Темы

Што за свята Бабіны кашы?

Што за свята Бабіны кашы?

Завітаўшы ў госці да бабулі, можна шмат разоў пачуць, што не памятаем мы, сучаснае пакаленне, культуры сваёй і гісторыі.
І вось аднойчы я задалася мэтаю даведацца ў яе, чаго ж такога мы не ведаем. Пачуўшы гэтае пытанне, вусны бабулі кранула ўсмешка.
– А ці ведаеш ты свята Бабіны кашы? – запытала яна ў мяне.
Сорамна казаць, але гэтую назву, на той момант, я чула ўпершыню, а бабуля ў гэтым і не сумнявалася, таму і распачала свой аповед:
– Яшчэ мае бацькі расказвалі пра гэтае свята, якое прыпадала на восьмае студзеня. На жаль, гэтая назва ўжо нікому ні пра што не кажа, але раней гэтае свята распаўсюджвалася амаль на ўсе славянскія краіны, і не было чалавека, які б не ведаў яго, бо Бабіны кашы каранямі сыходзяць да шанавання багінь-маці Лады і Макошы.
А шанавалі ў гэты дзень павітух, бо павівальная справа – гэта адна з самых старажытных галін народнай медыцыны. Казалі “Бабка павівальная – у вёсцы ўсім радня дальняя”, таму што ні адны радзіны не абыходзіліся без павітухі. Бабка пасабляла парадзісе і была яна, як казалі, з рукамі. Ведаючы старажытныя звычаі, бабка ведала сваю справу. Бабканне – павіванне – заўсёды суправаджалася добрым словам і добрымі малітвамі. Адымляючы парадзіху, запаліўшы бярозавую лучыну і падпальваючы палын з травой сухацвета, бабка радзела аб лёгкіх радзінах. Але зусім не кожнай жанчыне давяралася складаная і адказная задача прыняцця родаў. Па-першае, яна павінна была быць у сталым узросце, павіванне нават і называлася «бабканнем». Па-другое, павітухай магла стаць толькі тая, што сама нарадзіла шмат дзяцей. Не дапускаліся жанчыны, якія заплямілі свой гонар шлюбнай здрадай ці былі са сварлівым характарам. Бо лічылася, што ад бабкі-павітухі нованароджаны пераймае шмат якасцей.
А свята Бабіны кашы называлася таму, што бабка-павітуха гатавала кашу дзеля парадзіхі і адводзілася ёй пэўная абрадавая роля пры нараджэнні дзіцяці. Напрыклад, каб папярэдзіць нізкаросласць дзіцяці, бабка падымала гаршчок з кашай, прыгаворваючы: «Расці высока-высока». Каб немаўля як мага хутчэй стала на ногі, старэйшым дзецям таксама ўручаўся гаршчок з кашай: яе належала з’есці на вуліцы, а ў пусты гаршчок пасадзіць пеўня або курыцу (адпаведна полу нованароджанага). У гэты дзень стрыглі першыя валасы дзецям, а ў памяць памерлых ставілі Роду і Рожаніцам асаблівую трапезу. Акрамя таго, па бабінай кашы варажылі на лёс: калі ў час падрыхтоўкі каша вылазіла з чыгуна ў бок печы – сям’я разлічвала на добры, шчаслівы і жыватворны год, у адваротным выпадку – рыхтавалася да непрыемнасцей. Але, як казалі, іх можна было пазбегнуць, калі адразу кашу гэтую разам з гаршчком у палонцы ўтапіць. Вось гэты рытуальны пачастунак, які вырабляўся паўсюдна, і даў назву святу – Бабіны кашы.
У гэты святочны дзень жанчыны, якія мелі дзяцей, прыходзілі да бабак-павітух і абавязкова не з пустымі рукамі, а прыносілі падарункі і пачастункі: хатняе піва або наліўку, пірагі, бліны. Прыходзілі з дзецьмі, каб бабкі іх блаславілі. Асабліва рэкамендавалася ў гэты дзень хадзіць да бабак будучым маці і маладым дзяўчатам. Амаль у кожнай хаце ў гэты дзень гаспадыні-маці прыгожа накрывалі на стол, гатавалі няцотную колькасць страў, і адбывалася вячэрняя агульная трапеза з бабінай кашай, якая ў гэты дзень, у адрозненні ад звычайнай, была «багатай»: сытнай і вельмі смачнай. Для яе не скупіліся на такія дабаўкі, як малако, вяршкі, алей, яйкі. Гатовую кашу ўпрыгожвалі макам, ягадамі, арэхамі, палоўкамі яек, запякалі ў ёй курыцу або пеўніка, у залежнасці ад таго, хто нарадзіўся ў сям’і: дзяўчынка або хлопчык. Наведванне і сумесная ежа з бабкамі-павітухамі часам праходзіла з вечара «да белага святла». За сталом усе весяліліся і жартавалі. Сама павітуха часам праводзіла рытуалы, якія павінны былі дапамагчы жанчынам мець больш дзяцей: карміла кашай з лыжкі, суправаджаючы дзейства малітвай.
А яшчэ ў гэты дзень уважліва сачылі за надвор’ем. Казалі: “Калі ясны день на Кашы, будзе ўраджай проса добры”, “Калі каша ў печы падрумяніцца – будзе снег”, “А калі крык варон і галак бесперапынны, абяцае гэта завеі і снегапады”. Вось такое свята.
Пасля такіх размоў робіцца сумна…Мы сапраўды не ведаем шмат свят і традыцый, гэта напэўна таму, што наша жыццё не стаіць на месцы, сыходзіць у гісторыю шмат прафесій і ранейшы ўклад жыцця. Але гэтыя традыцыі і звычаі старажытнасці здзіўляюць сваёй прыгажосцю. Давайце паспрабуем захоўваць іх як мага даўжэй, бо гэта ў нашых сілах …
Дар’я Корнева

