднае жыллё. Часта задумваюся: «А чаму стаў менавіта анестызіёлагам-рэаніматолагам? У медыцыне ж шмат спецыяльнасцей. А праўда ў тым, што мне цікава там, дзе няпроста. Вельмі ўдзячны сваім калегам за каласальную падтрымку, спагадлівасць. Для маладога спецыяліста гэта вельмі важна.
Працаваць у рэанімацыі складана. Работы кожны дзень тут заўсёды праз край. Шмат дакументаў, якія трэба запаўняць, чакаюць абхода пацыенты. Таму ў гэтым аддзяленні не павінна быць мітусні. Усё павінна быць пад кантролем.
– Рэаніматалогія ў шырокім сэнсе слова – гэта навука пра выратаванне жыццяў. Урач такой кваліфікацыі амаль адразу бачыць вынік прац, – кажа Мікіта Сяргеевіч. – Мне прыемна ўсведамляць, што дапамагаю вяртаць у жыццё людзей. А паступаюць да нас іншы раз вельмі цяжкія хворыя з інфарктамі, інсультамі, пнеўманіяй і інш.
У канцы размовы Максім Зуеўскі сказаў, што папаў у лепшы калектыў медыкаў, і вельмі рады магчымасці тут працаваць.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота аўтара
