У сацработніка Любові Файзулаевай асаблівы склад душы

Сацыяльны работнік – прафесія, якая патрабуе нямала фізічных і эмацыянальных затрат. Працаваць у гэтай сферы няпроста, бо далёка не кожны чалавек здольны раздзяліць чужую боль, прадтрымаць, прадстаўляючы пры гэтым поўны «набор» сацыяльных паслуг. Таму большасць з сацыяльных работнікаў выбралі прафесію па закліку душы і сэрца.
Любоў Файзулаева родам з вёскі Ліпаўка. Пасля заканчэння васьмі класаў сярэдняй школы паехала вучыцца ў Суражскае прафтэхвучылішча швейнікаў. Адпра цаваўшы два гады ў Клінцах па спецыяльнасці, вярнулася на малую радзіму. Нейкі час працавала ў швейнай майстэрні ад Мсціслаўскага камбіната бытавога абслугоўвання ў Хоцімску, дзе шылі рабочую спяцоўку. Але так здарылася, што адбылося скарачэнне штата.
– Мне падказалі знаёмыя, што патрабуюцца сацыяльныя работнікі для абслугоўвання адзінокіх састарэлых людзей у Хоцімскім аддзеле сацыяльнай абароны.
Для мяне, маладой дзяўчыны, гэта работа была новай не зусім зрузумелай. Але больш вопытныя калегі ўвялі ў курс спраў, – расказвае Любоў Мікалаеўна.
З тае пары ўжо мінула аж 32 гады! Зараз яна абслугоўвае восем пенсіянераў ва ўзросце ад 60 гадоў і старэй. А вось, напрыклад, Праскоўі Антонаўне Азаранка споўнілася ўжо 90 гадоў. Усе падапечныя пражываюць ў Ліпаўцы. А раней было шмат людзей, якія карысталіся паслугамі сацыяльнага работніка ва Узлогах.
Сваіх падапечных яна ласкава называе «мае бабулькі».
– Яны ў мяне самыя лепшыя, і ўжо сталі самымі блізкімі мне людзьмі, – працягвае мая суразмоўца.
Яна адносіцца да іх з вялікай павагай і любоўю, як да сваіх старэйшых і мудрых настаўнікаў, амаль як да бацькоў. Ніколі паміж імі і ёй не ўзнікае ніякіх канфліктаў. Састарэлыя людзі чакаюць Любоў Мікалаеўну як самага дарагога госця.
Работа з пажылымі людзьмі патрабуе вялікага цярпення, гатоўнасці прыйсці на дапамогу. А яны, у сваю чаргу, навучылі ўменню рашаць цяжкія жыццёвыя сітуацыі. А самае галоўнае, жанчына навучылася цаніць кожны пражыты дзень. За доўгія годы працы з пенсіянерамі склаліся цёплыя, даверлівыя адносіны. Як можна кінуць сваіх падапечных? Як ад іх адарвацца? – здзіўляецца сацыяльны работнік Файзулаева. Таму нават у час водпуску не забывае пра пажылых людзей, па магчымасці, заглядвае ў госці, ці звоніць па тэлефоне.
Рабочы дзень пачынаецца рана: летам з васьмі гадзін раніцы, а ў зімовы час з дзевяці і да 17.00. Іншы раз наведвае бабулек і ў выхадныя дні. Што ўваходзіць у яе абавязкі? Купляе ў аўталаўцы прадукты харчавання, калі патрэбна – лекі, робіць уборку ў доме, прыносіць ваду, дровы. Іншы раз дапамагае ў прыгатаванні ежы.
– Прыйшлося за гэтыя гады абслугоўваць людзей, якія не маглі па стану здароўя самі нічога рабіць. Так што і мыла іх, і займалася мыццём адзення і пасцельнай бялізны. Прасілі дапамагчы на агародзе ці пасадзіць градкі, ці іх прапалоць, убраць вырашчаны ўраджай – ніколі не адказвала, – кажа Любоў Мікалаеўна. – А яшчэ вось што. У афіцыйным спіску сацыяльнай дапамогі няма паслугі пад назвай «Выслухаць усё, што набалела». Але, паверце, без гэтага не абыходзіцца ні адзін візіт да падапечных. Многім пажылым людзям, акрамя як сацработніку, іншы раз раскрываць душу проста некаму.
Летам дабіраецца да сваіх бабулек на веласіпедзе, які выдзелены ад раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Зручна, бо можна і сумкі павесіць: не трэба іх несці ў руках. Зімой, канешне, па снезе не паедзеш, а тыя ж сумкі яна на руль павесіць, і коціць веласіпед па дарозе.
Як сказала ў ходзе нашай гутаркі, яшчэ складаней бывае маральна. Колькі кліентаў – столькі і характараў. Але знаходзіць з кожным агульную мову. Ды і пенсіянеры паспелі прывыкнуць да яе. Канешне, каб заслужыць добрыя адносіны да сябе, трэба добрасумленна і з любоўю працаваць, быць міласэрнай, цярплівай, уважлівай, ласкавай, умець падтрымаць патрэбным словам, узняць настрой, каб пажылы чалавек зразумеў, што ён, як і раней, патрэбен. А гераіня матэрыяла валодае ўсімі гэтымі якасцямі.
***
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сацыяльнай абароны ва ўрачыстай абстаноўцы Любові Мікалаеўне Файзулаевай уручана Ганаровая грамата камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама.
Наталля КАЦЯШОВА.
Фота Іны Дзмітрачковай