Последние новости

БелТА: в стране и мире

Лукашенко требует от КГБ решительно пресекать деятельность иностранных спецслужб на территории Беларуси

20 мая 2024
Читать новость
В мире

Два человека погибли и десять ранены при нападении в школе в Китае

20 мая 2024
Читать новость
В мире

В Украине электроэнергия подорожала за год почти на 70%

20 мая 2024
Читать новость
БелТА: в стране и мире

Лукашенко видит перспективы, чтобы существенно добавить в сотрудничестве с Магаданской областью

20 мая 2024
Читать новость
БелТА: в стране и мире

“Эбрахим Раиси был настоящим другом Беларуси”. Лукашенко направил соболезнование в связи с гибелью Президента Ирана

20 мая 2024
Читать новость
Экономика

Делегация Могилевской области продолжает свой визит в Китай

20 мая 2024
Читать новость
Общество

12 случаев ВИЧ-инфекции зарегистрировано в Могилевской области в апреле

20 мая 2024
Читать новость
Общество

В фокусе внимания – порядок на селе

20 мая 2024
Читать новость
Актуально

Вторая лига Беларуси по футболу Хотимск-Костюковичи состоялась на городском стадионе

20 мая 2024
Читать новость
Актуально

Помочь в строительстве музея в Буйничах может каждый житель Беларуси

20 мая 2024
Читать новость

Рекомендуем

Актуально

В Хотимске состоялся велопробег, приуроченный к празднованию Дня Победы

9 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Хотимщина отмечает 9 Мая

9 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Флешмоб “Победный май”

9 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Хотимск 9 Мая в лицах (фото)

9 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Фотофакт: Празднование Дня Победы в Хотимске началось с “Вальса Победы” и выступления мажореток на площади Ленина

9 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Хотимчане присоединились к празднованию Дня Великой Победы (фото)

9 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Стихи хотимских поэтов ко Дню Победы

8 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

В День Победы хотимчане у Братской могилы почтили память погибших в годы Великой Отечественной войны (фото)

9 мая 2024
Стрелка вверх